Вілейскай раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы споўнілася трыццаць, і газета ўжо пісала пра гэту адметную дату. А на днях у Палацы культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да гэтага юбілею. У глядзельнай зале ў гэты вечар не было вольных месцаў. Як правільна адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева, тут сабраўся залаты фонд Вілейшчыны: ветэраны Вялікай Айчыннай,працы… Яны, як заўсёды, у страі, і гэта вельмі прыемна. Усё тое, што праходзіла на сцэне, было для іх і пра іх.
Падзячныя словы ад намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Генадзя Касцевіча, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталіі Жыбуль, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталіі Прэпесць, кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў гучалі для ўсіх юбіляраў. Заслужаным былі ўручаны ўзнагароды, было многа кветак і падарункаў.
Запамінальным атрымаўся і музычны падарунак – канцэртная праграма, вядучай і рэжысёрам якой была дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання,дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Захарыч. Гучала цудоўная музыка, бралі за жывое песні і вершы, стваралі настрой танцы. Што і казаць, з асаблівым настроем выступалі ў гэты вечар артысты школы мастацтваў, Палаца культуры, навучальных устаноў горада і раёна. І ўдзячныя гледачы, заслужаныя людзі нашага краю, прымалі гэтыя падарункі шчыра – бурнымі апладысментамі.
«Чтоб тебя на земле не теряли, постарайся себя не терять!» – гэта словы з вядомай песні, якая гучала і на гэтым канцэрце. Падумалася, што яны, гэтыя словы, пра нашых паважаных ветэранаў, іх крэда і лад жыцця.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА