Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На Вілейшчыне з’явілася ўнікальнае свята

Пасля суботняга журавінавага фэсту, які праходзіў у Лыцавічах, можна смела сказаць – на Вілейшчыне з’явілася ўнікальнае свята, прычым з сапраўдным мясцовым каларытам і экалагічнай тэматыкай.

Іжаншчына, хто яшчэ не быў у гэтых вельмі прыгожых мясцінах Вілейшчыны – многае страціў. Тут уздоўж берагоў Нарачанкі, Вішнеўскага возера размясціліся ўтульныя вёсачкі з цудоўнымі навакольнымі краявідамі. Тут захаваліся старажытныя аб’екты архітэктуры, археалогіі, чаго толькі каштуе былы панскі сядзібна-паркавы комплекс «Чурлёны» – адзіным на Вілейшчыне дзеючым млыном, які амаль поўнасцю захаваўся ў нязменным выглядзе і з прыгожым паркам. Асноўнае ж прыроднае багацце гэтых месцаў – балоты. Вакол Лыцавіч раскінуліся абшары двух балот – Панура і Беразавік. Менавіта яны забяспечваюць мясцовае насельніцтва багатым ураджаем журавінаў і менавіта гэта стала галоўным надхненнем для мясцовых правесці цудоўны фестываль – «Журавінавы фэст».

Багаты ўраджай журавін гэтага года, як і заўжды радуе мясцовых жыхароў, і чаму гэтым не падзяліцца з іншымі. «Журавінавы фэст» – мерапрыемства маладое. У гэтым годзе ён праходзіць упершыню, але зачын вельмі сур’ёзны і выдатны, таму ў мерапрыемства ёсць усё, каб стаць традыцыйным. Журавіны здаўна выкарыстоўваліся рознымі народамі як невычэрпная крыніца здароўя – гэта расліна была вядома яшчэ рымлянам, а першае еўрапейская згадка пра журавіны адносіцца да 1578 года, калі батанік Генры Літ апісаў яе карысныя ўласцівасці. Цікава, што беларуская назва гэтай ягады падобна на назву птушкі – журавель. І нездарма, бо формай кветак журавіны вельмі падобныя на галаву жураўля, як і самі ягады на доўгай ножцы таксама маюць гэтае падабенства.

Падчас мерапрыемства вядучыя свята распавялі і вельмі прыгожую,і кранальную легенду пра паходжанне журавін – «Аднойчы на людзей напалі чужакі, вельмі ваяўнічыя і бязлітасныя. Людзі, каб выратавацца вырашылі схавацца на востраве сярод балота. Так і зрабілі – адышлі на балота і затаіліся на востраве, дзе было шмат птушак журавоў. Калі прыйшлі ворагі, то яны акружылі балота, але дабрацца да людзей ніяк не маглі. І тады яны вырашылі пускаць стрэлы, каб знішчыць людзей, якія не пажадалі ім падпарадкоўвацца. У гэты час журавы акружылі востраў шчыльным колам і ўсе стрэлы прынялі на сябе. Так людзі засталіся жывыя, а кроплі крыві журавоў ператварыліся ў буйныя ягады, якія і па сённяшні час растуць на балоце і маюць назву – журавіны».

Галоўны пачастунак на фестывалі вядома ж – журавіны. Куды яе толькі не дадаюць мясцовыя гаспадынькі! Так з яе і морсы робяць, і капусту з ёй квасяць, і каўбасы начыняюць. Нездарма, на фэсце ў Лыцавічах былі шырока прадстаўлены розныя прысмакі і напоі з журавінаў, а таксама стравы народнай кухні, якімі частаваліся ўсе ахвотныя. Сагрэцца наведвальнікі імпрэзы змаглі духмянай гарбатай, якую заварвалі на зёлках. І навогул, гасцям свята арганізатары прапанавалі безліч розных культурна-забаўляльных праграм, а гасцей было вельмі шмат – і мясцовых жыхароў і тых, хто наведаў Іжаншчыну ўпершыню і спецыяльна. Тут былі арганізаваны і тэатралізаваныя выступленні самадзейных артыстаў і народных ансамбляў, гульні і конкурсы, выставы старажытных хатніх прылад працы і побыту са збору Франца Млечкі з яго сядзібнага музея ў вёсцы Старадубава, а таксама вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва жыхароў Іжскага сельсавета. Кожны наведвальнік фэсту мог пакаштаваць журавіны новага ўраджаю, каб у дажджлівае восеньскае надвор’е і зімой можна было падтрымаць імунітэт, а для гэтага лепш за ўсё кісленькія журавіны, у якіх шмат вітамінаў. Самых маленькіх наведвальнікаў мерапрыемства арганізатары каталі на брычцы, на якой ездзіў сам паэт Адам Гурыновіч, што жыў у гэтых мясцінах.

Арганізатары свята пастараліся. Забавы былі на любы густ: шыкоўны канцэрт арганізаваны стараннямі лыцавічскага СДК, разнастайныя экалагічныя гульні, кірмаш-выстава, дэгустацыя і шмат іншага. Найсмачнейшымі пачастункамі заваблівалі гледачоў сельскія падворкі. Гаспадыні гэтых падворкаў і сталі галоўнымі, хто ўдзельнічаў у спаборніцтвах і конкурсах за званне быць лепшымі. Такім чынам, па выніках прадстаўлення сваіх падворкаў, спаборніцтва па зборы журавін, артыстызму былі ўзнагароджаны гаспадыня падворка Каркотка Таццяна з вёскі Слабада, Русак Ірына з вёскі Каралеўцы, Місюль Таццяна з вёскі Іжа, Кулак Майя з вёскі Ролічы і Кібалка Ала з Лыцавіч. Усе яны былі лепшымі і па творчаму прадстаўленню сваіх падворкаў, якія былі запоўнены садавінай і агароднінай з уласнай гаспадаркі і лепшымі ў імправізаваным зборы журавінаў, калі па ўсёй сцэне былі рассыпаны ягады і іх трэба было сабраць на хуткасць. І, безумоўна, лепшымі, калі трэба было вынесці поўныя кашы журавін па балотных купінах.

Афіцыйную частку мерапрыемства адкрылі старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, кіраўнік ААТ «Чурлёны» Пётр Міргалоўскі і старшыня Іжскага сельскага Савета Валянціна Навасёлак. Кожны з іх у сваім прывітальным слове адзначыў – Іжаншчына мае ўнікальную прыроду, якую трэба зберагаць і якой трэба ганарыцца, што яскрава даказвае «Журавінавы фэст». Падчас асноўнага мерапрыемства гучала шмат песен,у тым ліку і цудоўная песенная праграма калектыву “Вілея-казацкая”. Гледачы актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, парамі танчылі старадаўнія танцы – кракавяк, падыспань, польку і іншыя, якія прадставілі выхаванцы калектыву «Карагод» гімназіі № 2 г. Вілейкі падчас майстар-класа знакамітай вілейскай фалькларысткі Зінаіды Крупскай. Было месца на мерапрыемстве і падвядзенню вынікаў жніва, дзе Пётр Міргалоўскі ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў гаспадаркі, было і асвячэнне караваяў новага ўраджаю з частаваннем кожнага прысутнага.


Фэст адбыўся годна і па-вілейску гасцінна, і велічна. Няхай з кожным годам гасцей на фестывалі становіцца больш, а ў будучым яго ўдзельнікамі і наведвальнікамі стануць не толькі віляйчане, але і госці з усёй Беларусі і замежжа. Гэты фэст абавязкова стане шыкоўным тэматычным фестывалем Вілейшчыны з прэтэнзіяй на ўнікальнасць, бо барвовая ягада ніколі не звядзецца ў гэтых цудоўных прыгожых мясцінах.
Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

P.S.: Рабочая група па правядзенні свята выказвае ўдзячнасць кожнаму, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. Словы падзякі выказваем дырэкцыі і прафсаюзнаму камітэту ААТ “Чурлёны” (дырэктар Міргалоўскі П. М.); Вілейскаму хлебазаводу (дырэктар Сяргей А. П.); Вілейскаму раённаму Дому рамёстваў; Вілейскай раённай арганізацыі “Чырвонага крыжа”; фермерскай гаспадарцы “Лыцавічы” (Сарока В. П.); магазіну “Мінімаркет” (Лявоненка В. В.).

У чарговы раз пацвердзілі сваё прафесійнае майстэрства работнікі культуры: Марыя і Дзяніс Шарафановічы, Дземеш Вера, Марына Пашкевіч, увесь калектыў лыцавіцкага СДК, выдатныя вядучыя – Роліч Наталлі Анатольеўны і Баравога Віктара Іосіфавіча, настаўнікі чурлёнскай школы. Парадавалі чурлёнскія і іжскія самадзейныя артысты, госці з Вілейкі, а таксама ўдзельнікі конкурсаў з групамі падтрымкі.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 37 queries