Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У Ясьманаўцах нарадзілася, у Ярмолічах прыгадзілася

Свой кожны новы дзень Алена Сухая плануе загадзя,  намячае ўсё па парадку: клопаты па гаспадарцы, работа, грамадскія абавязкі, зноў дом. На працягу ўжо многіх гадоў жанчына (яна працуе землеўпарадчыкам у Вязынскім сельсавеце) выконвае абавязкі старасты вёскі Ярмолічы і спраўляецца з усім гэтым  выдатна – партрэт яе занесены на раённую Дошку гонару. Вельмі важна, лічыць Алена Уладзіміраўна, ведаць людзей, цікавіцца іх праблемамі, не быць раўнадушным. І тады ўсё будзе атрымлівацца.

У далёкім 1979-ым, закончыўшы сярэднюю школу, дзяўчына падалася на «Зеніт». Хацелася хутчэй стаць на свае ногі, быць самастойнай. Уладкавалася, старанна працавала ў вялікім маладзёжным калектыве. Ды не знайшлося ў ім таго, хто запаў бы ў душу дзяўчыны – а каханне сустрэла не ў горадзе, а дома, у сваёй вёсцы.

– Я толькі закончыла школу, як адбылася наша сустрэча, – з усмешкай прыгадвае зараз Алена Уладзіміраўна. – Мая маленькая радзіма вёсачка Ясьманаўцы, а Валера, муж, адсюль, з Ярмолічаў. Памятаю, ён чагосьці прыехаў да сяброў у нашу вёску на сваёй «Яве». Рамантыка! Так і пазнаёміліся. Два гады сябравалі, а пасля ўжо пажаніліся. Так я стала жыхаркай Ярмолічаў.
Маладая сям’я пачала жыць з бацькамі Валерыя. Дзевятнаццацігадовая нявестка пастаралася, каб мужава радня яе прыняла і палюбіла.

– Пражылі разам трыццаць гадоў, – расказвае жанчына. – Іншы раз і нялёгка было, бо, як ні кажыце, тры пакаленні ў адной хаце – бацькі, мы з мужам, нашы дочкі Людміла і Галіна. Стараліся заўсёды знаходзіць агульную мову, вучыліся ў старэйшых, уступалі. А як інакш? Шэсць дзясяткаў гадоў пражылі свёкар са свекрывёю разам… А цяпер мы з мужам засталіся ў доме адны. Добра яшчэ, што дачка старэйшая з сям’ёй недалёка, у «Новай Віліі» працуе інжынерам па ахове працы. Парадавала трымя ўнучкамі, якія цяпер у нас частыя госці. Любяць вельмі бавіць час з дзедам… Гэта сапраўдная наша радасць.

Чвэрць веку Алена Уладзіміраўна працуе ў сельсавеце. З кіраўніком мясцовай улады, лічыць, вязынцам пашанцавала, Ігар Судніковіч – чалавек адказны, нераўнадушны. А галоўнае, што тутэйшы,сам добра ведае людзей і іх патрэбы. Калі ўзнікае якое пытанне, сумеснымі намаганнямі бяруцца за яго вырашэнне.

Пра вёску Ярмолічы, якая ўжо даўно стала ёй роднай,Алена Уладзіміраўна гаворыць з вялікай любоўю. Прыемна,што з кожным годам населены пункт прыгажэе: рамантуюцца і фарбуюцца дамы, добраўпарадкоўваюцца падвор’і.

– А як любяць нашы жанчыны кветкі! – Дзеліцца мая суразмоўца. – Улетку ўсё расквечваецца ў розныя колеры. Асаблівая прыгажосць у дварах Валянціны Трафімаўны Дуровіч, Марыі Антонаўны Ясінскай. І нашы, вясковыя пенсіянеркі стараюцца, і дачнікі. Калі ёсць патрэба, усе разам наводзім парадак на могілках, адгукаюцца на гэту справу ўсе. А якія пявунні нашы жанчынкі, якія выдатныя гаспадыні!

У бягучым годзе, расказала Алена Уладзіміраўна, у вёсцы было многа прыгожых юбілеяў. Споўнілася дзевяноста Марыі Ігнатаўне Ракоўскай, восемдзясят пяць гадоў адсвяткавала Людміла Пятроўна Грыгальчык, васьмідзясяцігоддзі адзначылі Ніна Мікалаеўна Шніткоўская, Ніна Піліпаўна Сямёнава, Марыя Антонаўна Ясінская, Марыя Міхайлаўна Клімёнак, Ганна Мікалаеўна Альфер. Гэтыя жанчыны, як і іншыя жыхары Ярмолічаў, – своеасаблівы актыў, касцяк вёскі, захавальнікі ўсіх добрых традыцый. Менавіта ў іх вучацца маладыя, пераймаюць сакрэты шматграннага майстэрства гэтых людзей з багатым жыццёвым вопытам.

– Камусьці патрэбна прывезці нейкую даведку з сельсавета,іншаму вельмі трэба некуды пад’ехаць – у такіх выпадках звяртаюцца да мяне, – расказала Алена Уладзіміраўна. – Я ўжо даўно, як кажуць,на колах,сама ваджу аўтамабіль, таму ўсё робім аператыўна і своечасова. А іншы раз некаму проста захочацца нечым падзяліцца, пагутарыць,дык хіба адмовіш? Так што не толькі за парадкам у вёсцы сачу,але і жыву інтарэсамі і праблемамі аднавяскоўцаў.

Як і ў многіх населеных пунктах, у Ярмолічах ужо даўно няма магазіна – прадукты прывозяць аўталаўкі. Людзі прынялі гэта новаўвядзенне і нават знаходзяць у ім пэўныя «плюсы» – вадзіцелі магазінаў на колах могуць давезці тавар аж да дома, дапамагчы яго данесці. І пошту ў вёску прывозяць машыны,з чым таксама звыкліся. Новы час – новыя парадкі. Сапраўдным святам была сёлетняя сустрэча вяскоўцаў з вілейскімі артыстамі і прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Былі і песні, і падарункі, і кветкі. Хочацца вяскоўцам, каб часцей выпадалі ім такія цёплыя сустрэчы.

– Вось так і жывём, – нібы падвяла рысу нашай размове Алена Уладзіміраўна, – нібыта адна дружная сям’я. Разам працуем, спраўляемся з праблемамі. І разам радуемся добрым зменам у жыцці Ярмолічаў і жыхароў вёскі.

У гэтым, мусіць, і заключаецца сэнс гучнага слова «патрыятызм». Ім не казыраюць на кожным кроку – яго дэманструюць сваім штодзённым жыццём.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена  Вязынскім сельсаветам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 22 queries