Валерыя Мельнік – маладая і перспектыўная актрыса, якая ў свае гады ўжо мае значную фільмаграфію. З самага пачатку вучобы ў Акадэміі мастацтваў яна пачала здымацца:
1. 2015 – серыял, меладрама «Будущее совершенное», рэжысёр А. Карэлін.
2. 2015 – серыял, меладрама «Алла в поисках Аллы», рэжысёр А. Карэлін.
3. 2016 – серыял, меладрама «Кто я», рэжысёр А. Карэлін.
4. 2016 – серыял, меладрама «Долги совести», рэжысёр А. Карэлін.
5. 2016 – серыял, меладрама «Куда уходят дожди», рэжысёр А. Карэлін.
Пра першыя крокі ў акцёрскай справе, пра настаўнікаў у творчасці і пра стаўленне да прафесіі мы гутарым з актрысай Валерыяй Мельнік.
– Добры дзень. Вы вельмі маладая, але ўжо запатрабаваная актрыса, калі ласка, раскажыце нашым чытачам пра сябе, пра свае першыя крокі ў творчай дзейнасці?
– Нарадзілася я ў Вілейцы, скончыла тут 9 класаў і пасля паступіла ў гімназію-каледж мастацтваў у Маладзечне. Каб здзейсніць мару стаць актрысай,я паспрабавала паступіць у Акадэмію мастацтваў, але першы раз не атрымалася. Мой далейшы выбар быў – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, гістарычны факультэт. Правучыўшыся там паўтары гады, я зразумела, што маё сэрца, па сутнасці, больш імкнецца да творчай спецыяльнасці. І я перавялася ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Дзякуючы таму, што ў мяне ўжо была сярэднеспецыяльная адукацыя, таксама акцёрскае, мяне залічылі адразу на другі курс акадэміі мастацтваў. І зараз, з 1 верасня я студэнтка 4 курса, апошні год вучуся, ну а далей нешта буду спрабаваць.
– А адкуль такое імкненне спачатку да акцёрскай справы? Магчыма, у Вілейцы ўдзельнічалі ў народным тэатры, ці што іншае?
– Не, тут а ні ў якім тэатры я не ўдзельнічала. Але вялікі ўплыў на мяне аказаў Анатоль Аляксандравіч Шагаў. У Вілейцы хадзіла ў музычную школу, у мяне былі выдатныя выкладчыкі, спявала ў дзіцячым хоры «Кантус», кіраўніком і дырыжорам якога і быў Анатоль Аляксандравіч. Кожны раз, калі ў мяне ёсць якія-небудзь поспехі ў творчай дзейнасці, заўсёды ўзгадваю яго, бо гэта той чалавек, які навучыў мяне ўспрымаць усе творчыя працэсы, творчую дзейнасць менавіта як працу, а не толькі як задавальненне ці спосаб асалоды. І канешне, я вельмі рада, што маёй выкладчыцай па класе фартэпіяна была Курц Таццяна Яўгенаўна, якая таксама навучыла мяне слухаць сябе, успрымаць музычны твор не проста як нейкі там тэкст, але адчуваць гэты твор сэрцам, душой і праз гэта неяк выяўляць сябе. І зараз разумею, што гэта мне вельмі і вельмі дапамагае,і я ўдзячна гэтым людзям.
Гэта сапраўды вельмі цяжкая праца, хаця падаецца, што творчая спецыяльнасць не патрабуе высілкаў, быццам бы гэта навогул не праца. Прыйшоў сабе, прачытаў верш, ці лялякаеш на нейкім музычным інструменце… На самой справе, гэта патрабуе вялікіх намаганняў, пэўных душэўных намаганняў. Таму, напэўна, мой усвядомлены творчы шлях пачаўся менавіта з нашай вілейскай музычнай школы.
– Ну, але ж можна было выбраць шлях спявачкі, пайсці на харавое аддзяленне. Чаму менавіта выбралі акцёрскі факультэт?
– З дзяцінства, калі ў мяне пыталіся, кім ты будзеш, калі падрасцеш – я не магла вырашыць для сябе кім жа стаць. Усё думала, што ж выбраць – можа доктарам – не, настаўніцай – таксама не маё. Не тое, каб мне не падабаліся пэўныя прафесіі, спецыяльнасці – я іх выбірала вельмі шмат сабе, але ніяк не магла вызначыцца. А калі пачала спяваць у хоры «Кантус», калі выходзілі спяваць на пляцоўку, разумела, што вось яна,сцэна, вось яны,гледачы, і штосьці запальвалася ў душы. Адразу станавілася іншае ўспрыманне жыцця, і я разумела, што менавіта тут ты можаш выказаць многае аб сабе праз творчасць, каб гэта ведалі ўсе. Менавіта таму я выбрала спецыяльнасць акцёра, пайшла на тэатральны факультэт, бо ведала,што тут магу пражыць вельмі шмат розных жыццяў, кожны раз прымяраючы і адчуваючы новую прафесію ў сваёй іпастасі.
– Я ведаю, што ўсе стужкі, у якіх Вы здымаліся, аднаго рэжысера Аляксея Карэліна. Гэта таму, што на першым кастынгу Вы спадабаліся як актрыса і Вас пачалі запрашаць зноў і зноў.
– Напэўна, так. Мой першы эпізод у серыяле быў ў Аляксея Карэліна, я толькі прыйшла ў акадэмію мастацтваў. Усю нашу групу запрасілі на кастынг, і усіх дзяўчат спрабавалі на ролю старшакласніцы. Мы паспрабаваліся і разышліся па хатах. Вечарам мне тэлефануюць і кажуць – так, і так рэжысёр вырашыў вас ўзяць ў свой фільм, толькі на іншую ролю, ролю «дзяўчыны лёгкіх паводзінаў». Я так спачатку апешыла, а потым вырашыла, што трэба спрабаваць, тым больш раней у кіно я не здымалася. Трэба спрабаваць.
Цікава было паглядзець як ідзе гэта праца. Таму, канешне, я пагадзілася і потым неяк завязалася, што на многія праекты, якія здымаў у Беларусі Карэлін, ён і туды запрашаў мяне ў якасці розных герояў. Я заўжды пагаджалася, бо гэта вопыт.
– А колькі іх ўжо, праектаў у кіно?
– Пакуль усіх 5. Апошні быў у маі, скончыўся і хутка выйдзе на экраны. У бліжэйшы час праца пачнецца з верасня.
– А ўражанні ад здымачнага працэса, ад кіношнага жыцця, якія яны? Былі расчараванні, ці навогул усе вельмі хораша.
– Ну,гэта цікава. Па-першае, ты прыходзіш, вакол цябе мітусіцца вельмі шмат людзей, адны робяць табе прычоску, другія грым, трэція апранаюць-пераапранаюць, пакуль адны фарбуюць пазногці, другія накручваюць валасы. Усё хутчэй-хутчэй, ты адным вокам паглядаеш на тэкст, які трэба гаварыць. Усю апранулі – хлоп і на пляцоўку, і ты стаіш перад камерай. Мне гэта падабаецца, я да гэтага імкнулася, мне цікава.
Напэўна, людзям, якім цяжка знайсці кропкі сутыкнення з іншымі людзьмі, было б складана. Бо на здымачнай пляцоўцы вельмі шмат людзей і з усімі трэба падтрымліваць пэўныя стасункі, чуць адзін аднаго, бо без гэтага не атрымаецца працы. Гэта праца ў камандзе. Мне падабаецца, хаця часам гэта складана з-за таго, што вельмі шмат тэксту і трэба усё хутка-хутка зрабіць. Тым больш, як здымаюцца фільмы – гэта не спектакль, там не можа быць ад пачатку да канца і ты разумееш, што трэба рабіць. Падчас здымкаў, можа быць, што ў першы дзень будуць здымаць апошнюю сцэну карціны, а ў апошні здымачны дзень – першую. І ты павінен дакладна ведаць, як “пражыць” ролю,якія змены адбыліся за гэты час у твайго героя.
– Сумненняў у выбары прафесіі ніколі не было?
– Сумненняў не было. А вось страх, што нешта не атрымаецца, яго вельмі шмат і зараз. Дарэчы, нас заўсёды так настройвае кіраўнік курсу – Мікалай Кірычэнка, народны артыст Беларусі, акцёр Купалаўскага тэатра – ён кажа, што мы заўжды павінны жыць сваёй роляй. У акцёраў не бывае выходных, у акцёра не можа быць такога, што ты адпрацаваў свае 8 гадзін і пайшоў адпачываць. Вы едзеце да хаты – думайце пра тое, як будзеце рабіць сваю ролю, вы кладзецеся спаць – пачытайце свае маналогі, знайдзіце нешта такое, што можа раскрыць ваш вобраз. Карацей – шукайце, шукайце, шукайце… Едзеце ў метро – назірайце…
– А ёсць куміры ў кінамастацтве?
– З сучасных вельмі падабаецца Чулпан Хаматава, яе працы. Гэта адзін з добрых прыкладаў, як можна працаваць і разумець прафесію. Вельмі падабаецца Іна Чурыкава – гэта тое, да чаго можна імкнуцца. З замежных акцёраў мне вельмі падабаецца Мэрыл Стрып – яна і ўладальніца шматлікіх «Оскараў», і для мяне гэта прыклад таго, як актрыса з простымі знешнімі дадзенымі можа дабіцца вялікіх вяршынь праз свой талент. Прафесійныя якасці Мерыл Стрып – гэта тое, з-за чаго хочацца глядзець фільм з яе ўдзелам.
З мужчынскіх акцёраў вельмі падабаецца Дастынг Хофман.
Я вельмі люблю савецкія фільмы, яны па-сапраўднаму добрыя, хаця, там ёсць пэўны пафас, але ў сучасным кіно яго нашмат больш, чым было раней. Вельмі люблю Людмілу Гурчанка, яна прыклад складанага акцёрскага лёсу і таленту актрысы, спявачкі. Яе лёс – гэта лёс акцёра – у цябе ёсць ролі, ты запатрабавана, няма і ты дзесяцігоддзямі можаш быць нікому непатрэбнай. Для акцёра вельмі важна здымацца, граць. Нават, калі гэта нязначныя ролі. На самой справе, шмат залежыць ад акцёра, як ён зможа зрабіць сваю ролю. Лічу што адмаўляцца ад роляў нельга, любых…
– Якія адносіны да тэатра? Больш падабаецца драматычны, музычны тэатр ці іншае?
– Адназначна, мяне больш захапляе тэатр, тэатральная дзейнасць. І я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца паступіць пасля сканчэння акадэміі мастацтваў у тэатр на працу.
На самой справе, вельмі люблю музычны тэатр, хаця ў мяне спецыяльнасць актрыса драматычнага тэатра і кіно. Мне вельмі падабаюцца рок-оперы, аперэты, мюзіклы. У тэатры нашмат больш творчасці, такой сапраўднай, чым у кіно. У кіно, серыялах, я кажу пра тыя серыялы, у якіх здымалася, напэўна, усё пастаўлена на канвеер, дзеля таго, каб кожны зарабіў свае грошы і разышліся. А калі ёсць добры матэрыял, добры рэжысёр, толькі тады атрымоўваюцца і фільмы добрыя, такія сапраўдныя, з вечнай тэматыкай. У такім кіно і іншы падыход да самой працы.
У тэатры зусім іншае жыццё, нават шматлікія мастацкія кіраўнікі тэатраў не дазваляюць здымацца ў кіно, таму што лічаць, што яно псуе акцёрскую натуру. Тэмп серыялаў не дазваляе акцёру думаць, разважаць, аналізаваць – адным словам не ідзе на карысць акцёрскай натуры. Для мяне бліжэй тэатр і я б хацела, каб пасля сканчэння курса з’явілася магчымасць паступіць у тэатр і працаваць там. А калі будуць запрашаць у нейкія тэлевізійныя праекты, у кіно, адмаўляцца няма сэнсу, бо гэта і вопыт і грошы.
– А ці бачыце сябе ў іншай прафесіі? Калі б не акцёрства, у чым бы маглі рэалізавацца?
– Калі б не акцёрства, я б рэалізавалася і вярнулася б ва універсітэт і займалася мастацтвазнаўствам, гісторыяй. Мне гэта цікава. Мне падабаецца ездзіць на раскопкі, у падарожжы. Так, гэта магла б быць нейкая гістарычная дзейнасць.
– А што наконт іншай творчай рэалізацыі – напісанне вершаў, спевы пад гітару, нейкага хобі.
– Усё, чым я займаюся, адно цэлае маёй творчай натуры. І, безумоўна, усё гэта ідзе на карысць маёй акцёрскай натуры. Вершы, песні я складаю па стану настрою, душы. Наконт хобі, ёсць у мяне і хобі – фларыстыка. Не зусім фларыстыка, займаюся вырабам біжутэрыі з эпаксіднай смалы і кветак.
– Акцёрства ва ўсім у жыцці – у паводзінах, у стасунках? Ці Вы на працы адна, а сярод сяброў, сваякоў іншая?
– Я заўжды такая, якая ёсць. Маё такое стаўленне, што акцёр, які грае ў жыцці – гэта вельмі-вельмі дрэнны артыст. Таму, што гэта чалавек, які не разумее жыцця навогул. Мяне дарэчы аб гэтым пытаюцца часта. Я лічу, што трэба размяжоўваць несапраўднасць паводзін і шчыраць. Быць не сабой – не для мяне. Акцёр павінен эксплутаваць сваю натуру, але гэта не павінна ісці на перакор з самім сабой. Не магу прымаць няшчырасць. Дарэчы, асабліва шмат гэтага ў тэатральнай дзейнасці, на жаль. Я заўжды баюся не згубіць сябе ў гэтым асяроддзі. Таму клапачуся заўсёды, каб быць сапраўднай.
– Якое месца ў жыцці займае Вілейка?
– Вілейку вельмі люблю. Вілейка – гэта «Альма-матар». Калі сюды прыязджаю, то спачатку пачынае балець галава ад колькасці свежага паветра, ад спакойнай цішыні. У Мінску, калі ідзеш і пачуў спеў птушак, то думаеш: Божа, адкуль яны ўзяліся. А ў Вілейцы ты гэтым жывеш. Тут зусім іншае паветра, зусім іншыя людзі, нейкая іншая прастора. Тут з’яўляецца час «на падумаць». Калі «перагруз», то я адразу ўцякаю ў Вілейку.
– А як адносяцца да прафесіі Вашы родныя?
– Добра. І за гэта я ім вельмі ўдзячна. Некаторыя мае знаёмыя таксама хацелі пайсці ў акадэмію мастацтваў і іх бацькі не дазволілі ім. Мае бацькі заўжды падтрымліваюць усё тое, чым я займаюся. Дзякуючы ім, я такая, якая я ёсць. У мяне ёсць магчымасць займацца тым, што мне падабаецца. Аднак мой бацька заўжды казаў, калі ўзялася рабіць справу – рабі яе да канца. Так, у пэўны момант, хацела кінуць музычную школу, недзе ў класе пятым. Аднак, бацькі сказалі, што трэба даводзіць справу, якую пачала да канца. За што я ім вельмі ўдзячна і не шкадую. Але гэта не было прымушэнне.
– Як бачыце сябе, напрыклад, праз 10 год?
– Як казаў Ясенін: «Кто я? Что я? Только лишь мечтатель».
Я магу сказаць, што б я хацела, але гэта толькі меркаванні. Мне б хацелася быць актрысай Купалаўскага тэатра, быць запатрабаванай ў кінамастацтве, каб мяне запрашалі ў фільмы, вельмі хацелася б зняцца ў гістарычным фільме. Каб была каханая сям’я, блізкія людзі, дзякуючы якім мне б хацелася тварыць і ісці наперад. Прыкладна так…
– Вялікі дзякуй. Поспехаў, запатрабаванасці і здзяйснення ўсіх мар. А мы будзем чакаць новых роляў і віляйчанку на сцэне Купалаўскага тэатра.
Гутарыў Сяргей ГАНЧАР. Фота прадастаўлена Валерыяй МЕЛЬНІК











