Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свет, дзе галоўным – Андрэйка

Буйныя сняжынкі падалі на мокрую зямлю і тут жа ператвараліся ў ваду. А хацелася невялічкага марозіку і сняжку. Час ужо, на дварэ ж сярэдзіна снежня…
Старанна мінаючы калдобіны, Вера ішла знаёмай сцяжынкай, што яшчэ не так даўно радавала чароўнай прыгажосцю – тоўстым жоўта-чырвоным дываном з лістоты. І дзе цяпер уся гэта прыгажосць – пад нагамі карычневае месіва… А сняжынкі ўжо ў паветры сталі ператварацца ў ваду… На носе Новы год, а тут хоць ты з парасонам хадзі. Вера нацягнула на галаву капюшон паліто і пайшла шпарчэй, нібыта стараючыся ўцячы ад шэрасці і золі. А на душы ўсё роўна было цёпла і светла. Хутчэй дамоў, у цяпло, да Андрэйкі…
Сёння быў добры дзень. Дзень сустрэчы, які яны, сябры-аднакурснікі, ладзяць штогод. Студэнцкія гады асабліва зблізілі іх шасцярых, таму дамовіліся сустракацца штогод. Каб пабачыцца, пагутарыць, парадавацца, даведацца пра планы адно аднаго. Гэта былі такія цёплыя сустрэчы! Яны, самастойныя і зусім дарослыя людзі, зноў ператвараліся ў бесклапотных і юных, на нейкі час забываліся пра свае праблемы.
Светка, Марына, Тоня, Аксана, Віця і яна, Вера. Гэта іх група, іх студэнцкая сям’я. Жыццё развяло іх пасля заканчэння вучобы: Марына з Тоняй трапілі па размеркаванні на завод, дзе і засталіся да гэтага часу. «Інжынерым паціху», – так гаварылі пра сябе. Света памяняла ўжо некалькі камерцыйных фірмаў, выбіраючы лепшае месца, і нарэшце ў адной асталявалася. Віця з Аксанай закончылі аспірантуру, цяпер выкладаюць у вышэйшай навучальнай установе. Кожны з іх гаварыў пра сваё.
– Ну, а ў цябе, Верачка, як справы? Хваліся, – пацікавілася Марына. – Андрэйка, напэўна, ужо гаварыць пачаў.
Аднакурснікі ведалі яе жыццёвую гісторыю. Ды і як жа інакш – усё развівалася на іх вачах. Ігар, вялікае каханне Веры, вучыўся ў тым жа ўніверсітэце, толькі на іншым факультэце. Прыгожы, разумны, ён і падабаўся, і, разам з тым, адштурхоўваў сваёй высакамернасцю. Як тыя матылькі да агню, цягнуліся да прыгажуна дзяўчаты, а пасля перажывалі, пакінутыя ім. Падобнае здарылася і з Верай.
– Плюнь ты, Верка, на гэтага задаваку, – раілі дзяўчыне сябры. – Не варты ён, каб ліць па ім слёзы…
Супакойвалі, стараліся дапамагчы, раскрыць ёй вочы на таго, хто некалі здаваўся ёй найлепшым. І Вера ўсё гэта разумела, аднак было ўжо позна – пад сэрцам жыло-трапяталася дзіцятка…
Тым летам сябры, атрымаўшы дыпломы, разляцеліся па сваіх першых працоўных месцах, а Вера, выйшаўшы ў дэкрэт, паехала дамоў. Яе мудрая мама не кінулася ў істэрыку, не стала нічога высвятляць. Ёй было цяжка і горка, яе маме, і Вера гэта бачыла. А пачула простае і цёплае: «Нічога, неяк будзе. У жыцці ўсякае здараецца. Галоўнае, што ёсць прафесія і дыплом. А дзіцятка… Не ты адна такая. Вышэй галаву, ты нікога не пакрыўдзіла, чужога не ўзяла…» І ў радзільны дом адправіла яе мама, і дамоў іх з Андрэйкам таксама забірала, і бяссонымі начамі, калі Веры хацелася і самой расплакацца ля малога крыкуна, на дапамогу прыходзіла яна. Мама, мамачка, самая родная і блізкая…
– Дык што, размаўляе ўжо Андрэйка? – кранула за плячо Тоня, вывеўшы Веру з роздуму.
– Многае ўжо гаворыць і так старанна паўтарае словы за мной! – засмяялася яна. – Праўду кажуць, што з дзеткамі трэба ўвесь час размаўляць, казачкі ім чытаць, тлумачыць усё – тады і язычок у малога хутчэй развяжыцца.
Шчаслівая мама дастала мабільны і паказала некалькі здымкаў светлагаловага карапуза.
– Ой, які прыгожы! І моцненькі такі, збіты, – прыпалі сябры да мабільнага. – На цябе вельмі, Верачка, падобны.
Яны яшчэ доўга гаварылі. І разыходзіцца ані не хацелася. Непакоілася толькі Вера і раз-пораз пазірала на гадзіннік.
– Што, чакаюць твае? – ціхенька прагаварыла Тоня.
– Хвалююся, як там яны, – прызналася Вера. – Ведаю, што вельмі чакаюць.
– Шчаслівая ты, Верка, – задуменна сказала Тоня. – У цябе мама, сын… І цябе чакаюць.
Вера ведала, якім няпростым было дзяцінства сяброўкі, як цяжка перажыла яна смерць мамы. І сёння пакуль што адна… А яна, Вера, і сапраўды шчаслівая, у яе ёсць свой невялічкі свет, дзе яе чакаюць і любяць. І галоўны там – Андрэйка.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries