«Наглядальнікі змогуць бачыць працэдуру падліку галасоў. Больш таго, ЦВК прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой наглядальнікі могуць выконваць свае функцыі ва ўмовах, што даюць магчымасць бачыць працэдуру падліку. А працэдура падліку ўключае ў сябе ўсё: як сартуюцца бюлетэні, іх змест і інш.», — сказала Лідзія Ярмошына. Але прапісаць канкрэтна, што кожны бюлетэнь будзе падымацца і зачытвацца, ЦВК не можа, паколькі такія дзеянні будуць трактавацца як умяшанне ў выбарчае заканадаўства, сказала кіраўнік ЦВК.
Пры распрацоўцы выбарчага заканадаўства краіны ўлічваўся вопыт Беларусі і іншых дзяржаў. «Усе тыя, хто працаваў у ЦВК, палічылі, што празмерна рэгламентаваць дзеянні ўчастковых выбарчых камісій нельга. Дакладная рэгламентацыя прывядзе да таго, што грамадзяне, якія не з’яўляюцца прафесіяналамі, паўсюль будуць парушаць гэты рытуал. Яны павінны быць дастаткова свабодныя ў сваіх дзеяннях і лічыць так, як ім зручна. Таму наша заканадаўства не прапісвае гэта», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, выбарчая камісія можа падымаць бюлетэні і паказваць іх наглядальнікам, але мае права гэтага і не рабіць. «Калі, напрыклад, на ўчастку 3 тыс. выбарчых бюлетэняў, членам камісіі проста цяжка будзе захоўваць гэту працэдуру, якая можа прадоўжыцца на суткі», — сказала яна.
«Мы зыходзім з таго, каб было зручна. Не можам толькі гаварыць аб правах наглядальніка. У нас з аднаго боку крытыка, з другога — мы стараемся задаволіць усе прэтэнзіі і зусім забываем пра інтарэсы тых, хто забяспечвае выбарчую кампанію», — канстатавала старшыня ЦВК.
Яна таксама дадала, што апошняе рашэнне ЦВК, якое з’яўляецца прагрэсіўным і павышае правы наглядальнікаў, неадназначна ўспрынялі выбарчыя камісіі. У ЦВК паступаюць звароты ад членаў выбаркамаў, якія лічаць, што іх правы такім чынам ушчамляюцца. Таму неабходна знайсці залатую сярэдзіну, якая вызначыць дзеянні выбаркамаў, лічыць Лідзія Ярмошына.
БелТА







