Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Юныя вілейскія скрыпачы на абласным конкурсе «Заслаўскі сшытак-2016» сталі лаўрэатамі ў намінацыі «Струнна-смычковыя інструменты»

І зноў перамога. Яркая, неаспрэчная, тая, што робіць гонар не толькі пераможцам. Віляйчанам, якія шануюць культурны прэстыж нашага горада, прыемна будзе асэнсаваць гэтую навіну. «Заслаўскі сшытак-2016», такую назву мае традыцыйны конкурс юных выканаўцаў, адразу дзве свае старонкі прысвяціў нашым землякам. У намінацыі «струнна-смычковыя інструменты» званне лаўрэата першай ступені атрымала Яна Мучынская, другая лаўрэацкая ступень – у Аль-Хляйфата Амраана. Юныя скрыпачы – навучэнцы вілейскай дзіцячай школы мастацтваў. Для іх педагога – Таццяны Жук – гэта не проста шчаслівы выпадак, а вынік сістэмнай творчай работы з выхаванцамі. І поспех не першы. На міжнародным конкурсе-фестывалі «Славянскія сустрэчы» дыпломам лаўрэата першай ступені пазначаны ансамбль скрыпачоў «Камплімент», другая і трэцяя ступень – ужо ў вядомых нам Яны і Хляйфата. «Кампліменту» тады выпаў гонар выступіць у гала-канцэрце на сцэне маладзёжнага тэатра эстрады.
З Таццянай Жук мы даўнія знаёмыя. Нашы адносіны ўзніклі на глебе ўзаемнай прывязанасці да скрыпкі. У яе – як прафесіянала, у мяне – дылетанта-аматара. Скрыпка – незвычайны інструмент, які патрабуе вытанчанасці і ўзнёсласці ад самой асобы выканаўцы. Нагадаю: некалі яна гучала ў руках майго дзеда, прызнанага вясковага музыкі. У яе быў крыху сіплы, нібыта злёгку прастуджаны, голас. Пэўна ад старасці. Інструмент пераходзіў з пакалення ў пакаленне, перабыў у розных руках, але, як намолены храм, меў нейкі непадуладны асэнсаванню духоўны ўплыў на слухачоў. Калі мне даводзіцца пачуць скрыпку, мінулае і сучаснае збіваецца ў тугі клубок, хаваючы пачатак і працяг, прымушаючы ўспрымаць бясконцасць музыкі як бясконцасць сусвету. Напэўна, такое ўспрыняцце выхоўвае Таццяна Генадзьеўна ў сваіх вучняў. Бо ў іх віртуозным выкананні праглядаецца такое глыбокае і такое ўсёпаглынаючае пранікненне ў мелодыю, якое кранае сэрцы ўдзельнікаў журы ўсіх вялікіх і малых конкурсаў. Не кажучы ўжо аб проста гледачах, што мелодыю ўспрымаюць як сцэнічны вобраз, у спалучэнні яе з абліччамі саміх выканаўцаў. Калі на сцэне юныя скрыпачы школы мастацтваў, чакай падзеі, чакай музыкі, якая абуджае самае лепшае ў чалавеку,найперш – закладзены прыродаю духоўны патэнцыял. Так рэалізуецца найвялікшая мэта мастацтва. Аб усім гэтым мы разважаем з Таццянай Генадзьеўнай. Мы дзелімся сваімі ўяўленнямі аб выхаваўчай ролі мастацтва, аб тым, што нельга апускацца да ўзроўню сярэдняга гледача (чытача). А густы фарміраваць, клапоцячыся, каб яны існавалі на фоне агульначалавечых уяў-ленняў аб свеце прыгожага, этыцы ўзаемаадносін аўдыторыі і саміх стваральнікаў мастацкіх вобразаў. У якім бы выглядзе падобныя не існавалі – паэзіі, музыкі, жывапісу, друкаванага слова…
«Заслаўскі сшытак» прайшоў пад патранажам Міхаіла Фінберга. Тую самую сцэнічную культуру,пра якую мы вялі гаворку, маэстра пераканаўча прадэманстраваў юным удзельнікам фестывалю разам са сваім «Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі» і яго творчымі калектывамі – ансамблямі флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў і вакальным. Гучала айчынная класіка, творы сучасных беларускіх кампазітараў. Пазнавальна і пераканаўча юным выканаўцам прыпадносіўся ўрок мастацкіх вартасцей з ухілам на нацыянальныя прыярытэты.
Дарэчы, у рэпертуары скрыпачоў вілейскай школы мастацтваў пачэснае месца займаюць творы Дзмітрыя Еўтуховіча. Кампазітар жыве за межамі Беларусі, у Злучаных Штатах Амерыкі. Але гэта ізаляванасць не перашкаджае яго працам мець глыбокі нацыянальны каларыт. Творчая душа рэалізуе закладзены ў ёй духоўны патэнцыял – гэта ўласцівасць усіх самабытных, неардынарных натур. Для якіх аб’ектыўная рэальнасць – толькі ўмоўнасць. Галоўнае – суб’ектыўная, на ўзроўні свядомасці, адчуванне асобы.
– У яго незвычайна цікавая музыка, – гэта мая суразмоўца пра Дзмітрыя Еўтуховіча. – Творы складаныя, спалучаюць розныя стылі. Яны гучаць і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. Напэўна, таму, што блізкія па духу ўсяму нашаму славянству…
У Таццяны з Дзмітрыем – віртуальная дружба. Даўняе знаёмства ў сацыяльных сетках стала трывалым сяброўствам. Дзмітрый прысылае свае творы для выхаванцаў Таццяны Жук. Яна адпраўляе яму відэасюжэты з канцэртаў і конкурсаў.
– Малайцы! – кампазітар эмацыянальна, як і належыць чалавеку творчаму, выказвае задаволенасць сваімі землякамі.
Скрыпка – душа музыкі. Гэта выказванне гучала настолькі часта, што, пэўна, ужо страціла сваё аўтарства. І не ў гэтым справа. Важна, што застаецца скрыпка, мелодыя,створаная струнамі і смычком, суладная з біццём натхнёных, аддадзеных музыцы чалавечых сэрцаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 172 queries