Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пра галоўную з восеньскіх спраў

Галоўная  з восеньскіх спраў. Гэта я пра ўборку бульбы. Палеткі ў гаспадарках раёна, якія былі ёю заняты сёлета, паступова пусцеюць. Выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну, сяльчане шчыруюць на палях. З дапамогай, трэба адзначыць, гараджан, якія штодня бяруць курс на гаспадаркі, дзе ўбіраецца бульба. Яна ў гэтыя дні – асаблівы клопат не толькі вяскоўцаў, але і гараджан.

150 гектараў было сёлета занята другім хлебам у «Новай Любаніі». Большасць гэтай плошчы ўжо ўбрана. Ураджайнасць, адзначыў кіраўнік гаспадаркі Пётр Вяжэвіч, нядрэнная – 205 цэнтнераў з гектара.

На полі перад Навікамі, куды мы прыехалі на днях, абедалі.
– Праз дваццаць хвілін пачынаем працаваць, – зірнула на гадзіннік малады аграном гаспадаркі Аліна Глянько. – Вунь тое поле, ля Тураўшчыны, ужо ўбрана, цяпер працуем тут.
Дзяўчына павяла нас па дарозе, ад якой удаль цягнуліся ўжо разагнаныя барозны, шчодра ўсыпаныя клубнямі.

– «Рагнеда», «маг», «уладар», «скарб», «архідэя», «брыз» і іншыя сарты тут пасаджаны, – з веданнем справы расказвала Аліна, паказваючы на палеткі.

Усяго месяц, як дзяўчына працуе ў гаспадарцы. Малады спецыяліст, яна прыехала на Вілейшчыну пасля заканчэння сельгасакадэміі. Родам дзяў-чына з Віцебшчыны, бацькоўскі дом далёка, таму гаспадарка пасяліла яе ў добраўпарадкаваную кватэру, дзе Аліна суседнічае з яшчэ адной дзяўчынай.
– Канешне ж, сумую крыху па доме, – шчыра прызналася малады аграном. – Але ж я ўжо самастойны чалавек, трэба працаваць, уладкоўвацца ў жыцці. Управімся з тэрміновымі работамі, пасвабаднее крыху – пайду ў які-небудзь гурток ці спортам займуся. І не буду сумаваць.
Унучка былога кіраўніка сельгаспрадпрыемства з Віцебшчыны, Аліна з любоўю расказвае пра сваю бабулю-старшыню. Вунь якая яна была спрытная і баявая, усё ў яе атрымлівалася.
– Стараюся быць на яе падобнай, – усміхнулася дзяўчына. – Як і яна, ваджу аўтамабіль і трактар, працую ў вёсцы.


Цёпла, па-сяброўску і, разам з тым, паважліва гутараць з Алінай гарадскія памочнікі. І ад яе пра іх пачулі толькі добрае. Дапамагаюць, адзначыла, і беспрацоўныя, і пасланцы гарадскіх устаноў і арганізацый, і навучэнцы каледжа. Любанцы таксама на вышыні. У дзень нашага прыезду на полі былі механізатары Генадзь Казакевіч, Алег Акуньковіч, вадзіцелі Алег Клемантовіч і Дзмітрый Карняйчук (мінчанін, ён дапамагае на ўборцы бульбы).

– Мне камфортна ў гаспадарцы, – прызналася Аліна. – З кіраўніцтвам агульную мову знайшла хутка. Дырэктар «Новай Любаніі» Пётр Вяжэвіч і яго намеснік Юрый Дуброўскі вельмі простыя ў стасунках людзі і кампетэнтныя ва ўсіх пытаннях спецыялісты. Ва ўсім мне дапамагаюць. З любым пытаннем, якое ў мяне ўзнікае, звяртаюся да іх. У любы час – і ніколі не чула нездаволенасці ці раздражнення.

Дваццаць хвілін, якія заставаліся да канца абеду, праляцелі, і гарадскія памагатыя паспяшаліся да барознаў. Як і належыць галоўнай на полі, Аліна з веданнем справы і дакладна давала распараджэнні. І зноў пачалася работа. Праз колькі хвілін дружныя каманды працаўнікоў, пераганяючы адна адну, былі ўжо далёка ад дарогі, ад якой нядаўна ўзялі старт…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 40 queries