Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гэты ўсюдыісны «Тайфун»

– Нашы дарогі – гэта ўсё, што не належаць ДЭУ-63, – так метадам выключэння Юрый Хальпукоў, галоўны інжынер філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ №162» акрэслівае аб’ёмны фронт работ сваёй арганізацыі. Ён – у межах Вілейскага раёна. Хоць самі дарогі, якія абслугоўвае філіял, цягнуцца і ў суседнія рэгіёны Міншчыны. У тых, хто імі карыстаецца, ёсць рэальная магчымасць параўнаць вынікі намаганняў вілейскіх дарожнікаў і іх калег-суседзяў.

«ДРБУ-162» абслугоўвае таксама дарогі і ў межах населеных пунктаў. «Пачынаючы ад укладкі асфальта, заканчваючы ямачным рамонтам», – канкрэтызуе Юрый Алегавіч. Летась арганізацыя змагла набыць новую ўстаноўку «Тайфун», мабільную, прызначаную менавіта для рамонту дарожнага пакрыцця. Чаму «Тайфун»? Таму што ўсюдыісны: сёння – тут, заўтра – там», – жартуе мой суразмоўца. Прымянялася ўстаноўка пры навядзенні парадку на зямлі ў сувязі з абласным святам дажынак.
Ах, гэтыя дажынкі! Яшчэ доўга будзе іх водгук разносіцца рэхам нашых успамінаў. Добрае, адметнае надоўга валодае людской свядомасцю. Тым больш, калі ты нейкім чынам саўдзельнік гэтай адметнасці.
Былі капітальныя рамонты дарог у напрамках з Маладзечна да Ільі і «Вязынка-Асцюковічы», у раёне Порсы на аб’язной дарозе мянялася пакрыццё. У самім райцэнтры ладзіліся пешаходныя сцежкі, вялося добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый.
– На Прывакзальнай вуліцы пераклалі асфальт, парадак на вуліцах Ходзькі, Лаўрыновіча, – таксама наша работа, – ужо і не ўспомніць майму суразмоўцу ўсе аб’екты, да якіх у працэсе падрыхтоўкі да абласнога свята давялося прыкласці рукі. Сапраўды, гэта мерапрыемства ў той час было свайго роду выпрабаваннем, якое праверыла на самадастатковасць і людзей, і службы, якія яны прадстаўлялі.
…Рух – на Любанскай трасе ў раёне вёскі Більцавічы. У прыдарожнай паласе жыллёва-камунальная гаспадарка ўбрала належачыя выразцы дрэвы. Адкрыўшы тым самым фронт работ для дарожнікаў. Працэсам кіруе майстар дарожна-будаўнічага ўпраўлення Андрэй Сялюн. Дзесяць год мінула, як ён, выпускнік палітэхнічнай акадэміі,з дыпломам інжынера-будаўніка,прыйшоў у гэту арганізацыю. Тут набываў вопыт і аўтарытэт. Вучыўся кіраваць сталымі, прафесійна падкаванымі людзьмі. З такіх – экскаватаршчык Міхаіл Чарнецкі. Ён сёння наводзіць парадак на прыдарожнай паласе. І ў яго з майстрам – поўнае ўзаемаразуменне.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries