Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Президент Беларуси наградил орденом Почёта Геннадия Кучко, директора ОАО «Нарочанские зори»

«З асаблівай удзячнасцю мы адзначаем заслугі работнікаў вытворчага сектара, дзе на першы план выходзяць майстэрства, вопыт і валоданне самымі сучаснымі  тэхналогіямі», – сказаў на ўрачыстасці кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Ён асобна падкрэсліў поспехі аграрыяў і ўручыў ордэны Пашаны сельгаспрацаўнікам Генадзю Кучко і трактарысту-машыністу ААТ «Пруднікі»  Уладзіміру Лапкоўскаму.

president.gov.by

Гэта не першая высокая ўзнагарода нашага земляка, яго сумленная праца ўжо адзначана ў свой час на высокім узроўні. Што ж, за без малога тры дзясяткі гадоў працы ў сельскай гаспадарцы заслужыў чалавек павагі.  І калектыў, які ён узначальвае, вядомы за межамі раёна.
Самым значным,  найлепшым па паказчыках Генадзь Мечыслававіч лічыць 2015-ты год. Ураджайнасць збожжавых тады склала 60 цэнтнераў з гектара. Ды і ў адыходзячым у «Нарачанскіх зорах» атрымалі вялікую прыбаўку па малаку.  7135 кілаграмаў яго на карову – вынік, згадзіцеся, больш чым дастойны.

– Высокая ўзнагарода – гэта не толькі мая заслуга, – лічыць кіраўнік. – Гэта вынік шчырай працы ўсяго нашага калектыва – надзейнага, адданага сваёй справе і роднай зямлі. Дастойныя людзі працуюць у нашай гаспадарцы, таму і дасягненні нашых агульных намаганняў адпаведныя.
Прыемныя ўражанні, падзяліўся Генадзь Мечыслававіч, засталіся ў яго і ад сустрэчы з Прэзідэнтам краіны, і ад урачыстасці ў Палацы Незалежнасці.

– Упершыню давялося быць у абноўленым Палацы, – падзяліўся ён. – Запомнілася цікавая экскурсія, наш, беларускі каларыт літаральна ва ўсім. І такім гонарам за нашу краіну, Прэзідэнта, землякоў  перапоўнілася сэрца – не выказаць словамі.

Уручаючы ордэн нашаму земляку, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму і сказаў: «Яшчэ папрацуем». Гэта значыць, не трэба спыняцца на дасягнутым, а час ставіць перад сабой і калектывам новыя задачы, дасягаць намечанага сумленнай працай.

Што і казаць, адметны навагодні  і калядны падарунак атрымаў Генадзь Кучко. Дакладней, не атрымаў, а заслужыў сваёй працай. Прыемна і яму, і ўсяму калектыву, і нам, землякам. Канешне ж, радасна і сям’і, якая ў поўным складзе збярэцца ў навагоднюю ноч за сталом у бацькоўскім доме. Уяўляю, колькі цёплых слоў пачуе муж, бацька, дзядуля ад блізкіх. «Самае дарагое ў жыцці – яны, дзеткі, унукі, – усміхаецца Генадзь Мечыслававіч, – найбольшае наша багацце».

На гэтай светлай ноце наша размова і закончылася – у кіраўніка гаспадаркі спраў заўсёды вельмі многа. Аднак цёплыя віншаванні віляйчанам Генадзь Мечыслававіч усё ж адрасаваў:

– Здароўя ўсім, ладу ў сем’ях, поспехаў у працы і адданасці зямлі, дзе нарадзіліся. Зямля і людзі на ёй – гэта самае галоўнае ў жыцці, спрадвечнае. Менавіта з гэтага адзінства і пачынаецца дабрабыт і кожнай нашай сям’і, і нашай вялікай Радзімы.

І гэта бясспрэчна. З высокай узнагародай Вас, паважаны Генадзь Мечыслававіч!
Ірына БУДЗЬКО.

Фота БелТА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries