У мінулую суботу, 29 красавіка, Вілейская гімназія №1 «Логас» сустракала гасцей – менавіта тут адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!» – такі яго лозунг. Конкурс прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пачатак якога звязаны з імем Францыска Скарыны. Першадрукар, асветнік, гуманіст, вучоны-медык, пісьменнік і не толькі – гэта ўсё ён, славуты сын Полацка і ўсёй беларускай зямлі. Спадчына, пакінутая Скарынам, – нацыянальны скарб, дарагая рэліквія, – пра гэта нагадала прысутным вядучая мерапрыемства Алена Балуш. Таму і гучалі ў выкананні школьнікаў Вілейшчыны творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя першадрукару Францыску Скарыне.
Удзельнікі – навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і раёна – былі падзелены на чатыры ўзроставыя катэгорыі. Па ўмовах конкурсу іх выступленні ацэньваліся па трох крытэрыях: глыбіня і пранікненне ў вобраз і сэнс твора, выбар тэксту твора, артыстызм выканання. Таму перад журы стаяла надзвычай адказная задача. У яго склад увайшлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Пуцэйка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Бадзеева, члены абласнога аддзела грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Віктар Кажура і Уладзімір Цанунін, загадчыца аддзела маркетынгу ДзУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік» Іна Лазар.
Ад мала да вяліка – згодна гэтаму ўзроставаму крытэрыю ўдзельнікі конкурсу выходзілі на сцэну. Кожнае выступленне гучала своеасабліва, нават калі гэта быў адзін і той жа верш. Музычны акампанемент, удала падабраны касцюм, па-майстэрску расстаўленыя паўзы, удалая інтанацыя ці своечасовы жэст – такія прыёмы рабілі непаўторным кожнае выступленне.
Мала проста вывучыць верш на памяць – трэба найперш зразумець яго і данесці слухачу так, каб і той не застаўся раўнадушным да твора. Каму даводзілася быць на месцы юных чытальнікаў, разумее гэта, а таксама тыя эмоцыі, якія пануюць у дзіцячай душы ў момант выступлення. Вопытнае журы пільна ўлічвала ўсё. У першай узроставай катэгорыі дыплом першай ступені ў Ксеніі Шалуха, вучаніцы чацвёртага класа Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця, дыплом другой ступені ў Дар’і Сарокінай, вучаніцы чацвёртага класа Вілейскай гімназіі №2, дыплом трэцяй ступені ў Ангеліны Прохаравай, вучаніцы першага класа пачатковай школы №6 г. Вілейкі.
У другой узроставай катэгорыі лепшымі сталі наступныя вучні: дыплом першай ступені атрымала пяцікласніца Дзіяна Гіль з Вілейскай гімназіі №1 Логас, дыплом другой ступені – Валерыя Ілларыёнава, пяцікласніца Нарацкай школы, дыплом трэцяй ступені – пяцікласніца Валерыя Шыцік з Вязынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. У трэцяй узроставай катэгорыі месцы размеркаваліся такім чынам: дыплом першай ступені атрымала Агата Шкелка (8 клас, Даўгінаўская сярэдняя школа), дыплом другой ступені – Аліна Пыско (7 клас, гімназія №2), дыплом трэцяй ступені – Ульяна Вярбіцкая (8 клас, Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця). У чацвёртай узроставй катэгорыі лепшым стаў Артур Броўка (9 клас, Вілейская гімназія №1 «Логас»),у яго дыплом першай ступені, дыплом другой ступені ў Яўгеніі Ляшкевіч (9 клас, сярэдняя школа №3 г. Вілейкі, дыплом трэцяй ступені ў Арсенія Максімава (9 клас, Вілейская гімназія №2). Усе дыпламанты прадставяць Вілейшчыну на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца 6 мая. А заключны этап рэспубліканскага конкурсу адбудзецца напярэдадні або ў Дзень беларускага пісьменства, які сёлета будзе адзначацца ў Полацку.
Вынікі конкурсу вызначала не толькі перамога. Галоўнае тое, што школьнікі чыталі творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, і ў актавай зале гімназіі «Логас» гучала прыгожае беларускае слова – слова пра Скарыну.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА