Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Нашы бабулі таксама ладзілі «дзявішнік» і кідалі «букет» праз галовы

Галоўны «абрад пераходу» ў жыцці чалавека
Нашы продкі строга прытрымліваліся заведзеных на Беларусі абрадаў і рытуалаў, якія звязаны з беларускімі святамі і сямейнай абраднасцю. Найбольш значным з шэрагу сямейна-бытавых абрадаў было вяселле.
Для беларусаў вяселле было галоўным этапам у жыцці чалавека. Навогул, у сваім уяўленні сяляне беларусы акрэслівалі тры галоўныя этапы жыцця чалавека – так званыя «абрады пераходу». Першы – гэта нараджэнне, бо лічылася, што немаўля з’яўляецца на свет пераходзячы з невядомага, «іншага» свету ў свет жывых. Таму столькі забабонаў, абрадаў і звычаяў існавала як для цяжарнай жанчыны, так і для першага года жыцця немаўляці. Другі этап – вяселле. Гэта найгалоўнейшы этап «пераходу», калі малады чалавек пераходзіў са стану хлопца ў стан мужчыны, а дзяўчына – у стан жанчыны. Менавіта гэты этап, гэтыя дні вяселля насычаны такімі шматлікімі рытуаламі, абрадамі, дзеяннямі, бо лічылася, што ў гэты час можна паўплываць на ўсё астатняе жыццё – як на добрае, так і на благое. І трэці, апошні «абрад пераходу» – хаўтуры, калі чалавек пераходзіў з гэтага свету ў «іншы» свет, невядомы.
Дык вось, вяселле найгалоўнейшы «абрад пераходу» ў жыцці чалавека. Колькі тут трэба было выканаць абрадавых дзеянняў, каб далейшае жыццё маладых было багатае і шчаслівае.
Менавіта цяперашні час – да Пакрова, быў часам сватання. У гэту пару, калі былі закончаны ўсе палявыя работы, а ў засеках селяніна было што ўзяць і падаць да стала, надыходзіў самы спрыяльны час для гуляння вяселляў. Таму да Пакравоў бацькі жаніхоў засылалі сватоў да дзяўчат. Ад Пакравоў да Піліпаўскага пасту, які пачынаецца з канца лістапада, у кожным родзе спраўлялі дзецям вяселлі.

Вяселле пач. ХХ ст. у м. Волчын

Нашы бабулі таксама ладзілі «дзявішнік» і кідалі «букет» праз галовы

Сучаснае вяселле не мае а нічога звыш новага, чаго не было ў нашых продкаў. Многае проста трансфармавалася, змяніла свой вонкавы вобраз, а сэнс застаўся. І супермодныя сучасныя «дзявішнікі» і «мальчышнікі» таксама ладзіліся моладзю 50 і 100 год таму. На старажытным вяселлі на Вілейшчыне таксама быў вечар, калі нявеста збірала незамужніх сябровак і яны па-даўнейшаму «адрываліся» – спявалі, жартавалі і частаваліся віном і ежай. Толькі называлася гэта – «Зборная субота», «Вянок» ці «Дзявочы (паненскі) вечар». Маладая збірала за сталом сваіх незамужніх сябровак, яны спявалі спецыяльныя, толькі для гэтага вечара, песні, дараблялі вэлюм (фату), плялі вянок. У гэты час хлопцы маглі «дзяжурыць» пад вокнамі і чакаць пэўнага моманту… А ён надыходзіў, калі прыбіралі са стала вянок (вэлюм) і трэба было хутка сарваць настольнік. Калі гэта рабілі дзяўчаты – то яны кідалі яго за вакно, на двор, каб ў гэтым годзе ўсім ім выйсці замуж, выйсці са сваёй хаты. А калі настольнік паспявалі схапіць хлопцы, то яны яго кідалі на печ, каб дзеўкі цэлы год яшчэ сядзелі на печы і не выходзілі замуж. А потым ставілі розныя стравы на стол і пачыналася гулянка… Больш прасцейшая гулянка з застоллем і музыкамі адбывалася і ў маладога дома.
Шмат хто думае, што кідаць вясельны букет – гэта новая традыцыя сучасных вяселляў. Але і гэта не новаўвядзенне. Толькі яна крыху іншая ў адносінах да таго, што кідалі. Цяпер гэта букет кветак, а раней на Вілейшчыне ў многіх вёсках спецыяльна выпякалі перад вяселлем акрамя вялікіх караваяў і маленькія каравайчыкі, больш падобныя на булачкі. Гэты каравайчык абкручвалі чырвоным поясам і калі пасля вянчання маладыя пад’язджалі да хаты, то маладая перад варотамі кідала за сябе гэты каравайчык і яго лавілі незамужнія і нежанатыя хлопцы і дзяўчаты. Лічылася, хто ўхопіць гэты каравайчык, той абавязкова ў гэтым годзе выйдзе замуж ці жэніцца.
Моладзь можа сказаць, што сучаснае вяселле намнога цікавейшае і з большым «размахам». Але тут можна паспрачацца. Ранней вяселле пачыналі ў суботу вечарам, калі ладзілі «Зборную суботу», а асноўны першы дзень вяселля пачыналі ў апошні дзень тыдня – у нядзелю, калі ехалі вянчацца. І гулялі да серады, а некаторыя і больш. Чый «размах» маштабней – можна паспрачацца. А па «фішкам», кажучы сучасным языком, старажытнае вяселле пераўзыходзіла сучаснае. Нездарма, з кожным годам цікавасць да старажытных абрадаў і традыцый усё больш і больш узрастае, а сучаснае вяселле становіцца адметным, калі падчас яго выкарыстоўваюць нейкія адметныя нацыянальныя абрады і дзеі.
У гэту тэму мы прапануем нашым чытачам апісанне вяселля нашай мясцовасці 1884 года, якое нам прадставіў наш зямляк, знакаміты даследчык Сымон Вікенцьевіч Барыс. Дарэчы, гэта адзін з матэрыялаў, што увайшоў у падрыхтаваную нашымі землякамі Анатолем Рогачам і Сымонам Барысам кнігу «Нарачанскі край: ад Спяглянкі да Вяліі», якая будзе надрукавана сёлета і ў якой змешчаны поўны варыянт апісання вяселля 1884 года.
Сяргей ГАНЧАР

Вяселле ў Вілейскім павеце ў 1884 годзе (скарочана)

Сяляне Вілейскага і іншых паветаў Віленскай губерні ўступаюць у законны шлюб вельмі рана, звычайна ў 18–19 гадоў. Найважнейшай прычынай такіх ранніх шлюбаў служыць недахоп працоўных рук у сям’і. Бацькі, якія маюць сына-жаніха, загадваюць апошняму ажаніцца, прычым паказваюць яму і нявесту. Бывалі (ды яшчэ і зараз бываюць) у глухіх вясковых глухменях выпадкі, што жаніх зусім не ведае сваёй нявесты і ўпершыню бачыць яе ў дзень вяселля. Калі ж так ці інакш нявеста знойдзена, то яе «запіваюць».
Запоін бывае двое: вялікія і малыя, «Малыя запоіны» здзяйсняюцца бацькам жаніха і сватам, якія, узяўшы на першы раз цэлы гарнец гарэлкі, адпраўляюцца да маладой. Спачатку яны хаваюць мэту свайго прыходу і пачынаюць размову зусім на іншую тэму. Гарэлку, якая знаходзіцца ў драўлянай бочачцы або гліняным глячку, яны хаваюць у палатнянай торбе, ставяць за стол у чырвоны кут. Ведучы размову аб старонніх прадметах, сваты ўглядаюцца ў маладую і спакваля даведаюцца, ці ўсе родныя маладой дома. Калі апынецца, што кагосьці з паважаных членаў сям’і няма дома, тады гарэлка застаецца некранутай, хоць бы маладая і вельмі спадабалася ім.
У такім разе прыходзяць другі раз і тады ўжо і хоць бы і не было каго-небудзь з членаў сям’і, сваты адкрываюць сваю мэту прыходу, заручаюцца перш за ўсё згодай бацькоў, а потым нявесты, п’юць гарэлку і «дзеўка запіта». Гэта так званыя «малыя запоіны». Праз тыдзень або каля гэтага зноў ідуць сватаць дзеўку (на гэты раз з бацькам ідзе маці і, у рэдкіх выпадках, жаніх) з вялікай гарэлкай і пірагамі. «Вялікай» яна называецца таму, што, па-першае, вырашаюцца ўсе канчатковыя ўмовы адносна вяселля – тэрміну вянчання, пасагу і падарункаў, якія павінна будзе даць маладая новым сваім сваякам, і, па-другое, выпіваюць пры дапамозе суседзяў 2 – 3 гарнцы гарэлкі.
Грашовы пасаг у сялян бывае ў рэдкіх выпадках, а большай часткай складаецца з каровы, восеці, авечкі, пары гусей і качак, а часам маладога бычка. Акрамя таго кубел, напоўнены трубкамі палатна і розных сукенак.
Нявеста, па звычаю, дае падарункі бацькам жаніха: маці – кавалак палатна на кашулю, бацьку – палатно на рукавы, дзеверу і залоўкам – па поясе (іх выткала сама маладая) і іншага па дамоўленасці. Пасля «вялікіх запоін» абодва бакі ўзмоцнена рыхтуюцца да вяселля. Закупляюць магчымую колькасць гарэлкі. Часам для гэтага прадаюць апошнюю кароўку. Запрашаюць на вяселле сватоў і іншых гасцей. Сваты атрымліваюць розныя назвы: старшы сват, дружка, маршалак, закоснік, большанкі (або асістэнткі), свашкі. Акрамя таго ў кожным доме ўдзельніка вяселля – у маладога, маладой і наогул усіх сватоў – пякуць па караваі. Каравай пякуць або з чыстай пшанічнай мукі, калі гаспадары заможныя, ці з ржаной мукі, змешанай з бульбай і мякінай. Той і іншы ўпрыгожваюць зверху рознымі ўзорамі. Каравай – неабходная прыналежнасць кожнага сялянскага беларускага вяселля.
Увечары напярэдадні самога вяселля ў хаце маладой збіраюцца дзяўчаты-суседкі «віць вянок», якім будзе пазначана ўвесь час галава маладой у дзень вяселля. Калі вяночак гатовы, гаспадары прапануюць дзяўчатам пачастунак, якім і заканчваецца «дзявочнік».
У нядзелю раніцай, звычайна да ўзыходу сонца ў доме маладога і маладой усе ўжо не спяць. Маладая ў суправаджэнні сваёй большанкі ходзіць у суседнія хаты, кланяецца ў ногі суседзям і просіць іх на шлюбавіны. Па вяртанні ад суседзяў маладая замыкаецца з большанкамі і іншымі сяброўкамі-дзеўкамі ў істопку. Большанкі апранаюць яе і заплятаюць косы. Маладая плача. Плач абавязковы, у адваротным выпадку нявесту абсмяюць з боку прысутных жанчын, якія просяць заплакаць хоць сілком, акрамя жадання, бо, калі не заплача цяпер, то двойчы адплача, як выйдзе замуж.
Раніцай удоме жаніха пасылаюць прасіць гасцей на «благаславенства», а малады ў гэты час апранаецца. Калі госці збяруцца, жаніх, апрануўшыся зімой у кажух з армяком (світкаю), а летам – толькі ў світцы, садзіцца за стол, у чырвоны кут.
Пакланіўшыся гасцям, жаніх з усімі сватамі адпраўляецца да нявесты. Бацька нявесты выходзіць на двор з хлебам-соллю, малады кланяецца яму ў ногі і цалуе ў руку, і ўсе сваты ідуць у хату. У гэты час маладую ўводзяць у хату, садзяць яе на дзяжу, засланую кажухом (поўсцю ўверх, каб была багатая), і закоснікі расплятаюць косы нявесце. Затым маладая кланяецца ўсім гасцям, а дружка выходзіць з талеркай, а ў некаторых паселішчах (напрыклад, у сяле Рабунь Вілейскага павета) просіць усіх на благаславенства. Абыходзяць тры разы каля стала, маладыя становяцца на калені, бацькі іх дабраслаўляюць (благословляют) і адпраўляюць у царкву «да шлюбу».
У царкву маладыя едуць асобна адзін ад аднаго, на розных калёсах («каламажках»). Спевы сваццей, гукі скрыпкі і звон званочкаў зліваюцца ў агульны гул. З такой весялосцю сваты прыязджаюць у царкву. Па дарозе ў царкву, а роўна і каля царквы маладыя кланяюцца ўсім сустрэчным.
У царкве падчас шлюбу маладыя стаяць на кавалку палатна, а калі яны багацей – на палас («каберцы»). Маладая імкнецца паставіць сваю нагу на нагу маладога, вядома так, каб ён гэтага не заўважыў. Яна паступае так для таго, каб не толькі не быць ва ўціску ў свайго будучага мужа, а наадварот, мець над ім верх. Прысутныя пры вянчанні сяляне , асабліва сваякі, звяртаюць увагу на тое, як гараць свечкі ў маладых: калі яркім полымем, то жыццё будучых мужа і жонкі будзе вясёлае і шчаслівае і наадварот. У выпадку, калі ў маладой свечка гарыць цьмяна, то ўсе яе сваякі тут самі сабою заліваюцца слязамі.
Да вечара «свадзьба» з музыкай і спевамі накіроўваецца ў дом маладой. У гэты час выходзіць з хлебам-соллю бацька нявесты і просіць сватоў у хату. Жаніх і нявеста кланяюцца бацьку, ідуць разам са сватамі ў хату і садзяцца за стол абедаць. Малады садзіцца на покуцці, па правы бокад яго – маладая жонка, а па левы бок – дружка, маршалак, закоснік і іншыя.
Увечары наступнага дня (у панядзелак) у той жа істопцы, дзе ўчора надзявалі маладой вянок, цяпер здымаюць яго і апранаюць, нягледзячы на яе супраціў і слёзы, каптур (галаўны ўбор накшталт чэпчыка) – прыкмета бабы. З істопкі малады прыводзіць маладую на поясе ў хату і садзіцца з ёю за стол.
У гэты час на стале ставіцца талерка, у якую збіраюць для маладых падарункі: ад бацькі, маці і наогул ад усіх прысутных на вяселлі. Пасля падарункаў маладая запрашае сваю маці да дзяльбы маёмасці:

Хадзі, матулька, падзелімся мы з табой,
Табе матулька, новыя сені і камора,
А мне, маладзе, кубел адзежы і карова.

Маладая забірае свой кубел або куфар, а таксама карову і іншае, прызначанае ёй у пасаг, і ўсе сваты адпраўляюцца дадому да маладога. Акрамя ранейшых сватоў, да маладога едуць «свашкі», большай часткай сваячкі маладой і «кубельнік», г.зн. сват, які вязе кубел.
На падворку ў маладога сватоў сустракаюць часам стрэламі са стрэльбаў. Маці жаніха (свякроўка маладой) сцеліць трубку палатна і прамаўляе: «Мая нявестка! Ні хадзі па сялу, ня судзі пра сям’ю» і ўводзіць маладых па палатне ў хату, і садзіць іх за стол, у чырвоны кут. Затым яна падыходзіць да нявесткі і здымае з яе галавы хустку, якой былі ў яе закрытыя вочы, так што яна да гэтага часу не магла бачыць нікога і нічога навакольнага.
На наступны дзень усе сваты адпраўляюцца ў гумно малаціць. З гумна сваты ідуць аглядаць усю маёмасць маладога, не выключаючы і хлява. У час гэтага падарожжа сватам даводзіцца бачыць розных «майстравых людзей»: у адным месцы сядзіць шавец і шые з бяросты ці лубу боты, у другім месцы – кравец шые з рагожкі кашулю ці паліто, у трэцім – зроблена нешта падобнае на млын, з якога слупом валіць попел і іншае. І ўсіх іх маладая надзяляе паясамі.
Вяселле прадаўжаецца і ў наступныя дні – сераду, чацвер і нават пятніцу.
1884 г., кастрычніка 15 дня. Канстанцін Нарэйка.
Пераклаў на беларускую мову і адрэдагаваў С. В. Барыс.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 44 queries