Ужо 10 год прайшло, як «Маці школьная» была зарэгістравана як грамадскае фарміраванне Вілейскім райвыканкамам. Юбілей адзначаны «Каляднымі сустрэчамі», што традыцыйна арганізоўваюцца у другой гарадской гімназіі. Менавіта там працуе польскамоўны дзіцячы тэатр мовы, заняткі ў якім праводзіць Людміла Сяргей. Гэта не факультатыў, што служыць працягам школьнай праграмы. Тэатр – гэта добраахвотнае волевыяўленне падлеткаў, іх жаданне прытрымліваюцца традыцый, здаўна ўласцівым беларусам. Наш гістарычны лёс склаўся на скрыжаваннях лёсу розных народаў. У іх ліку – і польскага. Адбывалася ўзаемапранікненне моў, культур, звычаяў. Воля ўладароў і воля народаў – не заўсёды адназначныя паняцці. І мы сёння – не пра гэта. Мы пра тое, што польскае слова для беларусаў гучыць у яго аўтэнтычным кантэксце. Не сакрэт, што бабулі і маці вучылі многіх з нас маліцца па-польску, а першыя малітоўнікі, які мы трымалі ў руках, былі напісаны на польскай мове.
З суседзямі трэба ўмець кантактаваць. Двухбаковыя зносіны на глебе ўзаемаразумення могуць выліцца ў сапраўднае сяброўства. А яно ніколі не зрабіла шкоды ніводнаму народу. Уся шматвяковая сусветная гісторыя – таму сведчанне. Менавіта пра гэта думалася, калі ў запланаваных сцэнарыем сюжэтах разгортвалася сцэнічная дзея. Гэта было тэатралізаванае прадстаўленне, у якім падлеткі, паглыбляючыся ў вобразы персанажаў, з захапленнем выконвалі ролі. Гучалі песні Анёлаў, спрачаліся Зоркі, танчылі сняжынкі. Захоўвалася інтрыга той каляднай ночы, якая падарыла свету Збавіцеля. Сцэнарый, пабудаваны на канве дзіцячай гульні, быў сам па сабе цікавым для юных выканаўцаў. Слімачок, зайкі, мышка… Красамоўныя касцюмы дапаўнялі ўражанне ад прадстаўлення. Дзіцячы свет – ён тым і вабны, што пакідае для чалавека заўсёдную магчымасць туды вярнуцца. Менавіта з дапамогай падобнага роду дзей, дзе светлая наіўнасць арганічна спалучаецца з непадробленай шчырасцю, дзе вера вызначае траекторыю палёту для дзіцячай фантазіі… А пасля былі падарункі ад Святога Мікалая, з якімі ўсе дружна, разам са сваёй настаўніцай, фатаграфаваліся на той самай сцэне, якая толькі што служыла прытулкам для іх маладых талентаў.
У другой гімназіі, паралельна з тэатрам, існуе яшчэ і гурток польскай мовы, дзе яе выкладае настаўніца Жанна Савіч. Але «Маці школьная» створана не толькі з мэтай вывучэння мовы суседняга з намі народа. У аб’яднання – больш шырокія функцыі. Пра конкурс малюнкаў па выніках якога польскае пасольства выдала віншавальную паштоўку, мы ўжо з вамі гаварылі. Быў і яшчэ адзін конкурс, у час якога дзеці малявалі ілюстрацыі да прапанаваных настаўніцай вершаваных радках. У выніку атрымаўся своеасаблівы вернісаж, выкарыстаны пры выпуску календара на бягучы год. Туды трапілі малюнкі юных мастачак-віляйчанак Аляксандры Цітуленка і Ксеніі Міласердавай. Члены аб’яднання наведваюць знакамітыя мясціны Польшчы, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні пахаванняў польскіх салдат. Варты павагі і гонару той народ, які не вядзе барацьбы з паўшымі, а з хрысціянскай міласэрнасцю даглядае мясціны іх апошняга прытулку. Юныя дэкламатары – пастаянныя ўдзельнікі конкурсаў мастацкіх чытанняў твораў польскіх паэтаў.
Прыемнай нечаканасцю для Людмілы Сяргей была ўзнагарода ад Міністэрства адукацыі Польшчы – медаль за заслугі ў асвеце і выхаванні. Гэта знак высокай павагі да чалавека, які прысвячае сваё сэрца рэалізацыі ідэй сяброўства і дружбы, аднаўлення традыцый, уласцівых менталітэту двух суседніх народаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА










