Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Таццяне Захарыч уручылі знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» на мерапрыемстве, прысвечаным яе 55-годдзю

Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што Таццяну Захарыч, дырэктара Цэнтра эстэтычнага выхавання, на Вілейшчыне ведаюць усе. І не толькі па яе асноўнай рабоце. Таццяна Мікалаеўна – чалавек высокай культуры, творчы, нераўнадушны, адкрыты, усёй душой адданы роднай Вілейшчыне. А такія людзі заўсёды ідуць па жыцці годна, светла, дорачы гэтае святло ўсім тым, хто побач. На днях у Таццяны Мікалаеўны была чарговая адметная дата, з якой яе шчыра віншавалі і кіраўніцтва раёна, і калегі, і падначалены калектыў, і ўсе тыя, хто яе ведае. У рабочым кабінеце дырэктара, упрыгожаным мноствам кветак, і адбылася наша размова. Таццяна Мікалаеўна ведьмі цікавы расказчык і субяседнік і слухаць яе, гутарыць з ёй можна бясконца – час ляціць непрыкметна. Гаварылі мы пра многае. Асноўным і, на маю думку, самым цікавым з расказаў маёй субяседніцы хочацца падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.

Карані

Мае бацькі нарадзіліся на Віцебшчыне, аднак так склалася жыццё, што іх другой радзімай стала Вілейшчына. Мама, Генрыета Мікалаеўна Буткевіч, была педагогам, тата, Мікалай Цімафеевіч, працаваў урачом. Людзі, якія ўсім сэрцам  былі адданыя сваёй справе і людзям. Гэтаму яны вучылі і нас, дзяцей. А яшчэ абое былі творчымі асобамі, любілі добрую песню, многа чыталі  як беларускую, так і замежную класіку. Берагу як святыню кнігу Быкава, якую тата падарыў мне і цёпла падпісаў. Ён любіў і ведаў і Васіля Быкава, і Уладзіміра Караткевіча, і Алеся Адамовіча… Ды і рускіх класікаў, памятаю, чыталі мы з дзяцінства ўсёй сям’ёй… І заўсёды ў доме гучала музыка! У такой атмасферы дабрыні, творчасці я расла.

Школа

Сярэднюю школу № 3, дзе я вучылася, называю храмам навукі. Ніколі не забуду тых педагогаў, у якіх мне пашчасціла вучыцца, а пазней і побач працаваць. Шаноўныя дырэктары школы І. С. Рынкевіч, М. Р. Собаль, С. А. Чэшык, А. І. Гарчакова… Настаўнікі Г. С. Андрэева,М. С. Рынкевіч,В. І. Лаўрыновіч, З. В. Вайцяхоўская,І. І. Лашутка (з яго вершаў пачалася мая аўтарская песня),А. І. Палубісак,  П. М. Грыбоўская, І. В. Брацук і іншыя. Многіх з іх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Якія цудоўныя ўрокі давалі гэтыя педагогі, як абуджалі яны самыя патаемныя струны юных душ! І гэта, канешне ж,  не магло не паўплываць на наша  светаўспрыманне і ўвогуле развіццё. Ды і ў музычнай школе, дзе я вучылася, лёс звёў з такімі ж апантанымі сваёй работай педагогамі. Н. М. Івасік, З. С. Наўрось, І. Ф. Каробчыц, М. Я. Трыдзенскай, А. І. Лях, Т. М. Лісюнінай. Іх памятаю і люблю.

Родная школа – гэта і цікавыя экскурсіі, і праца ў саўгасе, і адпачынак у «Артэку» і ў «Лясной казцы», і нашы вакальна-інструментальныя ансамблі, і наша таленавітая паралель 1979-га года выпуску.

Інстытут

Да заканчэння школы я ўжо цвёрда ведала, што звяжу сваё жыццё з культурай. Паступіла ў тагачасны педагагічны інстытут імя Горкага на музычна-педагагічны факультэт. Студэнцкія гады запомніліся цікавымі сустрэчамі са знакамітымі людзьмі, штодзённай шматгадзіннай падрыхтоўкай, заняткамі спортам і бальнымі танцамі, цікавай педпрактыкай у «Лясной казцы»…  Я ведала: пасля вучобы абавязкова вярнуся на родную Вілейшчыну. Так  і атрымалася. Пасля інстытута я зноў прыйшла ў родную трэцюю школу, толькі ўжо ў іншай якасці. Побач былі мае любімыя настаўнікі і вучні, якім я заўсёда старалася і стараюся аддаваць не толькі свае веды, але і часцінку душы.

Па шляху творчасці

Затым былі прыемныя перамены ў асабістым жыцці – замужжа, нараджэнне дачушкі Вікторыі. Усё гэта цешыла і давала новыя сілы для развіцця. Мне хацелася далей і далей рэалізоўвацца ў творчасці. На той час я ўжо працавала ў школе мастацтваў, якой кіраваў  заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь А. А. Шагаў. Былі незабыўныя канцэрты, удзячныя слухачы і сапраўдныя таленты побач: В. В. Шчогалеў,Ф. М. Гур,Г.А. і Ю. А. Ляйко,Т. Г. Жук, У. А. Лапцік, Л. М. Шагава і многія іншыя.

А пасля было прынята рашэнне аб стварэнні Цэнтра эстэтычнага выхавання ў рамках рэспубліканскага эксперыменту па эстэтычным выхаванні дзяцей і падлектаў,які праводзіўся ў Мінскай вобласці. Яго мне даверылі ўзначаліць. Гэта быў эксперымент, не было яшчэ ніякай нарматыўнай базы, і ўсё трэба было даказваць сваёй працай. Дарэчы,  кіраўніцтва раёна розных гадоў (а гэта У. І. Глушкоў, Я. І. Язінскі, П. М. Юдо, Я. В. Сініла, В. І. Кот) з разуменнем ставіцца да нашай дзейнасці і заўсёды падтрымлівае. Як і  нашы непасрэдныя кіраўнікі раённага аддзела культуры розных гадоў С. С. Трыдзенскі, К. Б. Шымакоўская, С. Ф. Паўлоўскі, былы начальнік аддзела адукацыі Я. П. Кулінковіч, з якім пачыналі супрацоў-ніцтва.

IMG_6310

 Сёння наш Цэнтр – адзіная клубная ўстанова ў вобласці, якая захавала сваю назву і мае свой адметны почырк. Цэнтр – гэта 14 клубных фарміраванняў, тры з якіх – з найменнем «народны». За гады існавання мы арганізавалі мноства выстаў у дзяржаўныя музеях Беларусі, чатыры разы наш тэатр «Таленцікі» і студыя “Вілейскія забаўлянкі” прадстаўлялі Вілейшчыну на фестывалі «Тэатральнае кола Падмаскоўя» ў Мажайску,прынялі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах не толькі на вілейскіх падмостках, але і за межамі маленькай радзімы, рэалізавалі шэраг шырокамаштабных праектаў (сярод іх – «Незабыўныя імёны Вілейшчыны», «Ствараем гісторыю разам», «Славутыя землякі» «Вілейская хваля»)… У нас працавалі і працуюць таленавітыя людзі. З удзячнасцю называю Г. Дземяшкевіч, І. Г. Есіс, І. В. Занкевіч, С. М. Хазаву,А. Г. Шахрай,А. Р. Судніковіч, Г. Я. Гуркіну, Л. Г. Курц,Т. Л. Баслык,Л. А. Арол, З. С. Пруднікаву, С. А. Петух, В. М. Бабурыну і многіх іншых. У нас няма неталенавітых наведвальнікаў. Цэнтр – гэта мой шлях у аўтарскую песню,наша агульнае дзецішча «Элегія», у якой на сёння ўжо шэсць дыскаў і мноства цікавых праграм не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Традыцыйная беларуская культура, народныя традыцыі –  гэта таксама наша ўстанова, наша праца, пазначаная мноствам дыпломаў і грамат. І за ўсім гэтым  – сумесныя намаганні многіх людзей, з якімі мне пашчасціла працаваць і сябраваць. Гэта А. В. Рогач, А. І. Капцюг, Б. Б. і В. П. Цітовічы, С. У. Карпушын, В. А. Коласава, В. А. Лапко, Р. П. Соніч, М. М. Пацко, Ж. П. Барткевіч і іншыя.

IMG_6251
Ад аўтара. Яшчэ пра вельмі многае гаварылі мы з Таццянай Захарыч: і пра супрацоўніцтва Цэнтра з установамі культуры і адукацыі не толькі раёна, але і сталічнымі, з нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніяй, арганізацыямі і прадпрыемствамі; пра плённую дэпутацкую дзейнасць, і пра дарагіх сэрцу людзей. Таццяна Мікалаеўна называла  вельмі многіх тых, хто дапамагаў ёй на шляху станаўлення і каму яна ўдзячна; мноству вядомых віляйчан – колішнім і сённяшнім – якія прысвяцілі жыццё развіццю нацыянальнай культуры, захаванню набыткаў нашых продкаў. І, вядома, не забылася з вялікай павагай узгадаць чалавека, дзякуючы якому зразумела сапраўдны сэнс жыцця, набыла духоўную моц і жыццёвы стрыжань  – былога Благачыннага Вілейскай акругі мітрафорнага протаіерэя Сімяона Мацюха. У супрацоўніцтве з Праваслаўнай царквой, з храмам Прападобнай Марыі Егіпецкай, у свой час пачаўся праект «Святло  Ражджаства Хрыстовага», які стаў традыцыйным. Віляйчане ўпэўнены: толькі за адзін гэты праект Таццяна Захарыч заслугоўвае вялікай падзякі і пашаны. І ў яе гэта ёсць. Вось і ўручаны ёй нядаўна знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» пацвярджае гэта. Яна ж на гэта адрэагавала  сціпла: маўляў, не дзеля падзякі і славы працую, а для таго, каб нашы дзеці, моладзь, усе мы памяталі сваю культуру, захоўвалі спаконвечнае і перадавалі нашчадкам.  І гэта не высокія словы, гэта – сэнс усяго яе жыцця.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО.
Фота Сяргея ГАНЧАРА

IMG_6300

IMG_6292

IMG_6283

IMG_6276

IMG_6268

IMG_6258

IMG_6254

IMG_6306

IMG_6279

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries