Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Міхаіл Казінец: «Вілейка – першы горад, які пачуе сапраўднага Мулявіна»

На наступным тыдні, 4 лістапада, у Палацы культуры адбудзецца масштабная падзея. Па-першае, на сцэне выступіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча. Праграма – незвычайная і прысвечана 75-годдзю Уладзіміра Мулявіна. Па-другое, аркестрам кіруе народны артыст Беларусі і наш зямляк Міхаіл Казінец. Мы сустрэліся з дырыжорам, каб пагутарыць, што чакае прыхільнікаў сапраўднай музыкі ў Вілейцы і з якімі пачуццямі маэстра збіраецца ў родны горад.

– Міхаіл Антонавіч, чым будзеце здзіўляць вілейскую публіку?

– Давайце ўспомнім, гэты год – Год культуры. І мы не можам абмінуць тое, што ў гэтым годзе адзначаецца юбілей выдатнага спевака, выканаўцы Уладзіміра Рыгоравіча Мулявіна. У нашым аркестры яго творчасць прадстаўлена вельмі багата. Я лічу, што Мулявін – гэта дух беларускасці. Для вілейскай сцэны і гледачоў мы рыхтуем праект «Песня пра долю».

– «Песня пра долю» – гэта ж рок-опера! У выкананні народнага аркестра?

– Нічога дзіўнага! Так, Мулявін стварыў «Песню пра долю» ў 1973 годзе. Тады гэта быў прарыў у мастацтве. На жаль, пасля яна праляжала 30 гадоў і яе, быццам бы, забылі. А мы пяць гадоў таму яе вырашылі выконваць. Была зроблена вялікая праца і зараз за яе не сорамна. Сёння мне кажуць, што сучаснае гучанне не толькі адрадзіла дух Мулявіна, але і дабавіла праекту больш яркасці і нацыянальнага каларыта. Мы запрасілі да ўдзелу ў праекце салістаў Пятра Ялфімава, Яна Жанчака і Кацярыну Дзегцярову, а таксама мужчынскую групу камернага хору. Будзе і харэаграфія. «Песня пра долю» – гэта не толькі музычнае выкананне, а нават тэатралізацыя. Мы ўжо прадставілі рок-оперу на «Славянскім базары ў Віцебску», а зараз праедзем па розных кутках краіны. На наступным тыдні будзе Вілейка, потым мы едзем у Гродна, адтуль – у польскі Беласток.

– З Вілейкі распачынаеце тур. Выпадкова ці спецыяльна? Вілейшчына ж Ваша Радзіма.

– Я не мог абмінуць Вілейку. Ну як абмінуць Радзіму? Гэта пэўны гістарычны момант – упершыню ў горадзе прагучыць рок-опера. Ведаеце, я ганаруся тым, што ў свой час у Вілейцы наш аркестр выканаў 9-ую сімфонію Бетховена, Першы канцэрт Чайкоўскага. І лагічным этапам працягу будзе і «Песня пра долю». Рок-опера прагучыць у першым аддзяленні, а пасля антракту Пётр Ялфімаў выканае творы Мулявіна. Гэта будзе вялікі гала-канцэрт, больш чым на дзве гадзіны. Я спадзяюся, што віляйчане прыйдуць на канцэрт. Гэта і даніна павагі Мулявіну, і магчымасць пачуць сапраўдную музыку. І Вілейка будзе першай з гарадоў, якая дакранецца да сапраўднага Мулявіна, бо не будзем улічваць «Славянскі базар», ён усё ж фестываль.

– Цяпер столькі музычных накірункаў, стыляў. Як адрозніць і выбраць добрую музыку? Музыку, якая выхоўвае, якая дапамагае па-сапраўднаму спазнаць жыццё?

– Людзі павінны слухаць добрую музыку. Так, класічная музыка патрабуе больш увагі, пэўнай падрыхтоўкі, яна больш складаная. Што тычыцца сучасных песен, то скажу так – не ўсё адпавядае таму, што можа называцца музыкай. Тут трэба быць асцярожнымі. Музыка заўсёды будзе побач з чалавекам, яна нясе пачуцці, яна выклікае самае лепшае, самае добрае. І таму павінна быць толькі выдатнай.

– Вы часта бываеце ў Вілейцы?

– Практычна ўсе мае прыезды на Радзіму з нечым звязаны. С творчасцю, з падзеямі. На жаль, я ўсё менш сустракаю маіх сяброў, равеснікаў. Мне 78 гадоў і гэта пэўны ўзрост, калі ўсё часцей прыходзяць сумныя навіны. Наведваць родную вёску Цынцавічы сёння мне больш балюча, чым калі. Захавалася настальгія па месцы, дзе я вырас, але ўспаміны цяпер з горыччу. Там пахаваны мае бацькі, мой родны брат, блізкія і родныя мне людзі.

– 78 гадоў, але Вы такі жвавы! Адкуль імпэт? З якой крыніцы чэрпаеце энергію?

– Па-першае, здароўе. Яго мне падарылі бацькі, ім вялікі дзякуй. Па-другое, музыка дае сілы і падтрымку. І самае галоўнае – асяроддзе. Калі побач вас добрыя і шчырыя людзі, гэта вельмі натхняе. Ад гэтага вельмі шмат залежыць. Але і чалавек павінен не толькі браць, а яшчэ і аддаваць. А яшчэ працаваць, калі ёсць здароўе. Праца – вялікі стымул.

– Што павінна адбыцца ў Вілейцы пасля канцэрта, каб Вы былі задаволены?

– Калі я выходжу на сцэну, заўсёды гляджу ў залу. Гляджу, хто прыйшоў нас слухаць. На шчасце, усе канцэрты ў Вілейцы былі аншлагавыя. І гэта задавальненне. А напрыканцы канцэрта хочацца, каб усе тыя, хто прыйдзе, таксама былі задаволены намі.

– Але ж гледачоў Вы амаль увесь канцэрт не бачыце.

– Ведаеце, я бачу спінаю (смяецца). Як зала слухае, рэагуе. У дырыжора вельмі тонкая душа і я, напрыклад, адчуваю ўсё. Колькі б не выступалі ў Вілейцы, заўсёды была добрая энергетыка. Думаю, што так будзе і цяпер.

Гутарыў Анатоль ЗАНКОВІЧ.
Фота забяспечана Міхаілам КАЗІНЦОМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 42 queries