Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Агульны педагагічны стаж дынастыі ў трох пакаленнях Рудак – Жынгілевіч складае каля 270 гадоў

Падлічана, што агульны педагагічны стаж дынастыі ў трох пакаленнях Рудак – Жынгілевіч складае каля 270 гадоў. Прадстаўнікі яе працавалі і працуюць у Куранецкай сярэдняй школе.

Нялёгкае жыццё пражыла старэйшына гэтай дынастыі – Паліна Фёдараўна Рудак. Нарадзілася і закончыла школу ў Лепелі, вайной была ў эвакуацыі ў Сібіры, вярнуўшыся на радзіму, атрымала прафесію настаўніка і працавала ў дзіцячым доме… Жыццё непрадказальнае, і праз пэўны час яно прывяло Паліну Фёдараўну на Вілейшчыну, у Язні. Неўзабаве яна сустрэла аднакурсніка, які настаўнічаў у Куранцы, і ён, што называецца, пераманіў былую аднагрупніцу ў сваю школу. Як адчуваў, што педагог яна ад Бога.
…Позні вечар. Вясковая хата, асветленая цьмяным начніком. Ужо даўно спіць сям’я. А над сталом, накінуўшы на плечы цёплую хустку, схіляецца настаўніца. Вучнёўскія сшыткі, планы, падручнікі – усё гэта забірае нямала часу, таму і засядзелася дапазна.
Гэта карцінка знаёмая кожнаму, хто ведае настаўніцкія клопаты. У сельскіх жа педагогаў да іх далучаюцца яшчэ і сялянскія – гаспадарка, жыўнасць на падворку, агароды. Толькі паспявай усюды, настаўнік!
Усё гэта не мінула і Паліну Фёдараўну, пра якую з любоўю ўзгадвае яе ўнучка, таксама настаўніца куранецкай школы Вольга Жынгілевіч.


– Пра іншую прафесію я нават і не думала, – расказвае яна. – Бабуля – настаўніца, мама, Наталля Юр’еўна, – таксама. Ды я з маленства была ў школе, расла ў гэтай асаблівай атмасферы. Менавіта бабуля, настаўніца пачатковых класаў, навучыла мяне чытаць і пісаць. І вышываць, дарэчы, таксама. Увогуле, усё тое добрае, што сёння магу, – ад яе, ад бабулі. І мама стала настаўніцай, канешне ж, пад яе ўплывам. Рада, што мой старэйшы сын яшчэ памятае сваю прабабулю, яна мне дапамагала, калі ён быў маленькі. А вось малодшы, на жаль, рос ужо без яе.
Няпроста гэта – быць прадаўжальнікам важнай справы, якую пачыналі твае папярэднікі. Так і ў дынастыях. Пачынаючы свой педагагічны шлях у роднай школе, Вольга Валер’еўна ведала, што яе працу будуць параўноўваць з працай яе блізкіх – мамы і бабулі. А тут так распарадзіўся лёс, што і мужам стаў сын вядомай на Вілейшчыне настаўніцы, колішняга дырэктара куранецкай школы Галіны Уладзіміраўны Жынгілевіч. Так з’ядналіся дзве настаўніцкія сям’і.
– Калі збіраемся разам, то, з чаго б ні пачыналі размову, усё роўна заканчваем педнарадай, – жартуе Вольга Валер’еўна. – Бо ўсё наша жыццё звязана са школай, ёю жылі і жывём.
На жнівеньскай педагагічнай нарадзе дынастыю Рудак – Жынгілевіч ўшаноўвалі ў ліку іншых. На сцэне плячо ў плячо стаялі Наталля Юр’еўна Рудак, Галіна Уладзіміраўна і Вольга Валер’еўна Жынгілевіч. Утрох прымалі віншаванні, і кожная, напэўна, уяўляла побач з сабою і Паліну Фёдараўну Рудак, і яе сястру-настаўніцу, Героя сацыялістычнай працы, і сясцёр Галіны Уладзіміраўны Жынгілевіч, таксама педагогаў – усіх сваіх блізкіх, хто прысвяціў жыццё самай высакароднай прафесіі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены В. В. ЖЫНГІЛЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 23 queries