Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Працэсія Божага Цела адбылася ў мінулую нядзелю ў Вілейцы

Дзе двое альбо трое сабраліся ў імя маё, там і я з вамі, – прыблізна так у трактоўцы святога Пісання гучаць словы Пана Езуса, якія прамовіў ён перад сваімі вучнямі на ўзыходзе нараджэння новай эпохі ў духоўным светаадчуванні чалавецтва…. У мінулую нядзелю Хрыстус быў, безумоўна, з намі. Бо на працэсію Божага Цела сабраліся, здаецца, усе вернікі вілейскай парафіі. А, магчыма, і з суседніх. Да ўдзелу ў неардынарнай падзеі рыхтаваліся прыняўшыя першую камунію дзеці, дарослыя вернікі, што напярэдадні прынялі Сакрамэнт біжмавання. Ім і носьбітам касцельных харугваў належала адкрыць працэсію.
У сваім казанні падчас святой імшы ксёндз Аляксандр Барыла нагадаў радкі Евангелія, якія ўтрымліваюць сэнс паняцця Божага Цела. Мы прымаем яго падчас кожнага прычасця. Упершыню гэты рытуал здзейсніў сам Пан Езус, развітваючыся з вучнямі сваёй апошняй вячэры. «І калі яны елі, Езус узяў хлеб і, благаславіўшы, пераламаў яго і, раздаючы вучням, сказаў: прыміце, ешце, гэта ёсць Цела Маё…» Не будзем сёння паглыбляцца ў таямніцы Еўхарыстыі. Заўважым толькі, што свята цела Божага штогод адзначае каталіцкі касцёл. Як урачыстасць веры, як сімвал нашай адданасці запаветам Хрыста, наканаванай ім на вякі волі Усявышняга. Меў рацыю святар, калі падчас святочнага богаслужэння сцвярджаў: той, хто за сценамі храма сваімі паводзінамі супярэчыць волі Боскай, кампраментуе не толькі сябе, але і ўсю каталіцкую супольнасць, прадстаўніком якой яго ўспрымаюць акаляючыя.
…Працэсія Божага Цела рушыла па гарадскіх вуліцах, спыняючыся каля імправізаваных алтароў і прымаючы благаславенне святароў. Упрыгожаныя кветкамі сімвалы хрысціянскай веры стваралі ўражанне святочнасці, а словы святароў нібыта ўзнімалі чалавечыя душы на ўзровень нябёсаў, дзе луналі светлыя птахі, узносячы словы малітвы да вышынь, у якіх губляецца ўсё адвечна зямное і расчыняецца далягляд у вечнасць.
У хвіліны цяжкіх прадчуванняў, што каменем сціскаюць сэрцы, ці не на самую высокую міласць Нябёсаў разлічвае падуладны Боскай волі чалавек? Падобныя на распатланага над смакоўніцамі Гефсіманскага сада Хрыста, мы просім дараваць тых, што здрадзілі нам. Бо дараванне – адзін з яго запаветаў, які стварае гармонію ў чалавечых душах.
Той, хто спадобіўся, а мне выпала такое шчасце, успомніў, напэўна, у момант святочнага шэсця тую самую гару Сіон, святліцу, дзе Збавіцель здзейсніў з вучнямі першую Еўхарыстыю. «Гэта ёсць Кроў Мая новага запавета, за многіх пралітая дзеля даравання грахоў…»
Збаў нас ад пажару, ад нечаканай смерці, ад вайны… – гучыць над гарадскімі вуліцамі малітва, што вымушае нас адчыніць вочы, убачыць раны і няшчасці сваіх братоў і сясцёр, адчуць іх кліч аб дапамозе.
Сёння менавіта міласэрнасць становіцца лакмусавай паперкай нашай хрысціянскай вартасці.
«Шчаслівымі будуць міласэрныя, тыя, што самі міласэрнасць спазналі», – спявае касцёльны хор Angeli.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлены касцёлам Узвышэння Святога Крыжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 44 queries