Прызнаюся шчыра: едучы ў Кузьмічы, думала, што сустрэнуся з нямоглым чалавекам (як-ніяк за дзевяноста!), якому няпроста ўжо штосьці прыпамінаць, расказваць. А насустрач мне на ганак дагледжанай хаты выйшаў, абапіраючыся на кіёчак, даволі маладжавы чалавек. Ён падрыхтаваўся да нашай сустрэчы, апрануўся ў святочны пінжак са шматлікімі ўзнагародамі. У промнях яркага майскага сонца зіхацелі медалі, лёгкі ветрык перабіраў пабеленыя часам і выпрабаваннямі валасы ветэрана… Вось і яшчэ адзін май – мірны, светлы – сустракае ён, сведка і непасрэдны ўдзельнік той вайны, памяць і боль пра якую жывуць і будуць жыць у людскіх сэрцах.
Міхаіл Іванавіч нарадзіўся і вырас тут, у Кузьмічах. Пяцёра дзяцей было ў бацькоў, усе працавалі на гаспадарцы. З маленства навучыліся араць, сеяць, касіць, жаць – усяму таму, што было і застаецца галоўнымі клопатамі сялян.
– Калі пачалася вайна, мне ўжо ішоў дзевятнаццаты год, – прыгадаў Міхаіл Іванавіч.
– Памятаю, у сорак другім солтыс назначаў людзей для адпраўкі на працу ў Германію. Канешне ж, забіралі маладых, моцных. Вось і я трапіў у іх лік. Калі хто паспрабуе ўцячы, не з’явіцца на зборны пункт, то пагражалі расстрэлам. І яму, і сям’і. Памятаю, сабралі нас у Вілейцы да будынкаў пустых зернебаз. Вось-вось адправяць… І тут мне ў гэтай шматлюднай таўкатні ўдалося ўцячы: спачатку за вугал будынка захінуўся, ахоўнік, бачу, гэтага не заўважыў – і я рушыў далей. Прыбег дамоў, звязаўся з партызанамі. Ведаў, што чакае мяне і родных за гэтыя ўцёкі, таму сям’ю хуценька вывез у партызанскую зону, а сам – ваяваць. Год партызаніў у брыгадзе імя Даватара: разбіралі рэйкі, падрывалі цягнікі, хадзілі ў разведку… Зведалі і голад, і холад, бо жылі ў лесе. Асабліва цяжка было зімой.
Калі ў сорак чацвёртым Беларусь была вызвалена, Міхаіл Квяткевіч трапіў на Другі Беларускі фронт, які з баямі прайшоў праз Польшчу да Кенігсберга. Дарагой цаной – жыццямі многіх салдатаў – заплацілі за яго ўзяцце, якое, як ужо сказана вышэй, адбылося якраз у дзень нараджэння Квяткевіча. Яму пашчасціла выжыць у той вогненнай віхуры і ісці далей – на Гданьск, да Одэра. Там і Дзень Перамогі сустрэлі. Смяяліся і плакалі, абдымаліся і цалаваліся, як самыя родныя людзі…
– Яшчэ два гады, да восені сорак сёмага, я служыў у арміі, – прыгадаў ветэран. – Быў на Каўказе. А ўжо пасля прыехаў дамоў. Столькі радасці было! І адразу ж за работу – у калгас, дзе і адпрацаваў усё жыццё. Нават і пенсіянерам яшчэ дзесяць гадоў, на адпачынак выйшаў у семдзясят. Акрамя ваенных узнагарод, маю званні заслужанага калгасніка і ўдарніка дзявятай пяцігодкі, ганаровыя граматы, падзякі.
Цёпла, з вялікай пашанай,прыгадаў Міхаіл Іванавіч сваю жонку, Зінаіду Антонаўну, якой, на вялікі жаль, ужо даўно няма на гэтым свеце.
– Яна з нашай вёскі была родам, амаль што суседка, – расказаў ветэран. – Прыгажуня такая, я, калі вярнуўся са службы, адразу закахаўся. Хату гэту мы самі будавалі, дваіх дзяцей выгадавалі. Ды вось бяда: жонкі не стала, а праз некалькі гадоў і дачушка наша, Таіса, памерла. Вывучылася яна ў нас, атрымала вышэйшую адукацыю, а пасля захварэла… У сорак восем гадоў памерла. Застаўся ў мяне толькі сын Генадзь, двое ўнукаў і двое праўнукаў. Прыязджае сын, дапамагае з агародам упраўляцца,па гаспадарцы. Дзякуй і сацыяльнаму работніку, што двойчы на тыдзень наведваецца і дапамагае мне ва ўсім. Ды і сам яшчэ, дзякуй Богу, стараюся кратацца. Гаспадарку сваю – курэй ды сабачку – у сілах дагледзець, расаду памідораў пасеяў… Пацяплела, хутка брацца за агарод.
Як самую дарагую рэліквію захоўвае Міхаіл Іванавіч фотаздымкі сваёй маладосці. На іх ён разам з сябрамі-салдатамі. Маладыя, прыгожыя, з медалямі на грудзях…
– Вось гэта фота зроблена адразу пасля вайны, падчас службы ў Сочы, – паказаў ён на адзін здымак. – Я сяджу, а побач стаіць Валодзя Гатоўка, хлопец з Каловічаў. Няма ўжо ў жывых, памёр… Ды ўжо і нікога не засталося з тых землякоў, з кім давялося ваяваць і служыць…
Правесці мяне Міхаіл Іванавіч выйшаў аж на вуліцу. Тут жа, ля хаты зрабіла здымак ветэрана. І пакуль за дрэвамі не схавалася сядзіба Квяткевіча, бачыла, што былы франтавік стаяў ля веснічак,праводзіў нас поглядам. У промнях сонца блішчэлі-пераліваліся яго ўзнагароды – сведчанне гераічнага мінулага.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Іванавіч Квяткевіч; адразу пасля вайны – з сябрам Уладзімірам Гатоўкам.
Фота аўтара і з архіва Міхаіла Квяткевіча