У мінулы аўторак у СШ №3 адбылося пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Арганізацыя гарачага харчавання школьнікаў”. Мерапрыемства было арганізавана дырэктарам навучальнай установы Мікалаем Гіро. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, адміністрацыі школы і бацькі навучэнцаў.
Інтарэс да тэмы харчавання школьнікаў лёгка патлумачыць. Здароўе чалавека на 50 % залежыць ад яго ладу жыцця. Як яго зберагчы і выхаваць культуру здароўя? Усё пачынаецца з дзіцячага ўзросту. І вялізная роля у фарміраванні здаровага ладу жыцця належыць харчаванню. За прыкладамі далека хадзіць не прыходзіцца. Дзіця ў першы клас прыйшло без акуляраў, а на выпускным вечары на усіх глядзела праз лінзы, альбо у пачатку навучання ведаць не ведала пра гастрыт, зато ў адзінаццатым класе набыло сабе праблемы са страўнікам. Таму арганізацыя харчавання школьнікаў з’яўляецца задачай вялікай сацыяльнай значнасці. І пра гэта не раз згадвалі ў час “круглага стала”.
Мікалай Гіро, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства з уступным словам, адзначыў, што кантроль за арганізацыяй харчавання вучняў, прыгатаваннем ежы, а таксама работай сталовай у школе ажыцяўляеца бракеражнай камісіяй, саветам па арганізацыі харчавання. Медработнік штодзённа кантралюе захоўванне санітарных нормаў і правілаў, праводзіць вітамінізацыю і кантралюе своечасовае праходжанне работнікамі медагладу.
– Вядома, што для таго, каб накарміць дзяцей смачна, патрэбны грошы і час, якога ў працуючых мам не заўсёды хапае. Таму на дапамогу прыходзіць школьнае харчаванне. Для многіх дзяцей яно за кошт раённага бюджэту. Толькі на гэтыя мэты затрачваецца звыш 3 мільёнаў рублёў кожны дзень. Бацькі таксама трацяць на харчаванне свайго дзіцяці немалыя грошы. Таму б вельмі хацелася, каб пасля кожнага прыёму ежы на сталах заставаліся пустыя талеркі. Гэта, ўсё ж такі, будзе азначаць павагу не толькі да працы работнікаў сталовай, але і да сродкаў, якія выдзяляюць на харчаванне бацькі і дзяржава.
Дарэчы, што тычыцца гастранамічных густаў, то напярэдадні мерапрыемства ў школе сярод вучняў правялі апытанне. Пажаданні, а таксама прапановы былі самымі рознымі. Напрыклад, адны вучні дзякавалі за шакаладны зефір. А вось другія скардзіліся на адсутнасць у школьным меню такога напітку, як кока-кола. Таксама школьнікі не жадаюць бачыць у сваіх талерках кансерваваныя залёныя памідоры, рыбныя катлеты. Зато б з задавальненнем упляталі аладкі, блінчыкі са згушчоным малаком.
Мікалай Мікалаевіч зазначыў, што ў харчаванні школьнікаў па-ранейшаму адзначаецца і шэраг негатыўных тэндэнцый. Па-за школай малыя залішне ўжываюць салодкай, салёнай, тлустай ежы, і ў той час у рацыёне дзяцей і падлеткаў не хапае садавіны, рыбы, нягледзячы на іх разнастайнасць і коштавую даступнасць. У школьнай сталовай кожны дзень стараюцца, каб у дзяцей на сталах былі свежыя і фрукты, і агародніна. Бо калі дзіця будзе харчавацца толькі “кірыешкамі” альбо салодкімі батончыкамі, то вынік вядомы – захворванні, пачынаючы ад карыесу і заканчваючы дыябетам:
– Сёння, напрыклад, у краіне налічваецца каля 1000 дзяцей, хворых на дыябет другога тыпу, гэта значыць, набыты дыябет. У чым прычына такога становішча? У незалежнай арганізацыі харчавання дзяцей у школе ці ў адсутнасці сямейных традыцый здаровага харчавання?
Алена Ліхачэўская, урач-гігіеніст райЦГЭ, заўважыла, што многія бацькі сёння задаюцца пытаннем: “Чаму нельга ў школе прапаноўваць дзецям такія стравы, якія дзіця любіць? Навошта навязваць нейкі рацыён?”. Справядліва, але трэба ўлічваць, што харчовыя прыхільнасці дзіцяці фарміруюцца да пяці гадоў. Калі асноўнай ежай, нягледзячы на ўсе рэкамендацыі ўрачоў, былі сасіскі, цукеркі, чыпсы і іншыя “не здаровыя” прадукты, вядома рацыянальнае, збалансаванае харчаванне ў школе падасца зусім не прывабным.
– Трэба памятаць, што ў школьны перыяд у дзіцяці адбываецца інтэнсіўны рост арганізма, развіваюцца ўсе асноўныя сістэмы. Роля харчавання ў сучасных умовах павышаецца ў сувязі з акселерацыяй, гэта значыць з паскарэннем фізічнага развіцця і раннім палавым паспяваннем. У школе прыгатаванне ежы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прыкладным двухтыднёвым меню, дзе тэхнолагамі і дыетолагамі ўжо улічаны ўсе прынцыпы не толькі рацыянальнага, але і збалансаванага харчавання. Таму ежа ў арганізацыях адукацыі з’яўляецца проста «правільнай».
– Што павінна быць у правільным, збалансаваным рацыёне дзяцей? – запыталіся ў экспертаў бацькі.
– Малако і малочныя прадукты, мяса, яйкі. Таксама рыба можа рыхтавацца 1-2 разы на тыдзень. Гэтыя прадукты з’яўляюцца асноўнай крыніцай бялку (матэрыял для пабудовы тканін і органаў чалавека). Нельга забываць пра раслінныя крыніцы бялку – бабы, гарох. Дарэчы, колькасць вугляводаў у харчаванні школьнікаў павінна быць у 4 разы больш, чым бялкоў і тлушчаў. Аднак варта памятаць, што лішак простых вугляводаў (цукеркі, прысмакі, шакалад) наносіць вялікую шкоду здароўю, выклікае парушэнне абмену (атлусценне, дыябет II тыпу), адставанне ў росце і агульным развіцці, схільнасць да частых захворванняў. Таму 80% усіх вугляводаў павінны складаць складаныя вугляводы: гародніна, садавіна, крупы, хлеб, – адзначыла Алена Мікалаеўна.
Таксама спецыяліст дабавіла, што кожны дзень неабходна ўжываць не менш за 4 віды садавіны сярэдняга памеру (яблыкі, апельсіны, грушы) і каля 300 грам рознай гародніны: салаты, суп з гародніны, нарэзка.
– Нельга забываць, што ў сярэднім дзіця павінна атрымліваць 1,5 літры вадкасці. Лепш за ўсё малако і вада. Яны не пашкодзяць зубам. А вось сокі валодаюць павышанай кіслотнасцю і ўтрымліваюць высокі працэнт цукру. Што тычыцца газіраваных напояў, кшталту кока-колы, то важна ведаць, што яны змяшчаюць кафеін, які наогул не рэкамендаваны, паколькі ён перашкаджае ўсмоктванню арганізмам жалеза. Таксама варта выключыць з дзіцячага рацыёну чыпсы, лапшу хуткага прыгатавання, такую як “Ролтан”, булённыя кубікі і іншую ежу з пакетаў, якая ўтрымлівае кансерванты і вялікую колькасць утоенай солі. Усяго гэтага патрэбна сцерагчыся., – канстатавала Алена Мікалаеўна.
А вось пра каўбасныя вырабы Святлана Салоніна, памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ, адзначыла, што згодна санітарным нормам яны дазваляюцца два разы на тыдзень у школьным меню пры умове, што будуць высокай якасці. Аднак іх ужыванне патрэбна кантраляваць, так як сасіскі, каўбасы ўтрымліваюць вялікую колькасць солі, хуткіх тлушчоў, якія могуць вызваць негатыўныя вынікі для здароўя школьніка, у тым ліку да парушэння абмену рэчываў, а таксама да атлусцення IІ тыпу.
Наконт наглядных мерапрыемстваў Алена Ліхачэўская рассказала, што пастаяяна праводзіцца праверка ежы, якую ужывае школьнік, у тым ліку, арганізоўваюцца лабараторныя даследванні на мікрабіялагічныя паказчыкі, на якасць тэрмічнай апрацоўкі, на ўтрыманне бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. А Святлана Салоніна дадала, што згодна санітарным нормам, з кожнага прыёму ежы ў халадзільніку павінна суткі знаходзіцца проба. Гэта патрэбна для таго, каб у выніку ўспышкі кішэчнай інфекцыі і калі яе звязваюць з прыгатаванай ежай, забраць гэтую сутачную пробу і ўжо лабараторна яе даследваць.
Раіса Буслаўская, намесні дырэктара па вучэбнай рабоце, паказала ўдзельнікам “круглага стала” прэзентацыю аб арганізацыі харчавання школьнікаў у СШ №3. Харчаблок, сталовыя прыналежнасці, склад прадуктаў, работнікі сталовай, сама сталовая – удзельнікі мерапрыемства маглі наглядна азнаёміцца з тымі ўмовамі, у якіх харчуюцца кожны дзень школьнікі.
Мікалай Гіро пад канец гутаркі звярнуў увагу, што калі ў бацькоў ці дзяцей усё ж такі ўзнікнуць пэўныя нараканні на якасць школьнага харчавання, то варта звярнуцца наконт вырашэння праблемы да адміністрацыі школы. Мікалай Мікалаевіч дадаў:
– Кожны дарослы, заняты выхаваннем дзіцяці, павінен прывіваць яму правілы здаровага харчавання, выхоўваць асэнсаваную неабходнасць харчавацца правільна: настаўнікі – на класных гадзінах, уроках, бацькі – у штодзённым жыцці. Бо менавіта ў дзяцінстве фарміруецца пэўны стэрэатып харчавання, які накладае адбітак на далейшы стан здароўя чалавека. А задачай школы з’яўляецца фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця, стварэнне ўмоў для арганізацыі паўнацэннага харчавання, а бацькі абавязаны забяспечыць фінансава харчаванне дзіцяці, у тым ліку і ў школе.
Спецыялісты райЦГЭ дадалі, што ніякіх кампрамісаў у пытанні харчавання быць не можа:
– Мы павінны сфарміраваць правільныя адносіны да харчавання ў нашага будучага пакалення і пры гэтым даць магчымасць зберагчы здароўе і даўгалецце. Відавочна адно: для таго, каб расці і не хварэць, дзеці павінны паўнавартасна харчавацца. Адказнасць за гэта ляжыць на дзяржаве, бацьках і тых, хто гатуе ў школах сняданкі і абеды, якія павінны быць і карыснымі і смачнымі.
Завяршыўся “круглы стол” экскурсіяй у школьную сталовую. Яго ўдзельнікі змаглі асабіста паназіраць, як харчуюцца дзеці, чым і ў якіх умовах.
Кацярына КАРПІК
Фота аўтара












