Як бы там ні было, але прысутнасць знакамітых, крэатыўных асоб, імёны якіх на самой справе «гучаць», вызначае аўру любой аўдыторыі. Не выключэнне і тая, што сабралася ў мінулую суботу ў актавай зале сярэдняй школы № 1. Традыцыйную сустрэчу выпускнікоў наведаў, і не ўпершыню, прафесар музыкі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор вядомага ў краіне Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец. Наш зямляк, хлопец з Цынцавіч, выхадзец са сціплай сялянскай сям’і, дасягнуў вышынь у музычным мастацтве. І школа, якую ён закончыў 60 год таму, ганарыцца сваім выпускніком. Ганарыцца ўсімі тымі, хто выйшаў з гэтых сцен у вялікае жыццё, несучы ў сэрцы глыбокую пашану і ўдзячнасць. Да ўсяго, што меў тут, што набыў за час вучобы, што лягло ў скарбонку дзейснай памяці. Той, што вымушае на пошук, здзяйсненні і адкрыцці.
Знаходзячы сябе, настаўнікаў і сяброў на фотастэндах у экспазіцыі школьнага музея, госці не саромеліся слёз. Успамін, калі ён нават радасны, заўсёды з лёгкім прысмакам смутку. Менавіта з-за незваротнасці таго, што некалі наталяла жыццё асаблівым зместам – рамантыкай маладосці, лірызмам далікатных юнацкіх пачуццяў. Яны і сёння, праз дзясяткі гадоў, грэюць чалавечыя сэрцы. Так стоены ў прыску вугольчык пачынае лёгка палымнець пад жменькай сухой сасновай ігліцы. Успаміны разаграюць уяўленне, даюць стымул вяртанню. І адбываецца дзіўнае пераўвасабленне чалавека. А назіраць гэты працэс можна было на вечары сустрэчы. Калі былыя выпускнікі, скінуўшы з сябе бярэмя гадоў, набывалі абліччы гарэзлівых падлеткаў і з захапленнем абмяркоўвалі сюжэты, засмужаныя завесай часу.
– Мы нават не чакалі столькіх гасцей, – дзеліцца дырэктар навучальнай установы Іна Крышкоўская. – І былі прыемна ўражаны, што на сустрэчу прыйшлі выпускнікі, якія скончылі школу 60, 50, 40, 30… гадоў таму. Тэлефанавалі сваім старэнькім, любімым настаўніцам Марыі Сямёнаўне Рынкевіч і Кацярыне Анатольеўне Мількота. Абедзвюм ужо за дзевяноста. Гэта ж колькі трэба было прыкласці душэўных сіл, каб так адбіцца ў памяці сваіх вучняў…
Апошнім часам у школе шмат чаго памянялася. Пасля рамонту абнавіліся класныя пакоі, калідоры, сталовая. Вучні-старшакласнікі, якія дзяжурылі на вечары, з гонарам дэманстравалі ўсё гэта гасцям.
Доўга яшчэ за кубкам гарбаты ішла размова. І Міхаіл Казінец, маэстра з сусветна вядомым імем, успамінаў, як па суботах іграў на сваім гармоніку танцы. І ў спартыўнай зале школы кружыліся пары. Шэсцьдзесят год прайшло, але мелодыя школьнага вальса па-маладому хвалюе сэрцы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА, выпускніка СШ № 1 1966 года