На гэты раз у актавай зале школы сабраліся прыхільнікі таленту нашай настаўніцы Аксаны Ярашонак – педагога-арганізатара. Мы віталі паэтку, перакладчыцу, аўтара паэтычнага зборніка “Звычайнае шчасце”, якую ў жніўні гэтага года прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Аксана Ярашонак – пастаянная ўдзельніца міжнароднага літаратурнага праекта “Берагі дружбы”, на яе рахунку шмат грамат і дыпломаў за літаратурную дзейнасць, а таксама медалі – “10 год Саюзу пісьменнікаў Дона”, “Да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі”, “Паэт і воін Ігар Грыгор’еў”. Дарэчы, апошні медаль прыйшоў з Санкт-Пецярбурга і быў уручаны паэтцы ў літаратурным асяродку сталіцы.
Сустрэча прысвячалася выхаду зборніка вершаў і перакладаў “Атожылкі славянскага камля” (Таганрог, 2015). Гэты зборнік, як і ўвесь праект “Берагі дружбы”, скіраваны на адзінства славянскіх народаў, разуменне духоўных памкненняў людзей. Кніга створана літаратарамі Беларусі, Расіі і Украіны. На сустрэчы прагучалі вершы Аксаны Ярашонак з прадстаўленай кнігі. Гэта беларускія арыгіналы, а таксама іх пераклады на рускую і ўкраінскую мовы): “Аскепкі бабінага лета” (чытальнікі: аўтарка, Сяляўка Андрэй, Вярбіцкая Ульяна), “Пад грукат колаў” (чытальнікі: Рудніцкая Ганна, Урбан Пётр, Дуровіч Раман), “Малюнак нябёсаў” (чытальнікі: Забаронак Артур, Шымель Елізавета, Клімёнак Павел), “Кідаў на шчокі кропелькі з бурштыну” (чытальнікі: Ляшкевіч Таццяна, Брыль Ганна, Усціновіч Юлія), “На плошчы Якуба Коласа” (чытальнікі: Пінчук Сняжана, Савіна Дар’я, Шэрая Серафіма). Усе вершы былі блізкія і заразумелыя аўдыторыі, бо ў іх ціхая радасць ад паўсядзённага жыцця, шчаслівыя парыванні, любоў да Радзімы, родных і блізкіх людзей, свая непаўторная вобразнасць.
Пасля юных чытальнікаў слова ўзяла сама аўтарка. Для прысутных яна праспявала пад гітару песню на словы Эдуарда Асадава ў сваім перакладзе на беларускую мову і расказала пра нядаўняе падарожжа на данскую зямлю ў горад Таганрог, куды была запрошана на Міжнародны літаратурны фестываль “Берагі дружбы”. Расповяд быў праілюстраваны фотаздымкамі, кожны з якіх аўтарка каменціравала. Атрымалася своеасаблівае сумеснае фотападарожжа, якое прынесла задавальненне гледачам.
Верыцца, што наша сустрэча падарыла вучням і настаўнікам шмат станоўчых эмоцый, далучыла да мастацкага слова.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік школьнага народнага музея “Вілейшчына літаратурная”
ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця”
Новы зборнік вершаў і перакладаў “Атожылкі славянскага камля” Аксаны Ярашонак
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


