Адкрываючы ў газеце гэту рубрыку, мы маем мэту расказаць пра людзей, якія трывала замацаваліся ў гісторыі Вілейшчыны. Менавіта фактам сваёй прыналежнасці да мерапрыемства, што ўпершыню ладзілася ў нашым краі. Хтосьці з нашых герояў увайшоў у склад абласной дэлегацыі і быў ушанаваны на галоўнай сцэне дажынак. Хтосьці атрымаў узнагароды з рук прадстаўнікоў абласных, раённых улад на іншых пляцоўках свята. Безумоўна, пра ўсіх ушанаваных мы расказаць не здолеем. Іх многа. Імёны працаўнікоў вёскі, пазначаныя сімвалам абласнога фестывалю-кірмашу, мы надрукавалі на старонках газеты. Адно з іх – Станіслава Калягі, механізатара адкрытага акцыянернага таварыства «Даўгінава». Станіслаў Іванавіч стаў пераможцам раённага спаборніцтва на ўнясенні арганічных угнаенняў і быў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Справы людзей і лёс калектыву, які яны прадстаўляюць, цесна пераплецены. Сёння ў акцыянернага таварыства «Даўгінава» – перыяд станаўлення. Створаны на аснове трох сельскагаспадарчых арганізацый альянс імкнецца стаць адзіным гаспадарчым механізмам. І небеспаспяхова. У таварыстве сёлета валавы намалот збажыны – найбольшы ў раёне. Ён склаў больш трынаццаці тысяч тон. А ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва – некалькі працаўнікоў «Даўгінава». Механізатары Сяргей Пятровіч і Яўгеній Сачыўка. Яны вызначыліся на падрыхтоўцы глебы да сяўбы. І атрымалі падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама. Адзначаны Іван Атрошчык, трактарыст-машыніст, які пасеяў збожжавыя на плошчы 1193 гектары. А ў корманарыхтоўках вызначыліся Віктар Яцэвіч і Леанід Сачыўка. На раённых дажынках ушанаваны таксама экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў складзе Пятра Седага і Аляксандра Ціхановіча. Працаваў на камбайне і Станіслаў Каляга. Сёлета яго вынік больш сціплы. А памятаецца, наш герой быў адзін з першых у раёне камбайнераў-тысячнікаў. А аднойчы нават дзве тысячы тон збажыны намалаціў.
Чаму рэдакцыі асабліва цікавы яго поспех? Таму што Станіслаў Іванавіч пяць год таму быў лаўрэатам нашага рэдакцыйнага прыза «За адданасць полю». Нагадаем, што ён устаноўлены для тых, хто стаў на жніўным палетку ўзорам самаахвярнасці, ашчадных адносін да хлеба, хто высокія намалоты не ставіў самамэтай. А на самых «цяжкіх» участках, дзе, бывала, дэманстравала сваё валадарства стыхія, імкнуўся змалаціць усё, да апошняга зярнятка. Хто не лічыўся з часам, нейкімі жыцейскімі абставінамі, а сумленна выконваў свой хлебаробскі абавязак.
Такім быў і па сённяшні час застаецца Станіслаў Каляга. Прыемна, што ён штогод пацвярджае свой ганаровы статус «адданага полю». Прыемна, што ён мой зямляк, з той самай даўгінаўскай зямлі, якая выгадавала людзей знакамітых, нават у краіне вядомых. Таго ж скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, аўтара пяшчотнай Вілляны, своеасаблівага сімвала Вілейкі. Яна сёння сарамяжна адкрывае плечы пад буйнымі парывамі неўтаймаваных снежаньскіх вятроў у адным з людных месцаў райцэнтра. Мікалай Лазавік, ураджэнец Сасноўшчыны, сакратар Цэнтрвыбаркама – асоба, прыкметная ў палітыцы…
У хлебаробаў, як правіла, не настолькі гучныя імёны. Бо дыяпазон іх працоўных намаганняў мае лакальны характар, тэрытарыяльна абмежаваны. Але гэта не азначае, што яны не вартыя высокай грамадскай ацэнкі і не маюць права стаяць у пераліку імён, якія ствараюць гонар даўгінаўскай зямлі.
Станіслаў нарадзіўся ў Сасноўшчыне. Вёска спакойная, стаіць наводдаль ад аграгарадка. Ды і ніколі не імкнуўся ў сельскі мегаполіс наш герой. Хоць, пэўна, за свой аўтарытэт мог некалі атрымаць у цэнтры кватэру. Альбо пабудавацца тут, каб быць бліжэй да выгод цывілізацыі. У жыцці Станіслава ўсё адбывалася так, нібы лёс усё спланаваў для яго загадзя. Жонка Наталля – аднакласніца Станіслава. Мы ўбачыліся некалі з ім на сустрэчы выпускнікоў у Даўгінаўскай школе. Была і Наталля. Сёння яна – тэхнік-асеменатар мясцовага жывёлагадоўчага комплексу. Збоку пацешна назіраць, як сталыя, у самым дарослым часе людзі, імгненна ператвараюцца ў свавольных «шкалянят». Сноўдаюць па класным пакоі, стараючыся заняць месца падалей ад настаўніцкага стала, распісваюць дошку мудрагелістымі выслоўямі і пажаданнямі. Што толькі не вытварае з намі гэта віртуальнае вяртанне ў час бесклапотнага юнацтва…
Станіслаў быў адным з лепшых у класе вучняў. Праўда, да «залатога» атэстату паў-бала не дацягнуў. Але клапатлівы лёс не стаў маляваць для вясковага хлопца нейкіх вабных, ашаламляльных перспектыў. Яму было цёпла і ўтульна ў кутках роднай хаты, за дзвярыма якой пахла бульбоўнікам, а ўвесну – свежай раллёй. Гэтыя пахі, адчуванні, каларыт самога асяроддзя, разумеў Станіслаў, ствараюць чалавечыя рукі. І інтуітыўна лічыў неабходным далучыцца да гэтага працэсу стварэння. Нават, калі служыў тэрміновую ў Маскоўскай ваеннай акрузе і меў рэальную магчымасць менавіта ў гэтых месцах пачаць новы жыццёвы віток. Цягнула дамоў, у бацькоўскі дом, вёску, дзе чакала лепшая на свеце дзяўчына Наташа, пісьмы ад якой амаль штодня прыносіла салдацкая пошта. Ён нават не клаў на шалі вагаў тое чаканне сустрэчы і магчымасць крутога павароту лёсу. Вярнуўся дамоў. Тым больш, што спецыяльнасць трактарыста набыў яшчэ да службы ў арміі, падчас вучобы ў школе.
Натхняў прыклад маці, якая выхавала іх у строгасці і адначасова – ласцы. Тых адметна мацярынскіх якасцях, якія дазваляюць ісці ў жыццё варта і смела, не разменьвацца на дробнае і выпадковае і адначасова не мець у сэрцы жорсткасці. Гэта своеасаблівы імунітэт ад жыцейскага бруду, ад багны крывадушша, у якую могуць быць зацягнуты невыпрабаваныя на трываласць людскія сэрцы. Такое выпрабаванне ўсе дзеці сям’і Калягаў прайшлі ў бацькоўскім доме. Віктар – афіцэр, Генадзь – вадзіцель, Ганна – журналістка. Прывязанасцю і любоўю была і застаецца багатай сям’я Станіслава, бо пабудавана яна на трывалым грунце ўзаемапавагі.
Гэта толькі так здаецца, што з восенню завяршаюцца хлебаробскія клопаты. Ім наканавана быць вечнымі, як тое жыццё, якое яны падтрымліваюць у акаляючым іх асяроддзі. На полі, дзе цяпер вядзецца назапашванне і ўнясенне арганікі. На фермах. Тут падчас стойлавага перыяду вырашаюцца праблемы вялікага малака, а значыцца, і своеасаблівай фінансавай падушкі бяспекі для галіны раслінаводства. Нягледзячы на валавы намалот, у акцыянерным таварыстве «Даўгінава» яна сёлета спрацавала, лічыце, напалавіну. Ураджайнасць збожжавых культур склала тут 28,6 цэнтнера з гектара. Лічба даволі сціплая. І галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Акушэвіч адносіць яе на кошт праігнараваных патрабаванняў агратэхнікі. Не па віне хлебаробаў яны надарыліся. Проста, не хапіла сродкаў на ўгнаенні пад тэхналагічную патрэбнасць, на набыццё паліва. У выніку – такі паказчык.
У даўгінаўскіх зямель – нізкая прыродная ўрадлівасць. Таму рост ураджайнасці – гэта, найперш, строгае захаванне тэхналагічных нормаў апрацоўкі глебы.
А ў Станіслава Калягі – добрыя змены. Сын Аляксандр, той хлопец, які некалі быў у камбайнавым экіпажы бацькі, ужо мае сваю сям’ю. Як і дзядзька Віктар, носіць пагоны. Пайшоў служыць Радзіме малодшы сын Андрэй. Лёс старанна шліфуе рэчышча, у якім цячэ жыццё гэтай слаўнай працавітай сям’і.
Гартаю старую падшыўку раёнкі пяцігадовай даўнасці, дзе ў моцным мужчынскім абдымку стаяць пасярод жытнёвага поля Станіслаў і Аляксандр. Светлая зямля, што мае такіх сыноў. І добрым будзе яе лёс.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА