Чарговае выязное пасяджэнне інфармацыйна-прапагандысцкай групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Генадзя Касцевіча прайшло ў мінулы чацвер у лясгасе. У складзе групы была і першы намеснік дырэктара Фонда «Мінскаблдзяржмаёмасць» Раіса Дзмітраковіч. Тэмай Дня інфармавання было абмеркаванне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады.
Пачынаючы выступленне перад працаўнікамі лясгаса, Генадзь Касцевіч нагадаў тое, што 6-7 снежня пройдзе IV Усебеларускі народны сход, у рабоце якога прыме ўдзел і дэлегацыя ад Вілейшчыны. У яе складзе – прадстаўнікі самых розных прафесій і ўзростаў. Кожны з гэтых людзей унёс свой уклад у выкананні намечанага праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Трэба адзначыць, што за пяцігодку, якая хутка завяршаецца, віляйчане дабіліся многага.
Так, перавыканана даведзенае заданне па тэмпах росту вытворчасці прамысловай прадукцыі (планавалася 147-150 працэнтаў, а будзем мець вышэй за 172). Стабільна працавалі і працуюць такія прадпрыемствы, як «Буддэталі», хлебазавод, камбікормавы завод, прадпрыемства «Памяць», малаказавод. На фоне мінулых гадоў дастойна выглядае «Зеніт-БелОМА». Адзінае прадпрыемства ў раёне – лесапункт ААТ «Маладзечналес» – пакуль што ў даволі складаным становішчы. Ёсць нямала прычын, якія тармозяць рух наперад. Зараз распрацаваны мерапрыемствы, якія павінны дапамагчы прадпрыемству выйсці з няпростай сітуацыі.
У раёне добрыя паказчыкі па экспарту і імпарту прадукцыі, вядзецца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. У горадзе ў апошнія гады адкрыта некалькі новых магазінаў. У пачатку наступнага года адкрыецца «Еўрагандаль», дзе плануецца дзённы тавараабарот да 60 мільёнаў рублёў. Што і казаць, набыць шматлікія таннейшыя тавары ў сваім горадзе – дадатковая зручнасць для віляйчан.
Сёлета, адзначыў Генадзь Касцевіч, мы многа будавалі – за год будзе здадзена 200 кватэр. Такога ў Вілейцы яшчэ ніколі не было. Між тым, сказаў Генадзь Міраслававіч, трэба будаваць яшчэ болей.
Нямала зроблена ў сельскай гаспадарцы, у сацыяльнай сферы. А вось па частцы аказання платных паслуг арганізацыям і прадпрыемствам працаваць і працаваць. Вялікая ўвага будзе ўдзяляцца малому і сярэдняму бізнесу – гэта і крыніца даходаў бюджэту, і занятасць людзей, і іх матывацыя, якой патрабуе дзень сённяшні. Хацелася б, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, каб індывідуальныя прадпрымальнікі актыўней сталі асвойваць сельскую мясцовасць – будавалі тут свае гандлёвыя кропкі, займаліся агратурызмам.
Красамоўныя лічбы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны прывяла ў сваім выступленні Раіса Дзмітраковіч. Так, адзначыла яна, у 1,75 раза ў нас ўзраслі рэальныя грашовыя даходы, на 58 працэнтаў павялічыліся пенсіі, з 12,7 працэнта (у 2005 годзе) да 5 працэнтаў знізілася колькасць малазабяспечаных людзей. У нашай краіне – самая нізкая дзіцячая смяротнасць сярод краін СНД. Праўда, не можа не хваляваць, адзначыла Раіса Георгіеўна, што ў краіне змяншаецца колькасць насельніцтва. Для таго, каб утрымаць яе ў межах 9,4 мільёна чалавек і павысіць, у Беларусі многа робіцца і будзе рабіцца надалей.
А затым працаўнікі лясгаса задавалі пытанні, якія іх хвалююць. У прыватнасці, людзі цікавіліся эканамічным даходам раёна ад вадасховішча, гаварылі пра навядзенне парадку ў лясах, закранулі часовую нядобраўпарадкаванасць вуліцы Стаханаўскай. На кожнае пытанне было дадзена падрабязнае тлумачэнне.
Ірына БУДЗЬКО
На здымках: у час сустрэчы.
Фота аўтара


