Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віляйчанін Барыс Манцэвіч адзначаў свой дзень нараджэння і выхад у свет зборніка сваіх твораў

«Я – нашчадак таго, хто з вайны не вярнуўся. Каб на ўсіх кантынентах шчасліва жылі. Я – нашчадак таго, подзвіг чый адгукнуўся гулкім рэхам на нашай цудоўнай зямлі.» – Радкі з «Эстафеты», паэтычнага зборніка віляйчаніна Барыса Манцэвіча. Ён зачытаў іх на чарговым пасяджэнні клуба «Пераадоленне», створанага пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Праходзіла яно ў форме літаратурнай гасцёўні. Актыўны ўдзельнік клуба Барыс Манцэвіч адзначаў свой дзень нараджэння і выхад у свет зборніка сваіх твораў.
Нарадзіўся аўтар на Міёршчыне, у сям’і сельскіх настаўнікаў. Дзяцінства будучага паэта, як і многіх яго равеснікаў, было апалена вайной. Бацька яшчэ на пачатку вайны быў растраляны фашыстамі, маці стала актыўнай удзельніцай падполля. Калі над сям’ёй навісла пагроза растрэлу, яна з пяццю дзецьмі, сярод якіх Барыс быў самы малодшы, уступіла ў партызанскі атрад, дзе прадоўжыла барацьбу супраць захопнікаў. У 1944 годзе Барыса Манцэвіча, разам з іншымі дзецьмі партызан, эвакуіравалі на «Вялікую зямлю» ў сонечны Узбекістан, дзе ён выхоўваўся ў Ферганскім дзіцячым доме.
Магчыма тады ў душу хлопчыка прыйшлі радкі, якія потым выліліся на паперу:
Вайна зрабіла нас сіротамі –
Бацькі на фронце паляглі.
Іх ласкі з вечнымі турботамі
Пазнаць мы болей не змаглі.
Дзіцячая мара стаць журналістам збылася. У 1957 годзе закончыў аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у Вілейскай райгазеце «За Савецкую Радзіму» («Шлях перамогі»), Бярэзінскай райгазеце «Сцяг Леніна» («Бярэзінская панарама»). З 1968 года – член Беларускага саюза журналістаў. У гэтым статусе прыйшлося наведаць Чарнобыльскую зону, на свае вочы пабачыць трагедыю соцень людзей, якія былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, страціць блізкіх.
Пад кубачак кавы цячэ няспешная размова. Паэтычныя радкі перамяжоўваюцца з філасофскімі роздумамі аб шчасці, каханні, экалогіі, аб грамадзянскай пазіцыі чалавека ў наш такі неспакойны час.
Людзі!
Зрабіце так,
Каб над плошчаю
Кветкі шчасця,
Радасці цвілі.
Каб трывалы мір на векі вечныя
Мы нашчадкам перадаць змаглі.
Члены клуба «Пераадоленне» віншуюць Барыса Манцэвіча з днём нараджэння, з выхадам паэтычнага зборніка «Эстафета» і жадаюць яму добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, здзяйснення ўсіх творчых планаў і задумак. А яны ў яго ёсць – хутка пабачыць свет зборнік гумарыстычных вершаў і баек. Вострага Вам пяра, Барыс Флоравіч, плённай працы на карысць Вашых удзячных чытачоў.
Данута ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries