З самага ранку неба палохала цёмнымі хмарамі і даволі сцюдзёным ветрам. Здавалася, што вось-вось выпадзе мокры снег, пра які папярэджвалі сіноптыкі. На шчасце, не збылося, а неўзабаве надвор’е пачало лагаднець, і вось ужо з-за хмар паказалася сонейка… Звычайны вясновы дзень, які, кажуць людзі, год корміць… Каб паглядзець, чым цяпер заняты вяскоўцы ў клопатах пра будучы ўраджай, мы з самага ранку выехалі на Іжаншчыну, у ААТ «Чурлёны». Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Грымбоўскі, які толькі месяц на гэтай пасадзе, быў заняты неадкладнымі справамі, таму сустрэцца з ім нам не ўдалося. Ды гэта не бяда. Малады кіраўнік толькі пачынае працаваць у нашым раёне, таму добрых падстаў для сустрэч з ім, верыцца, будзе нямала. Адна, дарэчы, ужо ёсць: «Чурлёны» – гаспадарка, якая сёлета ў ліку першых у раёне распачала сяўбу. Вось і гэтай раніцою на мехдвары ў Іжы працаўнікі рыхтаваліся да выезду ў поле. Начальнік участка Уладзімір Дрозд даваў механізатарам нейкія ўказанні, абмяркоўваў з імі дзённы план. Тут мы сустрэліся з вядомым механізатарам гаспадаркі Валерыем Місюлём, які шчыруе на гэтых палетках больш за чвэрць веку.
– Цяпер заняты на сяўбе яравой пшаніцы, – растлумачыў нам Валерый Мікалаевіч. – Надвор’е сёння спрыяе, выязджаем у поле, таму, прабачце, пакуль няма вольнага часу на доўгія размовы.
Ну як не зразумець чалавека ад зямлі, прафесіянала сваёй высакароднай справы! Развіталіся з ім і ўзялі курс на Лыцавічы, дзе ля адміністратыўнага будынка сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Леанідам Холадам. Па дарозе да поля ля Новадубава, дзе сеяў авёс малады, але ўжо знакаміты механізатар Аляксандр Верамей, Леанід Паўлавіч падзяліўся клопатамі. Пшаніцу практычна ўжо пасеялі, авёс – амаль што, цяпер вось працуюць з зернебабовымі.
– Сёлетняя вясна спрыяльная, – разважаў па дарозе галоўны аграном. – Перад сяўбой на кожным палетку ўбіраем каменне (памочнікі з горада дапамагаюць у гэтай справе), уносім належныя ўгнаенні. Праўда, ёсць у нас яшчэ палі, куды з-за вільгаці тэхніка не можа заехаць, але ж гэта перашкода часовая. Радуюць і азімыя – дружна зазелянелі, падняліся…
Праўда, зазначыў аграном з трыццацігадовым стажам, пакуль што ад нейкіх прагнозаў ён устрымліваецца. І не проста таму, каб, як кажуць людзі, не сурочыць, але і з-за невядомасці, якую хавае нябесная канцылярыя. Бывае ўсякае. Галоўнае, сказаў Леанід Паўлавіч, што людзі працуюць, стараюцца, і гэта дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
А вось і поле, на якім працуе магутны трактар Аляксандра Верамея. На хвілінку машына прыпынілася ля нас, механізатар спрытна спусціўся ўніз. Разгаварыліся. Мясцовы, восем гадоў у гаспадарцы. Тут стварыў сям’ю, у якой падрастаюць дзве дачушкі. Маладыя атрымалі ад гаспадаркі жыллё, абзавяліся жыўнасцю – іх падворак не пустуе. Відаць па ўсім, глыбока пусцілі карані на бацькаўшчыне. І ніколькі, сказаў Аляксандр, не шкадуюць.
Развітваючыся з механізатарам, акцэнтавалі: да хуткіх сустрэч. Так яно і будзе. Упэўнены, што будзем бачыцца з Аляксандрам і іншымі працаўнікамі вёскі і падчас касьбы, і на жніве, і на восеньскіх палявых работах. Бо вясковыя клопаты бесперапынныя і бясконцыя. На гэтым стаіць наша жыццё.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Информация о ходе полевых работ на 14 апреля 2017 года