Міліцыя возьме пад кругласутачную ахову памяшканні для галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі пасля паступлення бюлетэняў.
Намеснік кіраўніка МУС адзначыў, што такі парадак існуе ў Беларусі ўжо не першы год. Ён таксама нагадаў, што ў ходзе галасавання супрацоўнікам міліцыі нельга ўмешвацца ў гэты працэс, а займацца менавіта аховай правапарадку. У прыватнасці, вартавы парадку не можа знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад урны для галасавання, удзельнічаць у выдачы бюлетэняў, стаяць каля кабінкі для галасавання. Ён не можа ўмешвацца ў падлік галасоў, апячатванне урнаў і г.д.
Акрамя таго, у час дзяжурства на ўчастках у начны час супрацоўніка міліцыі маюць права кантраляваць начальнік органа ўнутраных спраў або старшыня выбаркама. На кожным участку ёсць спецыяльная кніга ўліку, у якой міліцыянер распісваецца, калі перадае дзяжурства іншаму супрацоўніку.
Яўген Полудзень паведаміў, што за апошнія гады былі зафіксаваны асобныя выпадкі, калі ўначы ў памяшканні для галасавання ламаліся п’яныя або разбівалі там шкло. Намеснік міністра нагадаў, што акрамя дзяжурства на ўчастках міліцыя пяройдзе і на ўзмоцнены варыянт службы на вуліцах.
БелТА







