Часам штосьці прапаноўваючы, кажуць: “Два ў адным”.
Вось так і ў нас на сустрэчы адбылося знаёмства і нават сяброўства. Да нас на пасяджэнне клуба “Цікавыя сустрэчы” прыехала дачка пісьменніка, літаратуразнаўца, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, лаўрэата прэміі камсамола Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа – Івана Якаўлевіча Навуменкі, – Валерыя Іванаўна Навуменка.
Акрамя таго, што ён напісаў не адзін дзясятак захапляльных, высокамастацкіх твораў, Іван Якаўлевіч быў цудоўным выкладчыкам Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта, дырэктарам, а потым віцэ-прэзідэнтам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, выконваў абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета БССР.
А мне, былой студэнтцы ўніверсітэта, гэты чулы, тактоўны выкладчык-пісьменнік асабліва дарагі, бо быў кіраўніком маёй дыпломнай работы. Сталася так, што дзесяць год назад у мяне завязалася перапіска з дачкой пісьменніка – Валерыяй Іванаўнай. Паспрыяла гэтаму Лідзія Львоўна Арабей.
Валерыя Іванаўна стала чарговай госцяй нашага клуба, які чатырнаццаты год працуе пры музеі “Вілейшчына літаратурная” ў Ільянскай сярэдняй школе імя А. А. Грымаця.
Амаль у кожным класе вывучаюцца творы празаіка І. Навуменкі. Сёмы клас ужо ведаў і палюбіў апавяданне “Жуль Верн”. На сустрэчы прагучалі ўрыўкі з гэтага твора (Усціновіч Юля і Шэрая Серафіма). Барташэвіч Ліза прачытала свае вершы, прысвечаныя героям твора і самому аўтару.
А потым былі пытанні да госці пра дзяцінства і дарослае жыццё, пра выбар прафесіі, захапленні, сяброўства…
Безумоўна, нам было цікава весці гутарку з асобай, якая вырасла і сфарміравалася ў пісьменніцкім асяродку. Валерыя Іванаўна сціпла расказала пра сваё дзяцінства ў пісьменніцкім доме. Яе суседзямі былі Іван Шамякін, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Пятро Глебка, Васіль Вітка і іншыя цудоўныя людзі.
Юныя слухачы лавілі кожнае слова выступоўцы, задавалі пытанні. Пасля сустрэчы навучэнцы выказвалі свае ўражанні, некаторыя шкадавалі, што нешта не паспелі спытаць. Паслухаем іх:
Аўчыннікава Марыя: “Мне было дзіўна, што Валерыя Іванаўна хадзіла з татам на футбол”.
Пятрова Кацярына: “Наша госця стажыравалася ў Германіі і добра ведае нямецкую мову”.
Камінская Наталля: “Я парадавалася, што Навуменка падарыла нашаму музею кнігі свайго таты і паабяцала сабраць яшчэ цікавыя і даслаць або нават прывезці”.
Сыракваш Станіслаў: “Яна расказвала, а я ўяўляў, як яе бацька сядзіць за пісьмовым сталом і піша чарговы твор. Дзеці (іх у сям’і было трое) не павінны былі парушаць цішыню. Ды і ва ўсім пісьменніцкім доме дзеці выконвалі гэта правіла. Усе дзеці Навуменкаў добра вучыліся. Нават мелі залатыя медалі за вучобу”.
Барташэвіч Елізавета: ”Валерыя Іванаўна не пайшла па слядах свайго знакамітага бацькі. Яна доктар-афтальмолаг. Працуе са студэнтамі медыцынскага ўніверсітэта. З намі яна была такая простая, не ганарыстая. Мне яе слухаць было вельмі цікава, бо я хачу ў будучым стаць хірургам. Але ў спадчыну ад бацькі яна ўзяла яго любімы занятак – працаваць над аркушам паперы.”
Шэрая Серафіма: “Мяне ўразіла добрая беларуская мова Валерыі Іванаўны. Яна ёй карыстаецца ў паўсядзённым жыцці. Гаворыць так, як гаварылі бацькі, якіх яна дагледзела да апошняга. Гэта сустрэча прымусіла мяне паразважаць над сваёй будучыняй”.
Я думаю, што нашы выхаванцы ўбачылі падчас сустрэчы галоўнае: чулыя адносіны да бацькоў, пацыентаў, сяброў, працавітасць і адказнасць за даручаную справу, любоў да роднай мовы і Радзімы.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная”.
Фота прадастаўлена аўтарам



