Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Даўгінава славіцца сваімі кірмашамі

Старажылы Вілейшчыны памятаюць, як Даўгінава славілася сваімі кірмашамі, на якія з’язджаліся гандляры з усіх гарадоў не толькі нашай краіны, але і з-пад Масквы, з Польшчы, Чэхіі і іншых месцаў, аб чым узгадваецца яшчэ ў дакументах XVII стагоддзя. Так, у пазнейшай справаздачы за 1829 год гаворыцца, што на вялікі кірмаш у Даўгінава, на свята Узнясення Святога Крыжа, прывозілі тавараў у мястэчка на суму больш за 10000 рублёў (на гэтыя грошы можна было пабудаваць добры палац і займець неблагую гаспадарку), людзей прыбывала на кірмаш больш за 3000 чалавек. На пачатку ХХ стагоддзя на даўгінаўскім кірмашы галоўным атракцыёнам былі нумары смаргонскіх мядзведнікаў, якія дэманстравалі цуды дрэсіроўкі гэтага звера. Кожны чацвер, што быў сталым кірмашовым днём у тутэйшым мястэчку ад XVIІ стагоддзя да 1939 года, з усёй акругі звозілі на продаж коней і іншую жывёлу, чым і славіўся даўгінаўскі кірмаш.

Для вілейскага краю, мястэчка Даўгінава заўжды было «дзяржава ў дзяржаве». І сапраўды, гэта было так, бо па-першае, Даўгінава не вёска і не гарадское паселішча, а мястэчка – гэта ёмкае слова ў беларускай мове, якое як можна лепш характарызую прыналежнасць дадзенага паселішча, а па-другое, гэта тая мясцовасць, якая была шырока вядома сваёй раскручанай гандлёвай інфраструктурай, сваёй вытворчасцю (чаго каштавала сусветнавядомая суконная фабрыка, якой валодаў мінскі віцэ-губернатар Людовік Камінскі), а самае галоўнае сваімі людзьмі: вучоныя, паэты, мастакі, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы. Даўгінава – гэта цэлая краіна.
Нездарма, свята, якое адгуляла Даўгінава 9 ліпеня было феерычным. Паўсюль толькі і чулася: «Так, нават сталіца не святкуе дзяржаўныя святы». Шасцігадзінны канцэрт, сотні букетаў кветак, дзясяткі ганаровых гасцей, гасцінная атмасфера, паўтары сотні кілаграм шашлыкоў, якія раскупілі даўгінаўцы, добразычлівыя і цёплыя словы, падарункі, шырокі гандаль і прыгажосць Даўгінава – усё стварала атмасферу непаўторнага свята.
Сёння, мы ведаем адну з вуліц Мінска -Даўгінаўскі тракт, менавіта той адгалосак значнасці мястэчка Даўгінава, якое яно мела на працягу стагоддзяў. Нават сёння, частку былога знакамітага Даўгінаўскага тракту мы можам бачыць, калі спадае ўзровень вады ў вілейскім вадасховішчы каля вёскі Сосенка, калі бачым частку брукаванкі пры ўездзе ў Крывое Сяло. А гэта адзін з буйных тагачасных гасцінцаў, так званы «бальшак», які ўзгадваецца ў запісах летапісу даўгінаўскай царквы за XV стагоддзе «… Праз Даўгінава цягнуўся галоўны ў тагачаснай Літве гасцінец, праходзячы з Вільні да Полацка, а адтуль да Масквы…». Праз Даўгінаўскі тракт часта праязджалі купецкія караваны, пасольскія картэжы, а таксама вайсковыя атрады. Гасцінец добра ўтрымліваўся, на ўсёй працягласці меў зручныя корчмы. У 1495 годзе па Даўгінаўскаму тракту на свой шлюб з вялікім князем літоўскім Аляксандрам Ягелончыкам праязджала княжна Алена, дачка вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ (Івана Жахлівага (Грознага).

За сваю багатую гісторыю праз Даўгінава праходзіў не адзін князь Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, у 1812 годзе спынялася войска Напалеона, на гэтай тэрыторыі адбываліся баявыя дзеянні ў XVI – ХХ стагоддзях, падчас паўстанняў, Першая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна, чаго каштуе вядомы ў гісторыі «Даўгінаўскі бунт» 1905 года, які апісваецца ў гістарычнай літаратуры, а ў вілейскім музеі захоўваецца аднайменная карціна.
Але галоўным багаццем Даўгінава былі і застаюцца людзі. Менавіта, гэта і было лейтматывам свята аграгарадка Даўгінава ў мінулую суботу. Цудоўна складзеная канцэртная праграма, за што вялікія словы ўдзячнасці выказвалі як жыхары, так і мясцовыя ўлады даўгінаўскаму Дому культуры, яго дырэктару і галоўнаму рэжысёру свята Алене Станіславаўне Гойлік. Увесь дзень, а святочны марафон доўжыўся амаль шэсць гадзін, гучалі патрыятычныя, чулыя і высокамастацкія песні пра Беларусь, пра родную вёску. Колькі слоў удзячнасці прагучала ў той дзень, колькі падарункаў і кветак – гэтага не падлічыць ніхто. Кожны жыхар Даўгінава годзен таго, каб яго імя называлі са сцэны, каб яно гучала на старонках газеты. Але гэта не магчыма, аднак кожны можа быць упэўнены, што менавіта яго праца, яго жыццё – гэта ўклад у росквіт аднаго з прыгажэйшых мястэчак беларускай зямлі – Даўгінава.
Энэргіяй вескі заўжды падсілкоўваліся нашы гарады, і гэта сапраўды так. Ганаровыя госці, выхадцы з Даўгінава, падкрэслівалі гэта выказванне. Знакаміты скульптар Уладзімір Слабодчыкаў у словах віншавання асаблівую ўвагу надаў непаўторнай прыгажосці мястэчка, яго асобай атмасферы, якая натхняла яго і натхняе па сёння.
Штодзённы хлеб на нашым стале – гэта вынік цяжкай працы хлебаробаў і ўсіх тых, хто працуе на зямлі. Менавіта, таму асаблівая ўдзячнасць выказвалася і былым героям нівы і сельскай гаспадаркі, такім як Варанцова Ніна Васільеўна, якая ў 1973 годзе, будучы даяркай саўгаса «Даўгінава» была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, і дзеючым лепшым працаўнікам адной з буйнейшых гаспадарак раёна – ААТ «Даўгінава». Кожны з лепшых працаўнікоў гаспадаркі атрымаў з рук кіраўніка, Яна Казіміравіча Мінчыка, памятныя падарункі і пачуў шчырыя словы падзякі.
Кожны момант свята, старшыня сельскага Савета Аляксандр Мікалаевіч Маліноўскі падкрэсліваў, што шмат на тэрыторыі Даўгінава працуе арганізацый і ўстаноў, але галоўны скарб даўгінаўскай зямлі заўжды былі і будуць людзі. Аляксандр Мікалаевіч са шчырымі словамі ўзнагароджваў і адорваў і шматдзетных мацераў, і ветэранаў, і аўганцаў, і гаспадароў лепшых падворкаў, і артыстаў, і кожнага, хто з’яўляецца лепшым у сваёй прафесіі. Асабліва кранальным быў момант, калі адзначылі самага маленькага жыхара Даўгінава – нядаўна з’явіўшуюся на свет дзяўчынку Віку, якая такама атрымала падарунак, пагуляць з якім зможа калі падрасце.
Старажыламі Даўгінава з’яўляюцца Ягела Казімір Іосіфавіч, якому споўнілася 94 гады і 90-гадовы Пташнік Пётр Сцяпанавіч. Дарэчы для сям’і Пташнік як сельсавет, так і дзеці і ўнукі падрыхтавалі незвычайны падарунак. Даўгінаўцы ў адзін момант, прыпыніўшы свята, апынуліся на вяселлі, прычым незвычайным, на брыліянтавым. 60 год сумеснага жыцця, гэта даецца не кожнаму, але гэта сям’я заслугоўвае такога шчасця, тым больш, што кожны з іх і бацькі, і дзеці, і ўнукі вызначыліся як адданыя сваёй прафесіі, сваёй сям’і і, канешне, сваёй роднай зямлі. Незвычайным падарункам для Пятра Сцяпанавіча і Клемянціны Фамінішны стаў падарунак іх унучкі Святланы, якая з’яўляецца дызайнерам і спецыяльна для сваіх бабулі і дзядулі распрацавала і вырабіла дызайнерскія пярсцёнкі, якімі маладыя абмяняліся ў знак свайго кахання.
Падтрымаць даўгінаўскіх артыстаў прыехалі іх калегі з Іллі, Язняў, Пагоста, Бубнаў і другіх куткоў раёна. Абаяльных і па-сапраўднаму гумарыстычных ільянскіх артыстаў гледачы не хацелі адпускаць, бо яны, як заўжды, сваім іскрамётным гумарам змаглі завалодаць сэрцам кожнага, як і артысты з Язняў, што падаравалі шэраг прыгожых кампазіцый. Канцэрт, які напаўнялі танцавальныя, сольныя, харавыя нумары,паказаў яскравы талент даўгінаўцаў, як кажуць,і працаваць, і спяваць. Не здарма асобай узнагародай была адзначана Гойлік Алена Станіславаўна, якая больш 30 год стварае свята, якога няма ў календары, але яна яго прыносіць у душу кожнага даўгінаўца. Так не святкуюць нават у Мінску, казалі госці свята. І гэта галоўная ўзнагарода для арганізатараў, бо ўсё па-сапраўднаму ўдалося.
Асобным момантам віншаванняў быў творчы падарунак настаўнікаў, вучняў і артыстаў паважанай настаўніцы, былому дырэктару (хаця былых не бывае), чалавеку,якога ведае і паважае ўвесь раён – Галіне Васільеўне Тупіцынай. Яе прафесіяналізм і адданасць прафесіі (а яе працоўны стаж налічвае больш 45 год) стварылі ёй такі аўтарытэт, што яна з’яўляецца чалавекам года, чалавекам стагоддзя для жыхароў Даўгінава. Шчырыя словы, гучлівыя песні і сапраўдная ўдзячнасць была лейтматывам ушанавання гэтага чалавека, чалавека і прафесіянала «з вялікай літары».
Адзначалі кожнага, і супрацоўнікаў медыцыны, асабліва Сцешко Ігара Яўгенавіча, і супрацоўнікаў пошты, Рублеўскую Людмілу Мікалаеўну і ўсіх тых, хто жывець, каб яго малая радзіма квітнела і развівалася.
Кожнага хацелася адзначыць і пра кожнага можна пісаць цэлыя аркушы газеты. Але магчымасць больш сціплая. Аднак, само свята паказала, што кожная сфера, кожная асоба, кожны жыхар – гэта частка гісторыі мястэчка Даўгінава. Ці то, былыя гістарычныя асобы, такія як Томаш Зан, падарунак якога, залатая табакерка, дала магчымасць пабудаваць адзін з велічных і прыгожых касцёлаў, касцёл Св. Станіслава ў Даўгінаве, ці то тыя настаяцелі даўгінаўскай царквы, якія з ХV стагоддзя вялі ў царкоўным летапісе каштоўнейшыя гістарычныя запісы пра гісторыю Даўгінава, ці то народны паэт Беларусі Змітрок Бядуля, што пакінуў у сваёй біяграфічнай аповесці адметныя ўспаміны пра навучанне ў даўгінаўскай хэдэры (яўрэйскай школе), ці то мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, скульптар Мікалай Кавалёў, Уладзімір Слабодчыкаў як і кагорта шматлікіх даўгінаўскіх выхадцаў, што праслаўлялі і праслаўляюць сваю родную старонку на ніве навукі, медыцыны, ваеннай справы, што ствараюць выбітную гісторыю мястэчка ў стагоддзях і захоўваюць традыцыі для будучых пакаленняў.
Няхай жыве і квітнее Даўгінава, а вялікая колькасць дзетак, якія былі на свяце, таму надзейны падмурак.
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

IMG_1231

IMG_1219

IMG_1249

 IMG_1217

IMG_1207

IMG_1193

IMG_1191

IMG_1184

IMG_1173

IMG_1164

IMG_1152

IMG_1150

IMG_1149

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 42 queries