У раёне ўжо распачалася пасяўная. Як нам паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, першымі ўзяліся за гэтую справу ААТ «Чурлёны», «Нарачанскія зоры», “Алая зара”, “Новая Вілія”, УП “Першы Беларускі”, СУП “Усходні агра” і райаграсэрвіс. У адной з названых гаспадарак – «Нарчанскіх зорах» – мы і пабывалі пару дзён назад.
Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Віктарам Драчылоўскім пад’ехалі да падрыхтаванага да сяўбы поля, што раскінулася ля Рускага Сяла. Вялікае і дбайна апрацаванае, яно адкрылася з невялічкага ўзвышша, дзе мы прыпыніліся. І адразу ж адчуўся ні з чым не параўнальны пах толькі што ўзаранай і разрыхленай глебы… Недзе ўдалечыні бачыліся трактары – гэта ішла сяўба, а крыху далей збіраліся камяні. І звыклыя персанажы такіх палявых карцін – два гордыя буслы – важна пахаджвалі ўслед за тэхнікай. Міжволі ўзгадаліся радкі Івана Лашуткі: «Усё ў вясновай сіняй рані настроем добрым ажыло…». І яшчэ: «З надзеяй, цяжка і ўпарта, шчыруе сейбіт-чалавек».
– Тут у нас будзе ячмень, – пачаў расказваць Віктар Драчылоўскі. – Большая палова гэтага амаль сямідзесяцісямігектарнага поля ўжо засеяна (даныя на 29 сакавіка. – Аўт). А калі браць увогуле па гаспадарцы, то на сёння 134 гектары ўжо засеяны ячменем, 23 – пшаніцай. У нашай гаспадарцы сяўба па традыцыі ранняя, каб не ўпусціць неабходную для гэтай справы вільгаць. Тут прамаруджваць ніяк нельга. Ды і ўвогуле ўсе палявыя работы ўжо ідуць поўным ходам: вывозіцца і запраўляецца арганіка, мінеральныя ўгнаенні. Поўнасцю падкармілі палеткі азімага рапсу, заканчваем падкормку азімых зерневых. Калі паспрыяе надвор’е, то ў суботу нашы работы будуць завершаны. Сёння яшчэ «Фэндт» пусцім, так што з сяўбой зерневых управімся.
Да нас падышла мілавідная маладая жанчына. Пазнаёміліся. Без малога тры гады працуе Вольга Клімовіч у гаспадарцы. Мае вышэйшую сельгасадукацыю, цяпер на пасадзе брыгадзіра. У гаспадарцы заняты і яе муж, тут маладая сям’я, як кажуць, звіла сямейнае гняздзечка і пусціла свае карані. Працаваць з людзьмі ў Вольгі атрымліваецца, сваю справу яна добра ведае. А гэта таму, адзначыла сама, што вучылася і вучыцца ў вопытных і кампетэнтных людзей, сваіх непасрэдных кіраўнікоў. Вось і цяпер у брыгадзіра знайшлося што абмеркаваць з галоўным аграномам, да іх далучыўся і механізатар Сяргей Кубліцкі, які на сваім МТЗ-3025 з пасяўным агрэгатам быў заняты на сяўбе. Вельмі кароткай была гэта размова (не да іх пагодлівай вясновай часінай), але наш фотакарэспандэнт паспеў зрабіць фота, дзе ўсе трое разам.
Добрыя словы ад нарачанцаў пачулі мы пра гарадскіх памочнікаў ад службы занятасці, якія працуюць цяпер у гаспадарцы на падборцы камення. Кожны дзень дастаўляе іх на працу і назад машына гаспадаркі, і людзі старанна працуюць.
– Люблю гэту пару, – прызнаўся Віктар Драчылоўскі, калі мы ехалі з поля. – Адвечную справу робім, як і нашы продкі. Няхай сабе і нялёгкую, але такую знаёмую і блізкую…
З разуменнем справы гэта было сказана і з душой. Чалавек, які аддаў рабоце на зямлі болей за тры з паловай дзясяткі гадоў свайго жыцця, ведае, пра што гаворыць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА