Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А Вілейка магла быць Эстоніяй.

Кастыкі. Крок у мінулае.
Вёска Кастыкі з’яўляецца адным з самых цікавых месцаў на Вілейшчыне. Па-першае, гэта маляўнічая вёсачка, што размяшчаецца на самым беразе Віліі. Здаўна, калі Вілія была паўнаводнай і па ёй хадзілі суды, тут было некалькі прыстаняў, дзе загружалі і разгружалі тавары, што адпраўлялі ці прывозілі з сучаснага Вільнюса, Калінінграда, а тады Каралеўца ці Кёнігсберга-ін-Пройсен (Кёнігсберга ў Прусіі). Па-другое, тут у 1756 годзе мясцовымі жыхарамі была пабудавана невялічкая драўляная царква, якая існуе па сённяшні дзень і з’яўляецца адным з самых старажытных помнікаў драўлянай архітэктуры 18 стагоддзя. Двор Кастыкі быў маёмасцю аднаго з прадстаўнікоў роду Паклеўскіх. Недалёка ад вёскі размяшчаецца адзін з найвядомейшых валуноў на Вілейшчыне – «Варацішын крыж» ці так званы «Барысаў камень», на якім ў 12 стагоддзі быў высечны крыж і зроблены надпісы, камень быў памежным знакам «дзяржавы» полацкага князя Рагвалода Усяславіча, у хрышчэнні Барыса (кан. 1040-х – 1128 гг.). А самае галоўнае, тут з дагістарычных часоў сяліліся людзі, а стаянкі першабытнага чалавека, балтаў і славян паўсюль раскіданы на гэтай тэрыторыі, бо прывабнасць мясцовасці вакол ракі Віліі была самым лепшым месцам для пражывання і развіцця гаспадаркі.

Варацішын крыж. vilmuseum.by

У Кастыках было некалькі прыстаняў, дзе загружалі і разгружалі тавары, што адпраўлялі ці прывозілі з сучаснага Калінінграда, а тады Каралеўца ці Кёнігсберга-ін-Пройсен. Недалёка ад вёска размяшчаецца адзін з найвядомейшых валуноў на Вілейшчыне – «Варацішын крыж» ці так званы «Барысаў камень», на якім ў 12 стагоддзі быў высечны крыж і зроблены надпісы, што быў памежным знакам «дзяржавы» полацкага князя Рагвалода Усяславіча…

Археалагічныя скарбы – гэта косткі і чарапкі. А Вілейка магла быць Эстоніяй.
Цікавасць археолагаў да гэтых мясцін таксама зразумела. Курганы 11-12 стагоддзяў, што захаваліся тут, вельмі важны фактар пры вывучэнні развіцця беларускіх зямель дадзеных перыядаў. Тым больш, што побач, у гэтым арэале,размяшчаюцца некалькі курганных могільнікаў у Камена, ва ўрочышчы Караліна, каля Сцешыц у лесе, а таксама гарадзішча за Даўгінава. Аднак, спяшаюся адзначыць вельмі важны факт для чытачоў і, асабліва, для так званых чорных капальнікаў – усе археалагічныя помнікі, пра якія ідзе гаворка ў дадзеным артыкуле і будзе распавядацца і надалей ў ШП, поўнасцю вывучаны і даследаваны, пагэтаму браць рыдлёўку і ісці шукаць вялікія скарбы бессэнсоўна – усё знайшлі. Праверана. Тым больш, археалагічныя скарбы – гэта ў большасці косткі і чарапкі.
Хаця, можна запытацца, а што, здавалася б нам да таго, якія прадметы ці знаходкі «ўсплывуць» з глыбіні вякоў у сучаснасць? І сапраўды, ну што дасць той чарапок нейкага глінянага гаршочка, ці той наканечнік кап’я і крэмневы нож. Аказваецца, яны могуць кардынальна змяніць нашы погляды на мінулае, навогул, усю трактоўку нашай гісторыі. Звычайны кусок глінянага чарапка, на якім могуць быць штрышкі, хвалі і іншае, пакажа нам, якая культура (племя людзей) жыла на гэтай тэрыторыі, як яна сюды папала, адкуль прыйшла і які ўплыў зрабіла на наша з вамі далейшае гістарычнае развіццё. Напрыклад, вучоныя спрачаюцца, ад якіх плямёнаў пайшла беларуская народнасць – ад балцкіх, славянскіх, фіна-угорскіх, ці, нават, цюркскіх (у Вілейскім раёне вёска Балашы паходзіць ад цюркскага «балс» – каштоўны камень) супольнасцей. І гэтыя спрэчкі будуць бясконцыя, даказаць адну пэўную канцэпцыю немагчыма. Кожная народнасць уплывала на фарміраванне беларускага этнасу, пагэтаму сярод нас ёсць людзі і з чорнымі, і з русымі валасамі, і з смуглай і бледнай скурай, і з блакітнымі і карымі вачыма. На большасці тэрыторыі Вілейшчыны сустракаюцца сляды прыбалтыйска-фінскай гідраніміі і тапаніміі, гэта значыць назвы рэк, азёр і вёсак маюць балцкае ці фінскае паходжанне –рэчка Рагна каля Слабады, вёскі Арпа, Вайдзені, Саланое і г.д. Магчыма, калі б ад сярэдняга неаліту этнакультурная сітуацыя заставалася нязменнай, то сёння паўднёвая мяжа Эстонскай Рэспублікі магла б быць недзе каля Вілейкі. Ну, але ў гісторыі такой доўгай «нязменнасці» не бывала. Усё змяняецца з часам…

Віляйчане палявалі на зубра і тура…
Раз пайшла гаворка пра знаходкі першабытных людзей на Вілейшчыне, давайце разбяромся, калі ж з’явіліся людзі на нашых землях і хто яны былі.
Першымі пасяленцамі на сучасную тэрыторыю Вілейшчыны маглі стаць групы паляўнічых на паўночных аленяў, узброеныя лукамі і стрэламі, асаджанымі крамянёвымі лістападобнымі наканечнікамі (а алені былі, бо мінулы раз мы распавядалі пра знаходку рагоў старажытнага паўночнага аленя). Прынамсі, рэшткі старажытных паселішчаў з падобнымі наканечнікамі археолагі знаходзяць на нашых землях. А як сюды папалі людзі?
Вядома, калі заканчвалася апошняе Вялікае зледзяненне Зямлі, недзе прыкладна 15 тысячагоддзяў таму, ледавік адступіў да нашых суседзяў на поўнач ад Браслаўскага ўзвышша. Хуткае таянне лёду суправаджалася сапраўднымі патопамі, калі вада разлівалася на многія дзесяткі кіламетраў, утвараючы вялізныя азёры. Адно такое ўзнікла і на Вілейшчыне, прыледавіковае возера прасціралася з усходу на захад – паўднёвы яго бераг знаходзіўся на месцы Маладзечна, паўночны пры ўзгорках самой Вілейкі, а далей вада прасціралася на сотні кіламетраў ад Смаргонскага ўзвышша і да вярхоўяў Бярэзіны. Гэты «шырачэзны рэзервуар халоднай вады» быў непераадольным бар’ерам для тагачаснага чалавека. Гэта было 12-11 тысячагоддзяў таму, у фінале старажытнакаменнага веку – палеаліту. Але ледавік адступіў і пазней возера сцякло. На яго месцы ў большых паніжэннях засталіся азярыны, злучаныя Віліяй і яе прытокамі. Куды пазней і прышлі пасяляцца людзі.
10 тысячагоддзяў таму апошнія рэшткі ледавіка расталі на поўначы Скандынаўскіх гор і ў першабытнай гісторыі еўрапейскага насельніцтва пачаўся сярэдні каменны век – мезаліт. Клімат у мезалітычную эпоху паступова станавіўся лагодным, а ў яе канцы, каля 6 тысячагоддзяў таму, стаў нават цяплейшым, чым сёння. Наш край пакрыўся густымі лясамі, заселенымі звычайнымі для лясной зоны жывёламі, у тым ліку зубрамі і турамі, вынішчанымі паляўнічымі ўжо ў сярэднявечны час. Тысячы азёр поўніліся рыбай, а балоты – вадаплаўнымі птушкамі. Карацей, даўняя Вілейшчына стала лепшым краем для жыцця людзей, якія сабе здабывалі ежу паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам.

Лёс сучасных археолагаў – «працаваць за ежу»
Аднак, вернемся да курганоў у Кастыках. Летнія раскопкі, на якіх крыху папрацаваў і аўтар гэтых радкоў, былі вельмі прадуктыўнымі. Праца ішла штодня, на працягу двух тыдняў, з 9 гадзін раніцы і пакуль у вачах быў энтузіязм. І гэта сапраўды так, бо ўсе ўдзельнікі раскопак абсалютныя энтузіясты (валанцёры, школьнікі, неабыякавыя да гісторыі віляйчане), якія, можна сказаць, «працавалі за ежу».
Пад кантролем была кожная пядзя зямлі, вынікам чаго стала знаходжанне амаль паўсотні прадметаў. Палявыя раскопкі завершаны паспяхова, уся вызначаная тэрыторыя была цалкам даследавана. Здавалася б, старажытныя курганы, а на выгляд яны звычайныя пагоркі, не хаваюць нічога каштоўнага. Але адна з находак з’явілася літаральна на вачах – шыйная грыўна, упрыгожванне (абруч), якое насілі на шыі ці грудзях (на фота). Зараз ідзе актыўная першасная апрацоўка знойдзенага матэрыяла і вынікі археалагічных раскопак, самыя што ні ёсць «гарачыя», мы абмяркуем у працяг тэмы у наступным нумары. Дзе падрабязна распавядзем пра тое, што знайшлі і што не ўратаваў ад чорных капальнікаў час.

Ільянскае шкло, з якога частавалі на балях Радзівілы…
Ілья. Звернемся да другіх, не менш значных раскопак у чэрвені-ліпені. Дазвол Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на раскопкі (адкрыты ліст) Ільянскай гуты атрымала малады археолаг Паліна Сяргееўна Курловіч-Бяляўская. Яна піша дысертацыю па тэме «Шкляныя вырабы XVI – XIX стст. з тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі: тэхналогія вытворчасці, тыпалогія, храналогія».
Што ж такое гута? У былыя часы гутай называлі шклоплавільны завод, ці невялікую шклоплавільную майстэрню з печчу. Дык вось, Ільянская гута прадстаўляе навуковы інтарэс таму, што з’яўляецца пакуль адзінай на сённяшні дзень гутай, месца існавання якой было дакладна вызначана і якая была пабудавана ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі Беларусі.
Мяркуючы па архіўных матэрыялах, Ільянскую гуту заснаваў у 1769 г. у сваім маёнтку Ілья, на беразе аднайменнай рэчкі, граф Ян Салагуб, маёр артылерыі. З 1774 года – генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пазней, у Расійскай арміі, апякаў Беларускі гусарскі полк. Яго ўнук Уладзімір Салагуб быў вядомым рускім пісьменнікам 19 стагоддзя.
Ільянская гута была тыповым прадпрыемствам для тагачаснай Беларусі, вотчыннай мануфактурай, на якой выкарыстоўвалася праца пераважна прыгонных сялян. Задзейнічаны былі і наёмныя спецыялісты – майстры па рэцэптуры варкі шкла і выдзіманні найбольш адмысловага посуду. Ільянскае шкло, можа, і саступала па мастацкіх якасцях вырабам славутых радзівілаўскіх мануфактур, аднак, таксама было шырока вядома, і нават за межамі Беларусі. На сваіх раскошных палацавых балях Радзівілы маглі выкарыстоўваць і келіхі з ільянскай гуты.
У той час на тэрыторыі Беларусі працавала ўсяго 11 шкляных мануфактур. Дзевяць з іх, у тым ліку і Ільянская гута, былі тыповымі прыгоннымі прадпрыемствамі. Яе прадукцыя – бутэлькі, штофы, графіны, шклянкі, аптэчны посуд і аконнае шкло, была разлічана ў першую чаргу на заможных людзей і прадавалася на мясцовых кірмашах. Але попыт на шкляныя вырабы пастаянна рос і іх пачыналі вывозіць у Вільню, Мінск і іншыя гарады.
Працяг у наступным нумары
Сяргей ГАНЧАР

Ілья 2016. Фота Д. Канецкага

Кастыкі 2016. Шыйная грыўна. Фота Д. Канецкага

Часть 1. Под площадью Свободы есть подземелья. Почему археологи начали раскопки в д. Костыки?

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries