Кажуць, шлюбы заключаюцца на нябёсах. А яшчэ кожны ведае, што часам вельмі доўгімі і непрадказальнымі бываюць шляхі-дарогі яго і яе да лёсавызначальнай сустрэчы. Шчасце, калі, аднойчы сустрэўшыся, дзве палавінкі становяцца адным цэлым і разам ідуць па жыцці, падтрымліваючы і аберагаючы адно аднаго.
Чатыры дзясяткі гадоў таму, у такім ужо далёкім 1976-ым, у Вілейку прыехала маладая дзяўчына Тамара з Петрыкаўскага раёна. За яе плячыма быў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Малады спецыяліст была накіравана ў дарожна-будаўнічае ўпраўленне №13 інжынерам-тэхнікам. У гэты ж год, з розніцай недзе ў месяц,сюды прыйшоў працаваць экскаватаршчыкам малады хлопец Міхаіл Маўчун. Так яны і сустрэліся – дзяўчына з Гомельшчыны і наш зямляк.
Шлях да стварэння сям’і ў іх не быў кароткім – пачуцці правяраліся грунтоўна, на працягу гадоў пяці. І толькі добра пазнаўшы і ацаніўшы характары адно аднаго, маладыя пажаніліся і ўжо доўгія гады жывуць у ладзе і згодзе. Дзвюх дачушак нарадзілі, выгадавалі і вывучылі Маўчуны: Вольгу, якая жыве ў Маладзечна і працуе педагогам, і Марыну, што пасля заканчэння політэхнічнага інстытута жыве і працуе ў сталіцы. Абедзве маюць свае сем’і, шчаслівыя бабуля з дзядулем гушкаюць ужо і аднаго ўнучыка.
У ДБУ №13 пра сям’ю Маўчуноў раскажуць многа добрага. Працавітыя, адказныя, прафесіяналы, адданыя сваёй справе. Іх – Тамару Якаў-леўну і Міхаіла Пятровіча – вельмі часта называюць у ліку пераможцаў, адзначаюць падчас урачыстасцяў у прафесіянальныя святы. Аднак асаблівыя пачуцці ў Міхаіла Пятровіча засталіся ад удзелу ў абласным мерапрыемстве,на якім ушаноўваліся працаўнікі Міншчыны, удастоеныя ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны-2015». І адным з тых, хто сумленнай і плённай працай заслужыў гэтага звання, стаў і ён, экскаватаршчык ДБУ №13. Што і казаць, ганаровае званне, высокае, якога трэба заслужыць.
У Маўчуноў гэта, мусіць, сямейнае – выконваць сваю работу адказна і сумленна. Іначай яны проста не могуць і не ўмеюць. Вось і Тамара Якаўлена на працягу многіх гадоў працуе дыспетчарам. А гэта азначае,што на рабочым месцы яна ўжо ў шэсць гадзін раніцы. Правільна і своечасова размеркаваць аўтамабілі і дарожныя механізмы, адправіць на лінію, трымаць сувязь з кіраўніцтвам і яшчэ вельмі многае ў абавязках дыспетчара. Менавіта ад яго працы ў многім залежыць, як выконвае пастаўленыя задачы арганізацыя.
– У вольны час? – перапытала мяне Тамара Якаўлеўна. – Канешне ж,дача,дзе ў нас і агароды, і «соткі» бульбы, і цяпліцы. Працы тут хапае, ды яна нам з мужам па душы. А як жа без яе, без працы?
І сапраўды – як? Таму і шчыруюць яны, паспяваючы ўсюды. У гэтым, ведаюць, сутнасць усяго. І пачатак усяму таксама праца. Дзеля нашага агульнага жыцця, сумленнага і годнага.
Ірына БУДЗЬКО.
На фота: дыспетчар ДБУ №13 Т. Я. Маўчун.
Фота з сямейнага альбома Маўчуноў



