Дадзены артыкул з’яўляецца працягам тэмы пра гісторыю мястэчка Ілля, якую мы пачалі на пачатку жніўня. Тады мы распавялі насычаны цікавымі гістарычнымі дадзенымі аповед паломніка, чые родзічы прыходзяць на свята Прарока Ільі ў гэта мястэчка ўжо больш за тысячу год. Мы пісалі пра сувязь гісторыі Іллі са знакамітай беларускай княжной Рагнедай, пра першы храм XIV стагоддзя, пра адзінаццаць старажытных беларускіх княжацкіх родаў, якія стагоддзямі здзяйснялі паломніцтва ў гэтыя мясціны. Сённяшні аповед будзе пра цудатворны абраз Маці Божай Ільянскай, пра яго паходжанне і гісторыю.
Цудатворныя абразы на Беларусі паходзяць з даўніх часоў. Самыя вядомыя і ўшаноўваемыя сярод вернікаў – абразы Маці Божай Жыровіцкай, Буслаўскай і Бялынічскай. Хаця кожнае месца на беларускай зямлі можа быць адзначана сваім цудатворным абразам, якому пакланяюцца ці пакланяліся стагоддзямі пакаленні веруючых. Не выключэннем з’яўляецца і Вілейшчына. Да сённяшняга часу захавалася значная колькасць старажытных храмаў, у якіх захоўваюцца яшчэ больш старажытныя абразы, што пераходзілі з векапомных капліц, касцёлаў і цэркваў. Так можна ўзгадаць, абразы апісаныя яшчэ ў старажытных дакументах і якія захаваліся да нашых дзён ў Альковіцкім касцёле, Касуцкай, Латыгальскай, Вязынскай і Рабунскіх цэрквах. Такія абразы былі прыгожа і значна ўпрыгожаны і сваю гісторыю вядуць з XII – XV стагоддзяў.
Гісторыя з’яўлення
Гісторыю Ільянскага абраза Маці Божай можна весці з XI стагоддзя, калі прадстаўнікі адзінаццаці княжацкіх родаў пачалі здзяйсняць паломніцтва на месца, дзе Гасподзь праз свайго прарока Ілью явіў цуда і дзе пазней з’явілася пасяленне Ілля. Далейшы расказ будзе таксама грунтавацца на аповедзе паломніка са Смаленска Уладзіміра, які з’яўляецца адным з прадстаўнікоў старажытнага княжацкага роду, што стагоддзямі прыходзілі на гэтыя землі. Дадзены аповед з’яўляецца і сямейным завяшчаннем, што перадавалася з пакалення ў пакаленне.
У 1594 годзе сваякі, прадстаўнікі 11 самых старажытных родаў Заходняй Белай Русі, што ўжо больш за тысячу год сустракаюцца ў паселішчы Ілля, у памяць аб з’яўленым Богам тут, праз прарока свайго Ілью цудзе, прынялі рашэнне падарыць Ільянскаму храму абраз Багародзіцы. На што былі ахвяраваны вялікія сродкі, каб створаны абраз быў паказчыкам даніны з’яўленага цуда. Выканаць заказ родзічаў падахвоціўся князь Чартарыйскі Юрый Іванавіч. На выкананне задачы пайшло тры гады, але калі ікона была прадстаўлена заказчыкам, тыя былі не вельмі задаволены! Адбылося ж наступнае.
Чартарыйскі замаўляў дошку для абраза асобна і прывёз яе ў горад Луцк, выдатнаму мясцоваму майстру, аднак нават не ў першы год. Іканапісец заявіў, што яна тонкая і не якаснага матэрыялу, тым больш для выканання працы заставалася вельмі мала часу. Князю Чартарыйскаму вызваўся дапамагчы вучань іканапісца. З-за гэтага пачалося непаразуменне паміж майстрам і вучнем, якога настаўнік потым зусім адлучыў ад справы. У выніку выгнаны чаляднік пісаў абраз у маёнтку Чартарыйскіх недзе пад Нясвіжам.
Але, абраз быў напісаны і стаў вельмі шанаваным у Ільянскім храме. На пакланенне абразу Багародзіцы заўжды сцякалася вялікая колькасць народу. Вось як аб гэтым гаворыцца ў царкоўным летапісу: «…і набывалі ў свайго вобраза дапамогу і адбываліся цуды шматлікія…». Так было стагоддзямі.
Пра вяртанне іконы
У перыяд уніі па ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі забаранілі рамантаваць былыя храмы. Здрахлелі і сцены царквы святога прарока Ільі ды так, што ў ёй стала немагчыма служыць. Мясцовы святар забраў абраз дадому для захавання, але неўзабаве памёр. Апошняга настаяцеля старажытнага Ільянскага каменнага храма ў мястэчку паважалі да такой ступені, што да яго хаты ніхто не датыкаўся многія гады. Так і стаяла яна з закалочанымі вокнамі гадоў дваццаць. Але аднойчы прабраліся на гарышча закінутага дома дзеці. Запалілі свечку. І… кінуліся хто куды. На дзіцячы гвалт прыбеглі дарослыя і пакуль слухалі блытаныя тлумачэнні, што быццам «там свеціцца нейкае аблічча!». У гэты час, у хатцы ад свечкі ўжо заняўся агонь. Полымя збілі, завал разабралі і знайшлі абраз Ільянскай Багародзіцы. Ізноў па волі Божай явіў сваю магутнасць святы прарок Ілья.
Менавіта так нашаму жнівеньскаму суразмоўцу Уладзіміру са Смаленску распавядала яго бабуля са слоў сваёй сястры, дачкі свяшчэннамучаніка Мікалая прасвітара Віцебскага (Акаловіча), Яўгеніі Мікалаеўны Златкоўскай (Акаловіч).
Аб вырабе акладу
Свяшчэннамучанік Мікалай (Акаловіч) наведваў храм святога прарока Ільі ў мястэчку Ілля практычна штогод, з чатырохгадовага ўзросту з бацькамі, а з 14 гадоў самастойна. Пасля пасвячэння ў святары ён неаднаразова саслужваў мясцовым настаяцелям у Ільянскім храме, спавядаў, а аднойчы з прычыны адсутнасці штатнага святара 2 жніўня на прастольнае свята і сам служыў. У 1910-11 гадах у пачатку свайго чарговага адпачынку, протаіерэй Мікалай, тады рэктар Варонежскай духоўнай семінарыі, прыехаў ў Іллю. Тут ён даведаўся пра збор сродкаў на рэстаўрацыю абраза Багародзіцы і выраб акладу. Сродкі былі сабраныя ў памеры 70 рублёў, але патрабавалася значна больш. У епархіі падтрымку абяцалі, хаця ў пэўных рамках. Дапамагчы ў гэтай справе ўзяўся айцец Мікалай. Задача аказалася досыць складанай. Як потым успамінала яго дачка Яўгенія Мікалаеўна, тагачасны дыякан ў епархіяльным упраўленні заявіў, што ён «гэты абраз ведае і можа вылучыць толькі шэсць рублёў і толькі на кіёт».
Так супала, што протаіерэй Мікалай у гэты час быў узнагароджаны буйной грашовай прэміяй. Сям’я, наведаўшы Іллю, прадчувала адпачынак у Крыме. Але ж як мог паступіць у гэтай сітуацыі святар?
…Вярнуўшыся з епархіі, айцец Мікалай паведаміў настаяцелю і вернікам, што сродкі атрыманы – яшчэ 70 рублёў. І так як сума буйная (140 рублёў) для бяспекі ён будзе суправаджаць царкоўнага старасту да месца вырабу акладу сам. Аклад планавалі рабіць у Вільні.
Па словах бабулі паломніка Уладзіміра Ганны Уладзіміраўны Небыловай (Акаловіч), яна цікавілася ў сваёй сястры Яўгеніі Мікалаеўны – «А як Крым?» – адказ быў такі: «Мы выдатна, усёй сям’ёй,цэлы месяц вывучалі славутасці Вільні! Кошту работ і поўнай меры ахвяраванняў бацькі Ільянскаму храму не ведаў ніхто».
Пра абраз Свяціцеля Мікалая Цудатворца
Па словах дачкі свяшчэннамучаніка Мікалая прасвітара Віцебскага Яўгеніі незадоўга да апошняга арышту яе бацька перадаў у храм святога прарока Ільі ў мястэчку Ілля яшчэ і абраз Свяціцеля Мікалая Мір Лікійскіх, які лічыўся цудатворным. Да пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя протаіерэй Мікалай быў старшынёй Святамікалаеўскага брацтва г. Віцебска і як мог ратаваў царкоўныя каштоўнасці і святыні. З матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні да святара Мікалая вынікае, што праўдзівага месцазахоўвання гэтага абраза ён так і не выдаў на допыце. Бо нездарма Беларускай праваслаўнай царквой быў далучаны да ліку свяшчэннамучанікаў.
Вось такая гісторыя стварэння Цудатворнага абраза Маці Божай Ільянскай, якая стагоддзямі перадаецца з вуснай прадстаўнікоў старажытных княжацкіх родаў, што шчыра шануюць і паважаюць абраз і прыходзяць паломнікамі на прастольнае свята ў Іллю.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея Камінскага
Дзякуй!