Доўгія выхадныя – не для дзелавых людзей. Біялагічны гадзіннік, прывучаны да рытму «двое сутак праз пяць», прымушае ўставаць з пасцелі ў вызначаны ім час і запаўняць неспадзявана ўзнікшую прасторавую пустэчу. Чым? Гэта ўжо кожны вырашае для сябе самастойна. Можна, напрыклад, дарвацца ўрэшце да адкладзенай з-за дэфіцыту часу кнігі і разам з пакуль непераможаным майстрам псіхааналізу Зігмундам Фрэйдам паглыбіцца ў таямніцы яго тэорыі асобы ці метаду свабодных асацыяцый. Занятак, які па-свойму напружвае, магу гэта сцвярджаць на аснове ўласнага вопыту. А паколькі мазгавое рэчыва, як і ўсялякі біялагічны матэрыял, часамі патрабуе спакою, найлепшы метад яго атрымаць – пешая прагулка па гарадскіх вуліцах. З выхадам на акаляючыя краявіды, дзе непасрэднае судакрананне з сюжэтамі жывой прыроды дае тыя самыя свабодныя асацыяцыі, вывучэнню якіх вядомы псіхааналітык прысвяціў усё сваё навуковае жыццё.
Мяркую, кампетэнтны і прасунуты чытач зразумее, што аўтар гэтых радкоў некалькі ўтрыруе паняцці, іранізуючы над сваім заняткам, які многія палічаць марнай тратай часу. Увогуле, у наш імклівы век людзі, гэта на мой погляд, усё менш увагі ўдзяляюць псіхалагічным вышукванням, абапіраючыся на візуальныя ўражанні рэчаіснасці. А яны, мяркуючы па гэтых фотасюжэтах, такія, што даюць сапраўдны адпачынак душы, са станам якой звязана адчуванне і яе матэрыяльнай абалонкі, якую фізіёлагі называюць целам. Дык вось: сапраўдны адпачынак душы і цела можна было атрымаць, сутыкнуўшыся з выявамі расслабленай і пазбаўленай мітусні святочнага прадчування Вілейкі.
«Спакойна і павольна, як у зачараваным сне…» – гэты хрэстаматыйны ўрывак некалі мы завучвалі напамяць на ўроках беларускай літаратуры. Аблічча зімовай Віліі як нельга больш падыходзіць пад коласаўскі сюжэт. Узнікаюць тыя самыя асацыяцыі, якія вяртаюць свядомасць у школьнае юнацтва, дзе дасведчаныя і ўлюбёныя ў гучанне роднай мовы настаўнікі фарміравалі з нас патрыятычна настроеных асоб. Нам цераз «вобразы мілыя роднага краю» прывівалася тая шчырая любоў да аблічча бацькоўскай зямлі, якая не падуладна ўздзеянням часу. Якія б уражанні акаляючага і далёкага свету ён не прапаноўваў узамен сціплых краявідаў родных ваколіц.
Дым Айчыны, апеты расійскім класікам, актуальны для славянства, пазбаўленага здрадлівага гена касмапалітызму. З далёкіх вандровак вяртаючыся, мы паглынаем чысты нектар паветра, натоленага настоямі лугавых красак, пляцем рамонкавы вяночак, каб атуліць ім галоўку сваёй русавалосай дачушкі і перадаць тым самым дзіцяці асвядомленае адчуванне непарыўнай повязі з адвечнай, шматколернай і шматгалосай, сімфоніяй бацькоўскай зямлі.
Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Вілія сівому Нёману сваю багатую даніну… – назіраючы прапанаваны фотасюжэт, хачу перафразаваць класіка. А на воднай гладзі – гордыя птахі, якіх нябачныя ніці прывязанасці, уласцівыя не толькі чалавеку, трымаюць на люстраной гладзі халодных хваляў. Эколагі сцвярджаюць, што гэтыя пастаянныя зімоўкі – як збой фізіялагічных функцый лебядзіных сем’яў. Нашы з вамі пяшчота і замілаванне, якія выліваюцца ў гульні з арганізацыяй прыкормкі, прыводзяць птушак у стан бяспечнай заспакоенасці, правакуючы ў іх гіпадынамію. Магчыма, нехта з дасведчаных яшчэ напіша на гэты конт кампетэнтнае даследванне. Але, згадзіцеся, грацыёзныя птушкі на водах Віліі, – удалае дапаўненне да цнатлівай адзіноты зімы. І не вырвецца слова асуджэння ў таго, хто назірае, як паглынае маладое лебядзінае племя размяклы ў рачной вадзе кавалак хлеба, кінуты туды шчодрай дзіцячай рукой. Новае пакаленне пазнае свет. І няхай з такой клапатлівай, такой уражлівай і непасрэднай дзеі пачнецца гэта пазнанне.
Некалькі каткоў заліты ў Вілейцы, дзякуючы наступленню калядных маразоў. Найбольш шматлюдны – на цэнтральнай плошчы, побач з навагодняй ёлкай. Прыемна назіраць, як удала круцяць віражы бывалыя канькабежцы і як смехам-жартам становяцца на лёд пачынаючыя. Тут – першыя сінякі і першыя знаёмствы. Выпадковыя сустрэчы некалі, магчыма, стануць запланаванымі спатканнямі. Каток – гэта магчымасць смела дакрануцца да рукі сяброўкі, каб падтрымаць яе ў палёце над застылай паверхняй лёду. Той, што адлюстроўвае вячэрняе зіхатлівае святло расвечанай святочным убраннем ёлкі…
Каток – гэта спроба адбіцца клюшкай ад агрэсіўнага сябрука, адправіўшы шайбу за межы ўяўнага хакейнага поля. Падзенні на лёдзе – як першыя жыццёвыя няўдачы. Яны бянтэжаць, хвалююць – і не больш. Не было б іншых выпрабаванняў лёсу…
Калядныя дні. Службы ў храмах. Узнесеныя Небу малітвы. За нас усіх, за цэлы свет, якому сёння так патрэбна Боскае заступніцтва. Усемагутны Божа, ратуй і памілуй нас!
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Свабодныя асацыяцыі, або Фотасюжэты на тэму
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









