Сёння, 11 верасня 2016 года ў 8 гадзін раніцы па ўсёй краіне расчынілі дзверы выбарчыя ўчасткі – пачалося галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Жыхары Вілейскага раёна аддаць свае галасы за абраных кандыдатаў могуць на сарака чатырох участках.
Карэспандэнты ШП наведалі Цэнтральны ўчастак для галасавання № 9 г. Вілейкі, што размяшчаецца ў будынку Палаца культуры і пацікавіліся ў старшыні ўчастка Галіны Аўласовіч аб ходзе галасавання.
– У спісках выбаршчыкаў, якія галасуюць на нашым участку, значацца без малога дзве тысячы чалавек, – расказвае Галіна Мікалаеўна. – На 12 гадзін працэнт тых, хто прагаласаваў, складае 41,3 працэнты.
У нашых спісах трынаццаць інвалідаў-калясачнікаў і яшчэ больш за сотню пажылых і нямоглых, якія пажадалі прагаласаваць дома, і мы да кожнага з іх наведаемся. Дарэчы, сёння на нашым участку дзяжураць валанцёры з Чырвонага Крыжа, якія дапамогаюць, калі гэта трэба падняцца па лесвіцы, прайсці на ўчастак.
Амаль кожнага з выбаршчыкаў Галіна Аўласовіч і члены камісіі добра ведаюць, таму галасаванне праходзіць у атмасферы добразычлівасці, цеплыні і павагі. Для тых, хто галасуе ўпершыню, падрыхтаваны і ўручаюцца віншавальныя паштоўкі за подпісам Лідзіі Ярмошынай і сувенірчыкі. Прыходзяць цэлымі сем’ямі, і маленькія віляйчане з цікавасцю назіраюць за тым, што адбываецца на ўчастку. Пройдуць гады, і кожны з іх усвядоміць сур’ёзнасць і важнасць усеагульнай справы, непасрэднымі ўдзельнікамі якой стане і сам.
Як расказала Галіна Аўласовіч, за ходам галасавання на Цэнтральным участку № 9 сочаць назіральнікі. Сярод іх – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама назіральнікі ад грамадзян, якіх вылучылі шляхам збору подпісаў. Усяго акрэдытавана сем чалавек.
Наведалі ўчастак сёння і назіральнікі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў — дэпутат Заканадаўчага Сходу Арэнбургскай вобласці Варонін Юрый Аляксеевіч, старшыня Грамадскай палаты Арэнбургскай вобласці Касцянюк Аляксандр Рыгоравіч і намеснік старшыні упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства культуры і знешніх сувязей Арэнбургскай вобласці Кузняцоў Сяргей Аляксеевіч.
– Праца ўчастка праходзіць ва ўрачыста-святочнай абстаноўцы. Падрыхтавана цікавая канцэртная праграма, працуе буфет. Прыходзьце, будзем рады кожнаму, – запрашае віляйчан Галіна Аўласовіч. – Бярыце з сабою добры настрой, усведамленне важнасці нашай агульнай справы і – абавязкова дакумент, якія засведчыць асобу.
Ірына БУДЗЬКО, Сяргей ГАНЧАР













