Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З роду Бурачэўскіх

Як ніколі прыгожа выглядае наш горад у гэтыя майскія дні.  Чысціня, першыя веснавыя кветкі, маладая аксамітная зеляніна… Нават не верыцца, што некалі тут было зусім інакш, што горад быў разбураны, а зямля паліта крывёю… Але так было, і людская памяць назаўсёды захавала трагічныя моманты з жыцця нашых продкаў.  Пра адзін такі  хочацца сёння ўзгадаць.

Некалі, ужо ў далёкім двухтысячным годзе, на старонках раёнкі быў змешчаны матэрыял Кірыла Максімава пра мужа і жонку Бурачэўскіх, знішчаных фашыстамі ў гады вайны. «Па ўспамінах старажылаў, – напісаў тады аўтар, – Вітольд Іосіфавіч Бурачэўскі быў бургамістрам Вілейкі. Сумленны быў чалавек, паходзіў са шляхецкага роду. Жылі Бурачэўскія ў Зімодрах, мелі дваіх сыноў. Жонка Вітольда Іосіфавіча працавала фармацэўтам». Як Кірыл Максімаў напісаў далей, сям’я дапамагала партызанам – перадавала ім лякарствы, прадукты. Ішоў сорак другі год. Карнікі палілі вёскі вакол Вілейкі, знішчалі яўрэяў, пыталі людзей у турэмных засценках. Восенню гэтага года эсэсаўцы на легкавой машыне пад’ехалі да дома Бурачэўскіх, забралі гаспадароў і павезлі ў невядомым накірунку. Больш іх жывымі родныя ўжо не бачылі…
Прачытала ліст Кірыла Максімава і ўзгадала віляйчаніна Уладзіміра Бурачэўскага, які працуе ў раённым аддзеле Дэпартамента аховы. Некалі пісала пра яго як пра ветэрана службы, старшыню ветэранскай арганізацыі аддзела. Цікавы чалавек, неабыякавы да гісторыі нашага краю…
– Дык гэта ж сям’я майго дзядулі! – пачула ад Уладзіміра Альбертавіча ў адказ на маё пытанне. – У мяне столькі матэрыялаў пра род Бурачэўскіх сабрана!
Літаральна на другі дзень я ўжо гартала старонкі акуратнага альбома з архіўнымі здымкамі яшчэ даваенных часоў, а Уладзімір Бурачэўскі расказваў тое, што яму ўдалося даведацца.
Яго далёкія продкі пераехалі на Вілейшчыну з Валыні, купілі тут зямлю ў любанскага пана, пусцілі свае карані. Прадстаўнікі роду Бурачэўскіх жылі, старэлі, паміралі, а іх дзеці раз’язджаліся па свеце, знаходзілі свае месцы ў жыцці. Так ці інакш, а перад вайной тут жыў толькі прадзед Уладзіміра Альбертавіча са сваёй сям’ёй. Яго сын Вітольд, дзядуля майго суразмоўцы, якраз і працаваў у Вілейцы.
– Бургамістрам ці не, не магу сказаць канкрэтна, – падзяліўся Бурачэўскі, – але што быў на дзяржаўнай службе, дык гэта так. А бабуля сапраўды працавала ў аптэцы. Мелі яны двух сыноў: Альберта, майго тату, які нарадзіўся ў 1930 годзе, і Ольгерда, якога пасля называлі Алегам, на пяць гадоў маладзейшага. Тата яшчэ ў маленстве перахварэў менінгітам, ад якога ледзь не памёр. Хлопчыка выхадзілі, але ён застаўся глуханямым. Праўда, мы, родныя, добра разумелі яго па жэстах, таму многае з таго, мінулага, я ведаю менавіта ад бацькі…
Яму было трынаццаць, а малодшаму брату восем, калі эсэсаўцы (дзіцяці ўрэзаліся ў памяць іх адметная форма) прыйшлі да іх у дом. Без гвалту і крыкаў сказалі бацькам збірацца. Тыя выканалі загад. Разам з бацькамі забралі і малодшага сына. Праўда, вельмі хутка немцы прывезлі дзіця дамоў і сказалі бабулі з дзядулем: «Гадуйце»…
– Бабуліна сястра праз колькі дзён сабрала нешта з харчоў ды панесла перадачу ў вілейскую турму, – прыгадаў Уладзімір Альбертавіч. – Толькі не ўзялі, сказалі, што няма каму перадаваць… Да сваіх апошніх дзён бацька, узгадваючы перажытае, плакаў… Каб ведаў, казаў, што яго родных расстраляюць, дык кінуўся б тады, у хаце, на карнікаў, біўся б да апошняга. Ды што ён мог, дзіця…
Сіроты гадаваліся пасля ў бабулі, а калі тая памерла – у цётак, адну з якіх да яе смерці называлі мамай Кацяй. Альберт усё сваё жыццё пражыў у Зімодрах, выгадаваў двух сыноў. Яго малодшы брат закончыў інстытут і жыў з сям’ёй у сталіцы. Трагедыя, якую хлапчукі перажылі ў дзяцінстве, была з імі ўсё жыццё.
Пераглядаем фотаздымкі даваеннага часу.
– Тут дзядуля з бабуляй і малым сынам Алегам сфатаграфаваны ў Куранцы, на месцы сённяшняга ФАПа, – паказаў Уладзімір Альбертавіч на адно фота. – А вось на гэтым здымку сям’я вядомага ў Куранцы ўрача Шастаковіча, роднага брата маёй бабулі. Многае перажыла і гэта сям’я: і рэпрэсію, і Сібір, і смерць сына, і разлуку з дачкой. Вярнуліся ўсё ж дамоў, у Куранец, дзе і па сёння захаваўся дом, дзе яны жылі. Адукаваныя былі людзі, культурныя. Бачыце, на сценах карціна Айвазоўскага, партрэт Пушкіна…
Пра многае могуць расказаць старыя здымкі. А галоўнае – захаваць для нашчадкаў рысы родных людзей. Такіх дастойных і гераічных, як і героі гэтай публікацыі.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: Вітольд Бурачэўскі з жонкай і сынам.
Фота з сямейнага архіву  Бурачэўскіх.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 169 queries