Як ужо пісала наша газета, на Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе 22 – 23 чэрвеня, Вілейшчыну будуць прадстаўляць дванаццаць дэлегатаў. Людзі розных узростаў і прафесій, яны аб’яднаны галоўным – кожны прафесіянал у сваёй справе і нераўнадушны да таго, якім будзе наш агульны дом – Вілейшчына. Ініцыятыўным і неабыякавым, нашым дэлегатам будзе цікава на форуме. А тым, што даведаюцца і чаму навучацца, кожны з іх пасля сходу падзеліцца і ў сваім працоўным калектыве, і з грамадскасцю раёна. Сёння мы расказваем пра двух прадстаўнікоў нашага краю, якія заслужылі даверу быць удзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.
Мне давялося прысутнічаць на сходзе ў райвыканкаме, калі выбіраліся дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад Вілейшчыны. Пра кожнага з дванаццаці вылучаных кандыдатур прагучала многа добрых слоў. Прафесіяналы, лідары, неабыякавыя людзі… Яно і вядома, працоўныя калектывы вылучалі самых дастойных. Запомнілася, як, характарызуючы дэлегата ад ААТ «Зеніт-БелОМА» – наладчыка станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем Міхаіла Путырскага, дырэктар прадпрыемства Аляксандр Радчанка адзначыў: чалавек выконвае работу на ўзроўні інжынера-тэхнолага. Асабіста мяне гэта, што называецца, зачапіла, таму і вырашыла пазнаёміцца з Міхаілам Пятровічам бліжэй.
Ён з тых, пра якіх кажуць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Віляйчанін, вучыўся ў трэцяй гарадской школе, служыў у арміі. Дэмабілізаваўся ў 1978 годзе – і адразу ж на «Зеніт». Працаваў аўтаматчыкам, а паралельна вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Быў, дарэчы, там сярод лепшых – закончыў навучальную ўстанову з адзнакай, стаў дыпламаваным тэхнікам – тэхнолагам.
– Была думка падацца і ў інстытут, – прыгадвае цяпер Міхаіл Пятровіч, – але на той час ужо меў жонку, маленькага сына. А для мяне сям’я заўсёды была і застаецца прыярытэтам. Так што вучоба адышла на другі план. Праца на заводзе падабалася, заробкі задавальнялі. А калі набіралі на навучэнне працаваць на станках з лічбавым праграмным кіраваннем, паехаў на завод ім. Вавілава, асвоіў і гэту навуку.
Трэба сказаць, што з дакладнымі навукамі ў яго з дзяцінства ўсё ішло гладка, з задавальненнем, смяецца зараз, мяняў бы на той час урок гісторыі ці мовы на два ўрокі геаметрыі. Таму ўсё тое, дзе ёсць лічбы, чарцяжы і дакладнасць – яго.
Сёння ў Міхаіла Пятровіча самы высокі разрад наладчыка, а гэта азначае, што ўсе станкі і абсталяванне ў сваім сто пятым цэху ён ведае, што называецца, з заплюшчанымі вачыма. За дзясяткі гадоў працы на «Зеніце» яго калегамі былі многія людзі. Ніколі не адмаўляў і не адмаўляе Путырскі маладым наладчыкам, цярпліва вучыць іх тонкасцям нялёгкай працы. Што і казаць, іх прафесія – рэдкая, штучная ў нашым горадзе. На іншых прадпрыемствах зусім не такое абсталяванне, а значыць і наладчыкі там іншыя. А тут – свая спецыфіка, сваё абсталяванне,і тым важнейшай уяўляецца прафесія.
Граматны спецыяліст, нераўнадушны і сумленны чалавек,клапатлівы муж, бацька і дзядуля – гэта ўсё пачула пра героя публікацыі і ад прафсаюзнага лідара прадпрыемства Тамары Бельскай. А яшчэ – актывіст прадпрыемства, вось і ў заводскім прафкаме многа гадоў працуе.
– Родным мне стаў завод за столькі гадоў, таму і хвалюе ўсё, чым ён жыве, – падзяліўся Міхаіл Пятровіч. – Радуе, што перажылі цяжкія часы, што зараз прадпрыемства на ўздыме. Вось і людзей на працу набіраем, што сведчыць пра нармальную вытворчую дзейнасць.
Сям’я і работа, работа і сям’я – гэта, лічыць мой суразмоўца, самае галоўнае для кожнага чалавека. Міхаіл Пятровіч доўга і з пашанай гаварыў пра свой цэх,брыгаду. А зайшла размова пра сям’ю – і цёплыя-цёплыя ноткі пачуліся ў яго голасе. Яго самыя дарагія і любімыя людзі – жонка, у мінулым бібліятэкар; сын з нявесткай, якім бацькі дапамагаюць добраўпарадкоўваць свой дом; малая ўнучачка, якая сустракае яго забаўным «Дзед Пятровіч»… Вось яно, простае і такое вялікае шчасце чалавека…
Загаварылі пра форум, у якім Міхаілу Пятровічу даверана ўдзельнічаць. Упершыню, падзяліўся, будзе на такім узроўні, таму адказна ўсё і хвалююча. З асаблівай цікавасцю будзе слухаць пра тое, што датычыць вытворчасці, бо менавіта яна – галоўная для развіцця эканомікі. Выпусціць прадукцыю і прадаць яе – такая задача стаіць сёння перад кожным прадпрыемствам. Няпроста сёння гэта рабіць, але трэба, іншага, як кажуць, не дадзена.
– Думаю, што многа важнага даведаюся на сходзе, – падзяліўся спадзяваннямі Путырскі. – А вярнуся дадому, абавязкова буду расказваць у калектыве пра прыярытэтныя накірункі далейшага развіцця нашай дзяржавы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Тамары Бельскай