Дабрабыт зямлі ствараецца яе насельнікамі. Іх рукамі, а таксама – сэрцамі. Бо любы вынік чалавечай дзейнасці – той, што ўзрушае, прымушае захапляцца, робіць камфорт асяроддзю, – адухоўлены ўнутраным станам душы яго стваральніка. Так думалася падчас падрыхтоўкі святочнага нумара, прысвечанага раённаму святу перадавікоў. Так думаецца і сёння, калі свежая памяць узнаўляе сюжэты самога мерапрыемства, якое ў мінулую пятніцу прайшло ў гарадскім Палацы культуры. Маштабная святочнасць – у знешнім антуражы. Арганізатары паклапаціліся, каб героі дня адчувалі сябе тут жаданымі гасцямі. І – крыху нават удзельнікамі дзеі.
– Купіце кніжку для дзяцей, – запрашалі карабейнікі, работнікі дзіцячай бібліятэкі. А ўзамен прапаноўвалі тое, што танна каштуе, а цэніцца вельмі дорага: цёплае пажаданне для магістральнага жыццёвага накірунку кожнага дабрачынца.
Па традыцыі выставай-продажам са шматлікімі «смачнымі» экспанатамі ўразілі перапрацоўчыя прадпрыемствы. Адзін знешні выгляд салодкіх вырабаў хлебазавода сваім эстэтычным афармленнем вабіў дабрацца да іх «унутранай» сутнасці.
Шырокую магчымасць паласавацца вілейскімі прысмакамі прадставіла фае другога паверху. У пацвярджэнне гасціннасці і добразычлівасці нашага краю. Дзе на стол госцю – усё лепшае. Дзе ў сялянскіх хатах вэндзіліся каўбасы з разлікам на тое, што нехта сюды адчыніць дзверы і прыйдзе з добраю весткай, і пад гоман нетаропкай бяседы раздзеліць з гаспадаром багаты стол. І на гэтым свяце была захавана слынная вілейская традыцыя. Госці па-вартасці ацанілі гасціннасць прымаючага боку. І гэта быў толькі пралог урачыстай дзеі ўшанавання лепшых людзей вілейскага краю. Яно праходзіла ў глядзельнай зале Палаца, дзе абаяльныя і кантактныя вядучыя Ганна Царык і Андрэй Дударчык выйшлі на сцэну, каб пажадаць усім прысутным шчасця, здароўя, дабрабыту, новых працоўных поспехаў і здзяйсненняў.
Сваё віншавальнае слова старшыня райвыканкама пабудаваў такім чынам, што галоўнымі суб’ектамі яго ўвагі, як кіраўніка выканаўчай улады, сталі людзі. Не на дасягнутых паказчыках акцэнтаваў увагу Віктар Іосіфавіч, а на тых, чыімі рукамі яны дасягнуты. Хто стварае імідж вілейскага краю, не губляючыся ў складаных рэаліях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Не ўсіх, вартых нашага прызнання працаўнікоў,ёсць магчымасць занесці на Дошку гонару. Але часткова іх імёны прагучалі ў прывітанні Віктара Ката. Наталля Халупка, чысцільшчык оптыкі з завода «Зеніт», Наталля Гіль, цеставод хлебазавода, Віктар Яцкевіч, механізатар ААТ «Даўгінава», Ганна Гарэлік, начальнік вытворчасці камбікормавага завода, Вольга Саўчык, цырульнік камбіната бытавога абслугоўвання, Людміла Палянская, стараста аграгарадка «Шылавічы», Ганна Вербіловіч, урач афтальмолаг… Шэраг імён называе старшыня райвыканкама. І кожны яго носьбіт варты такога публічнага прызнання. Акцэнт, вядома, на лідарах, на тых, хто «стварае пагоду» ў нашым каларытным, багатым на гістарычныя і культурныя традыцыі, вілейскім доме. Лепшыя калектывы, як і тыя працаўнікі, хто прызнаны лепшымі па прафесіі, заносяцца на раённую Дошку гонару.
Высокія вынікі, зазначае выступаючы, дасягнуты ў будаўнічай галіне. Вартыя паказчыкі – у ДЭУ-63 «Мінскаўтадор-Цэнтр», ДБУ № 13 ААТ «ДСТ № 5», раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Будаўнічым комплексам узведзены 60-кватэрны жылы дом па дзяржзаказу ў Вілейцы, 5 аднакватэрных – у аграгарадку Сцешыцы, 4 – у вёсцы Маргі, 3 – у Язнях. Узведзены аб’екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры да раёнаў індывідуальнай жылой забудовы «Паўночны-1» і «Паўночны-4» і да раёна капітальнай забудовы «Паўночны-2».
Менавіта летась, – праінфармаваў прысутных старшыня райвыканкама, пачата распрацоўка праекта дэталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі Вілейкі. Распрацаваны праекты зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – касцёла Узвышэння Святога Крыжа і царквы Прападобнай Марыі Егіпецкай. У невялікім выступленні кіраўнік выканаўчай улады назваў тыя сферы гаспадарчага, эканамічнага, сацыяльнага жыцця раёна, дзякуючы якім ажыццяўляецца развіццё. А яшчэ – людзей, што па сваіх прафесійных навыках і майстэрству з’яўляюцца своеасаблівым лакаматывам гэтага паступальнага руху ў будучае. Прагучалі імёны маладых жыхароў Вілейшчыны, здольных і таленавітых, вартых несці высокае званне нашчадкаў.
Ва ўнісон – выступленне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктара Русака:
– Насычаным, цікавым і дастаткова цяжкім быў мінулы год. Вынікі ў віляйчан ёсць. І мы ведаем іх кошт. Наша шчасце, што мы жывём сярод самаадданых людзей, яны не зважаючы на складанасці, без аглядкі на перашкоды, робяць сваю справу.
Ушанаванне пачалося з уручэння Ганаровых грамат і падзяк абласнога выканаўчага камітэта. Віншаваў узнагароджаных намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю аблвыканкама Вадзім Бандарэнка.
На сцэну былі запрошаны пераможцы раённага спаборніцтва па выніках 2015 года. Ім выпала пачэснае права стаць героямі раённай Дошкі гонару. Урачыстыя, незабыўныя для кожнага моманты, уласцівыя не многім краінам, якія пасля вядомых падзей,набылі статус незалежных. І разам з тым, аднак, страцілі лепшыя традыцыі і іх карані. Мы іх захавалі. Ушанаванне – найперш маральная падтрымка, прызнанне вартасці чалавека як асобы. І гэта ўжо не зважаючы на яго адукацыйны ўзровень, сацыяльны статус, грамадскае становішча. Праца, прафесійная адметнасць чалавека – тое, што цэніцца на дзяржаўным узроўні і што пастаянна падкрэслівае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, ад свайго імя ўручаючы прэміі людзям, што многае здзейснілі дзеля дабрабыту краіны.
На свяце акрэслілася і яшчэ адна важная дзея – ушанаванне лепшых малаказборшчыкаў і сельсаветаў, якія паказалі найлепшыя вынікі. Як зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, лідарам па закупу малака на адну карову пяты год запар выйшаў Даўгінаўскі сельсавет – закуплена 3357,2 кілаграма, Любанскі сельсавет – на другім месцы. На трэцім – Асіпавіцкі. Больш падрабязна мы гэту тэму абмяркуем у адным з наступных выпускаў газеты. Лепшыя творчыя калектывы раёна адрасавалі свае віншаванні перадавікам. У зале гучалі «Экспромт» і «Імпэт», са сцэны выступалі вакальныя дуэты і асобныя выканаўцы. Вылучыць кагосьці з іх проста не атрымаецца.
Не абыйдзены былі ўвагай прадстаўнікі маладой Вілейшчыны. Пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў атрымалі падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама.
Адметная і ўжо традыцыйная, але ад таго не меньш хвалюючая, з’ява свята – ушанаванне пераможцы акцыі «Чалавек года Вілейшчыны». На гэты раз высокага звання ўдастоена начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, галоўны архітэктар раёна Галіна Кажарновіч. Яе высокі прафесіяналізм, эстэтычны густ на працягу многіх год садзейнічалі фарміраванню аблічча Вілейшчыны. Дастойнага чалавека – вартае прызнанне.
І на гэтай мажорнай ноце хочацца завяршыць нам фотарэпартаж з раённага свята. У наступным выпуску назавём лепшых працаўнікоў, імёны якіх будуць занатаваны не толькі на Дошцы гонару, але і ў слыннай гісторыі вілейскага краю.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА




















