Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Белы бусел – афіцыйны сімвал Вілейшчыны. За яго прагаласавала больш за 38% мясцовых жыхароў

Беларусь здаўна называюць «Краінай пад белымі крыламі», а зараз такі выраз можна прымяніць афіцыйна і да Вілейскага краю. На чарговую сесію раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 21 сакавіка, было вынесена пытанне зацвярджэння вынікаў народнага галасавання па выбару птушкі-сімвала Вілейскага раёна. Так, з 9 лютага па 15 сакавіка на сайце раённай газеты праходзіла галасаванне, у якім прынялі ўдзел каля паўтысячы чалавек. Акрамя таго, жыхары Вілейшчыны дасылалі свае лісты і тэлефанавалі ў рэдакцыю, выказваючы свае перавагі за таго ці іншага кандыдата. Вынікі галасавання паказалі, што на сайце газеты аднолькавую колькасць галасоў набралі два кандыдаты – бусел і кнігаўка, за кожнага было аддадзена па 170 галасоў. Аднак ўлічваліся і галасы прынятыя па тэлефоне і праз пошту і тут вынік – 183 галасы за бусла, які і стаў лідарам, за яго прагаласавала больш за 38% мясцовых жыхароў. На другім месцы з 37% апынулася кнігаўка. Белая чапля, сініца, арлан-белахвост, дзяцел таксама сабралі сваіх паклоннікаў, але значна больш адсталі ў “выбарчай гонцы”. У сваю чаргу, дэпутаты працэсуальна  зацвердзілі вынікі народнага галасавання большасцю галасоў. Белы бусел стаў афіцыйным сімвалам Вілейскага раёна.

b1Белы бусел карыстаецца асаблівай павагай у беларусаў, яму здаўна на вёсках будавалі аснову для гнязда – буслянкі. Яго лічылі ахоўнікам жытла, узорам суладнага сямейнага жыцця, вешчуном вясны. Паводле колераў апярэння – белы з дадаткам чорнага і чырвонай дзюбай – бусел жывы носьбіт нацыянальнай сімволікі колераў, характэрнай для беларускага нацыянальнага аддзення. Буслы заўжды сяліліся побач з хатамі і зараз амаль кожная вёска Вілейскага раёна мае, цяпер ужо зацверджаны афіцыйна, свой сімвал, бо буслянкі месцяцца на вялікіх дрэвах, ваданапорных вежах, нават на хатах. А сам горад Вілейка з сярэдзіны мінулага стагоддзя вызначаецца асобным уязным знакам, на якім штогод селяцца буслы.

Дарэчы, легендарны сюжэт аб паходжанні бусла з’яўляецца адным з папулярных міфічных сюжэтаў у беларусаў. Адпаведна старажытнаму аповеду, бусел раней быў чалавекам. Ён не выконвае Боскага даручэння ўкінуць у раку мех напоўнены разнастайным «гадствам» – шкоднымі мошкамі, змеямі, жабамі і інш. Ён з цікаўнасці, нягледзячы на строгую забарону, развязывае мех, «гадства» распаўзаецца і разлятаецца. За што і быў пакараны – ператварыўшыся ў бусла, які ўсё жыццё збірае, тое, што выпусціў.

Пасля прысваення афіцыйнага статусу буслу як птушцы-сімвалу раёна можна пачынаць афіцыйнае выкарыстанне дадзенага сімвала – выраб сувенірнай прадукцыі народнымі майстрамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, усталяванне разнастайных скульптурных кампазіцый, размяшчэнне графіці крылатага прыгажуна, а ўладальнікі аграсядзіб, напрыклад, могуць распавядаць сваім наведвальтнікам гісторыі і легенды, арганізоўваць цікавыя і пазнавальныя “прыродныя” экскурсіі ў сваёй мясцовасці і шмат інш.

І так, птушка-сімвал Вілейскага раёна – белы бусел.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries