У кожнай сям’і ёсць і свае асаблівыя даты, па якіх прынята збірацца за круглым сталом. Гэта і дні нараджэння, і гадавіны вяселля і іншыя падзеі. І даволі вялікая рэдкасць, калі сямейным святам становіцца і прафесійнае. Сем’і, у якіх ёсць і такое свята з гонарам называюць дынастыямі. Між тым, працоўныя дынастыі – сапраўды залаты фонд любога калектыву. Гэтыя людзі выклікаюць шчырую павагу сваім прафесіяналізмам, стаўленнем да працы і адданасцю справе. Не з’яўляецца ў гэтым выключэннем і сфера культуры, дзе таксама існуе шмат дынастый, дзе старэйшае пакаленне прывівае любоў да прафесіі сваім дзецям і ўнукам.
Дынастыя – гэтае гучнае слова падыходзіць і для сям’і Шымановіч з Селішча. Адной з яе традыцый можна назваць існуючую ў сям’і любоў да адной прафесіі, якая перадаецца ад бацькоў да дзяцей, а затым і ўнукам, праўнукам, а таксама любоў да песні, якая нязменна гучыць на ўсіх сямейных святах. Нездарма, гэтую творчую дынастыю запрасілі на абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які праходзіць 8 кастрычніка ў Мар’інай Горцы. Фестываль прымеркаваны да Міжнароднага дня работнікаў культуры, які святкуецца ў другую нядзелю кастрычніка, і тут, на пухавіцкай зямлі, адзначаць лепшых працаўнікоў сферы культуры і, безумоўна, творчыя дынастыі, сярод якіх і прадстаўнікі Вілейскага раёна – сям’я Шымановіч.
Творчая глава сямейнай дынастыі – Наталля Канстанцінаўна Шымановіч, загадчыца селішчанскага сельскага Дома культуры. Напярэдадні свята мы пагутарылі з ёй і пацікавіліся дынастычнымі традыцыямі.
– Раскажыце, Наталля Канстанцінаўна, хто заклаў творчую эстафету ў Вашай сям’і?
– Пачынальнікамі творчай дынастыі сталі мае бацькі – Пятроў Канстанцін Паўлавіч і Вера Мікалаеўна.
Бацька, Канстанцін Паўлавіч родам з Іллі, ён вельмі добра іграў на трубе і пасля заканчэння ільянскага тэхнікума, і службы ў арміі прыйшоў у культуру. Да 1976 года працаваў дырэктарам ільянскага сельскага Дома культуры, кіраваў тут духавым аркестрам, затым пераехаў на Случчыну і там працаваў у падлескім сельскім Доме культуры. Мая маці – Вера Мікалаеўна, родам з Маладзечаншчыны, з мястэчка Маркава, яна таксама валодала мастацкімі здольнасцямі, мела выдатны голас, пісала вершы. Да 1976 года разам з бацькам працавала ў ільянскім Доме культуры.
– Вы таксама адразу пашлі працаваць у культуру?
– З культурай звязана ўсё маё жыццё. З дзяцінства ўвесь час я праводзіла разам з бацькамі ў клубе, заўжды пела, выступала і ў дзяцінстве, і як стала дарослай. Скончыла ільянскі тэхнікум, крыху працавала ў дзіцячым садку, затым – ў мільчанскім клубе, потым, як з сям’ёй пераехалі ў Селішча,працавала ў сельскай гаспадарцы. Але ўвесь час прымала ўдзел ў мясцовай самадзейнасці, выступала на сцэне, заўжды шмат пелі і дома. А потым ужо поўнасцю звязала сваё жыццё з культурай. І вось ужо больш 13 год працую загадчыцай селішчанскага Дома культуры.
– Хто працягвае Вашу сямейную традыцыю і працуе ў культуры?
– Мае дачушкі, Вераніка і Ірына. У 2011 годзе яны скончылі Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Народная творчасць (харавая музыка). Абедзьве яшчэ з 2009 года працуюць у культуры – спачатку Ў ільянскім Доме культуры, а зараз – тут, у Селішчы. Ірына працуе кіраўніком вакальнага гуртка, а Вераніка – культарганізатарам у Доме культуры.
– Калі палічыць, то агульны стаж працы Вашай сямейнай дынастыі ў культуры амаль 60 год. Гэта больш паўстагоддзя. Атрымоўваецца дынастыя Пятровых – Шымановіч унесла значны ўклад у развіццё культуры нашага раёна, бо мерапрыемствы, канцэрты, пастаноўкі і творчыя нумары прадстаўнікоў Вашай сям’і радавалі не адно пакаленне віляйчан.
– Атрымоўваецца так. Мы заўжды з песняй. Акрамя таго, што ладзім розныя мерапрыемствы, канцэрты, удзельнічаем у творчых нумарах з нашымі калегамі з іншых клубаў на раённых і гарадскіх мерапрыемствах, яшчэ і далучаем да песні і сваіх аднавяскоўцаў. Я вяду гурток сольнага спеву для дарослых «Надзея», а Ірына з’яўляецца кіраўніком дзіцячага вакальнага гуртка «Зорачкі». Сумесна з Веранікай, усе разам,мы і арганізоўваем рознапланавыя мерапрыемствы і выступленні.
– Вялікі дзякуй і з прафесійным святам усю Вашу вялікую сям’ю. Творчых поспехаў, удзячных слухачоў і выдатнага настрою.
У вялікай сям’і Шымановіч, дочкі таксама маюць свае сем’і і дзяцей, таму ў іх шмат падстаў сабрацца разам. І, будзем лічыць, адна з іх – прафесійнае сямейнае свята – Дзень работнікаў культуры. Мы спадзяёмся, што з цягам часу да сямейнай урачыстасці далучыцца і чацвёртае пакаленне дынастыі.
Кожны работнiк сферы культуры ўнікальны і апантаны чалавек, што заслугоўвае падзякі і захаплення. Культработнікі валодаюць асаблівай энергетыкай, а дарыць людзям добры настрой і эмоцыі, справа вельмі складаная, як бы гэта проста не прадстаўлялася іншым.
Усе работнікі культуры бязмежна адданыя сваёй справе і могуць гаварыць пра яе гадзінамі. Для іх творчасць – гэта родная стыхія, дзе можна ў поўнай меры праявіць фантазію і тэмперамент. Нярэдка здараецца так, што лёсы гэтых людзей цесна пераплятаюцца не толькі ў творчасці, але і па жыцці яны ідуць побач, утвараючы сем’і, у якіх з пакалення ў пакаленне перадаюцца ў спадчыну не толькі прыродныя таленты, але з самага ранняга дзяцінства перадаюцца, і небеспаспяхова, сакрэты прафесіі. Дык няхай творчыя сакрэты сям’і Пятровых – Шымановіч перадаюцца і ўнукам, і праўнукам, жадаючы працягнуць справу бабуль і дзядуляў, каб у будучым утварыліся і працягваліся дынастыі, якіх больш станавілася і ў сферы культуры Вілейшчыны.
Грамадства, культура і чалавек непарыўна, арганічна звязаныя паміж сабой – ні само грамадства, ні чалавек не могуць існаваць па-за культурай, роля якой заўсёды была і застаецца фундаментальнай, асабліва на нацыянальнай і міжнароднай арэне. А вілейскія дынастыі і надалей будуць рабіць свой маленькі ўнёсак у вялікую справу развіцця нацыянальнай культуры Беларусі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва сям’і Шымановіч
Толькі правільна не Дом культуры, а Селішчанскі сельскі клуб.