Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сапраўдны мужчына: міф альбо рэальнасць?

У Дзень абаронцы Айчыны мы, жанчыны, звычайна рыхтуемся, каб павіншаваць усіх мужчын, якія ёсць у нашым полі зроку. Купляем ім падарункі, рыхтуем нешта смачнае на стол, кажам прыемныя словы. Менавіта ў гэты дзень. Выключна ў гэты. Для таго, каб ужо на наступны расставіць усе кропкі над «i» і абмеркаваць тэму «як здрабнеў цяпер мужык».

«Сапраўдных няма, усе перавяліся!» – топавая тэма для абмеркавання на кухні і падчас абеду на працы. Хто ён – сапраўдны мужчына? Як ён выглядае? Што робіць? Якімі якасцямі надзелены? Ці ёсць у нас «прыклад» перад вачыма? Не кінагерой і не тэлезорка, пра жыццё якой мы ведаем толькі тое, што пішуць газеты. А рэальны. Побач. І ці існуе ён увогуле?
Прыдуманыя казкі
Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Хмарэнка адзначае, што амаль усе жанчыны любяць казкі. Спачатку слухаць, потым бачыць сябе галоўнай гераіняй, а далей – спрабаваць пераўтвараць іх у жыццё. А больш за ўсё яны любяць іх прыдумваць. Адна з самых распаўсюджаных прыдуманых казак – казка пра сапраўднага мужчыну.
– Як шмат жанчын занепакоеныя пошукамі і чаканнямі сапраўднага мужчыны! Адны малююць яго вобраз у сваім уяўленні, надзяляюць яго там разнастайнымі станоўчымі характарыстыкамі, іншыя расчаравана скардзяцца, што мужчыны перавяліся. Сапраўдны мужчына ў жаночым уяўленні – гэта нейкі зборны вобраз з усіх лепшых мужчын у яе жыцці, большасць з якіх – героі любімых фільмаў і апавяданняў знаёмых. Ён моцны, прыгожы, інтэлектуал, з якім можна пагаварыць на любую тэму, пры гэтым ён добра разумее і адчувае жанчын, верны, ён захоплены сваёй справай, але роўна ў 18 гадзін спяшаецца дадому да жонкі і дзяцей, кіруе вялікім калектывам, але як толькі пераступае парог свайго дома, то адразу становіцца далікатным і ласкавым, з задавальненнем мые посуд і прыбірае ў кватэры, шмат зарабляе, забяспечвае цалкам сваю сям’ю, але пры гэтым заўсёды своечасова вяртаецца дадому, а ўсе выхадныя праводзіць з жонкай і дзецьмі. Ён рамантык, здольны на самы нечаканы ўчынак і самы дарагі падарунак, але гэта ніяк не адлюстроўваецца на сямейным бюджэце. Таксама ён адказны мужчына, які ўмее прымаць рашэнні, але перад тым, як прыняць іх, абавязкова параіцца з жонкай і зробіць так, як яна хоча, – канстатуе спецыяліст.
Пры выбары паміж рэальным чалавекам і марай амаль заўсёды перамагае мара. А кожны жывы мужчына ў параўнанні з эталонам чамусьці прайграе. Таму псіхолаг заклікае жанчын перастаць складаць казкі, а ацаніць таго, хто побач: такога жывога, рэальнага, са сваімі добрымі якасцямі і слабасцямі. Бо побач з жанчынай заўсёды той, якога яна на дадзены момант заслугоўвае.
– «Сапраўдны мужчына» – гэта той, хто зараз з вамі. Той, хто выбраў жыць з вамі і прымае вас розную: вашы эмоцыі, капрызы і перапады настрою.
Аванс у гэты дзень
Несумненна, калі раней у гэты дзень ушаноўвалі тых, хто служыць або служыў у радах узброеных сіл, то сёння гэта свята ўсіх мужчын. Тых, хто служыць Радзіме. Тых, хто служыць сваёй справе, сваёй сям’і.
– Мне чамусьці заўсёды няёмка прымаць віншаванні ў гэты дзень, – кажа мой знаёмы Максім. – Так, традыцыя. Так, калі ў жанчын ёсць 8 Сакавіка, так чаму б такому ж дню не быць у нас, мужчын. А ўсё адно неяк не па сабе. Бо да даты гэтай, як ні круці, вялікае дачыненне маюць людзі службовыя або якія аддалі немалую частку жыцця вайсковай справе. Я ж чалавек глыбока цывільны. Мне запярэчаць: цяпер у календары так і запісана: Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Вось у тым і справа, адказваю. Няма там слова «патэнцыяльнага». А ўлічваючы, што віншаваць з 23 лютага ў нас прынята пагалоўна ўсіх прадстаўнікоў мужчынскага полу і ледзь не з ясляў-сада, адчуваю яшчэ большую няёмкасць.
Максім лічыць, што далёка не ўсе з тых, хто сябе прылічвае да моцнай паловы чалавецтва, мае права прымаць віншаванні. А калі хтосьці не згодны з гэтым, то прапануе ўспомніць і задацца мужчынам пытаннямі: калі ў апошні раз саступаў у аўтобусе месца даме, якая стаяла побач? Ці, можа, за подзвіг геройскі лічыш зарплату, што прынёс жонцы, і свой цвярозы стан пасля яе? А можа, хаму ў аўтобусе хаця б заўвагу зрабіў?
– Аванс мы, мужыкі, у гэты дзень атрымліваем, – працягвае Максім, – і няма чаго тут нават грудзі колам выпучваць. Вялікі і не заўсёды зароблены аванс. Ад нашых жанчын, якія часам больш моцныя, чым мы. Яны, нягледзячы ні на што, вераць у нас: што ў цяжкі час, калі не дай бог ён здарыцца, мы не дадзім слабіны, прыкрыем іх, абаронім. І таму спякуць яны сёння свайму пяцігадоваму карапузу торт і павіншуюць яго з Днём абаронцаў Айчыны. Вырасціш – заступішся за маму і бабулю.
Жанчыны  аб мужчынах
Напярэдадні мужчынскага свята мы вырашылі спытаць у слабай паловы чалавецтва, які ж ён, сапраўдны мужчына з іх пункту гледжання?
Надзея Аўдзей, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея:


– Сапраўдны мужчына, гэта не толькі фізіялогія, а яшчэ і галава, у якой нараджаюцца думкі, якія заахвочваюць да дзеянняў, а дзеянні ў сваю чаргу адлюстроўваюцца ва ўчынках. Сапраўдны мужчына, ў першую чаргу, той, які любіць, які разумее, гатовы абараняць сябе, сваю каханую жанчыну, маці і Радзіму. Мне хочацца павіншаваць усіх мужчын з Днём аборонцы Айчыны, з гэтым святам мужнасці і высакароднасці. І пажадаць, каб кожная жанчына ўспрымала гэты дзень так і бачыла ў мужчыне, які знаходзіцца побач, падтрымку, разуменне і абарону.
Вольга Іванейка, галоўны спецыяліст Вілейскага РК ГА «БРСМ»:


– У сапраўдным мужчыне павінна быць гарманічнае спалучэнне мужнасці, інтэлекту, здольнасці прымаць адказныя рашэнні з такімі якасцямі, як пяшчота, клапатлівасць, дабрата, мяккасць, здольнасць суперажываць. Мужчына – галава сям’і, таму ён павінен клапаціцца аб яе дабрабыце, быць прыкладам ва ўсім для сваіх дзяцей. А яшчэ вельмі важна, каб мужчына навучыў якому-небудзь рамяству сваіх сыноў! Таму хачу павіншаваць са святам тых прадстаўнікоў моцнай паловы, якія могуць браць на сябе адказнасць за сваю сям’ю, абараняць свой дом і сваю краіну. Я жадаю ўсім мужчынам здароўя, сілы духу і аптымізму. У сучасным свеце шмат акалічнасцяў, якія спрабуюць нас зламаць, але трэба ўмець трымаць удар! А яшчэ жадаю любіць і берагчы сваіх жанчын, якія заўсёды падтрымліваюць і гатовыя ўсюды ісці за сваім мужчынам.
Кацярына КАРПІК.
Фота прадстаўлены ўдзельнікамі апытання

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries