Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Віталю Рымашэўскаму 24 лістапада ўручана афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства і недапушчальнасці дзейнасці, звязанай з арганізацыяй правядзення масавага мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Аб гэтым паведаміў 24 лістапада журналістам начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў.
Афіцыйнае папярэджанне таксама аформлена на кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Раней Мікалай Статкевіч быў папярэджаны Генпракуратурай аб магчымых мерах адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл правядзення масавых мерапрыемстваў. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, кандыдат у прэзідэнты ў час прамога эфіру на рэспубліканскім тэлеканале заклікаў выбаршчыкаў з’явіцца на несанкцыянаваны мітынг. «Правядзенне і арганізацыя гэтага мітынгу парушаюць патрабаванне беларускага заканадаўства», — сказаў Павел Радзівонаў.
Найбольш жорсткім пакараннем для кандыдатаў у прэзідэнты могуць стаць меры, якія можа прыняць Цэнтрвыбаркам. «Яны звязаны з пазбаўленнем статусу кандыдата ў прэзідэнты», — растлумачыў прадстаўнік Генпракуратуры.
БелТА







