Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік выдала зборнік вершаў Барыса Манцэвіча

Я трымаю ў руках зборнік вершаў Барыса Манцэвіча, выдадзены вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкай імя Г. Новік.
Пачну з назвы кнігі – «Эстафета». Слова гэта мнагазначнае. Угледземся ў вокладку: стары дзядуля і ўнук. Паколькі пры эстафеце адзін удзельнік перадае ўмоўны прадмет другому, то, трэба думаць, дзядуля Барыс перадае сваім нашчадкам гэту кніжку, а ў ёй усё жыццё паэта . «Няхай ведаюць, як жылі мы, пра што марылі, што любілі, што бераглі», – гаворыць творца ў сваіх вершах.

Зборнік шматпланавы: тут тэма Радзімы, успаміны пра вайну, любоў да роднай прыроды, тэма кахання і запавет унукам. З якой любоўю гаворыць Барыс Флоравіч пра родную Вілейку, дзе пачынаў свой працоўны шлях у газеце «Шлях перамогі», дзе і цяпер, у сталыя гады, любы яму гэты «казачны куток»:
Я люблю свой зелен-гарадок,
Ім ніколі я не надзіўлюся.
Мілы сэрцу казачны куток,
Хоць такіх нямала ў Беларусі.
… Гарадок над Віліяй-ракой
Ні на што на свеце не змяняю.
І іншыя вершы («Город, на сказку похожий», «Моя газета», «Жыве Беларусь», «Шчасце краіны») гавораць, што Б. Манцэвіч – патрыёт сваёй Беларусі. Ён рады поспехам краіны і верыць у шчаслівае будучае народа. У вершы «У свабоднай рэспубліцы» прызнаецца:
Якой свабоды я хачу?
Ды той, што ўжо сягоння маю.
Пры ёй глыбока я дышу,
Душой і целам спачываю.
Тэма вайны адна з самых асабістых тэм зборніка. Яму, былому дзетдомаўцу, не забыць, што ў 1943 годзе ён жыў у атрадзе «Масква», камісарам якога была яго маці. Па начах сняцца брацкія магілы, бо з вайны не вярнуўся бацька.
Магілу бацькі дзе знайсці мне?
А мо, яе няма нідзе?
Быць можа, печы Асвенціма
Яго забралі да сябе.
Нельга без болю чытаць вершы «Сіроты вайны», «Сестре», «Ваенны год сорак чацвёрты», «Песня пра Зіну Ляднік», «Мы все прошли через детдом» і іншыя.
Я нашчадак таго,
Хто з вайны не вярнуўся,
Каб на ўсіх кантынентах шчасліва жылі.
Я нашчадак таго,
Подзвіг чый адгукнуўся
Гулкім рэхам на нашай цудоўнай зямлі.
Да слёз кранаюць вершы пра каханне, прызнанне ў вернасці і любові да жонкі Жэні, з якой пражыў паўвека, выгадаваў дзяцей, прычакаў унукаў. У вершах «Маёй Жэні», «Ачуняй, мая Жэня», «Я гляджу на цябе», «Перашкоды не бяда», «Жыву з крыштальнаю жанчынай» адчуваецца павага да жанчыны-маці, удзячнасць за пяшчоту і ласку.
Калі на цябе іншы раз я злую,
То потым сябе дакараю,
Бо лепш за пяшчоту і ласку тваю
Нічога на свеце не знаю.
Тэма роднай прыроды неадрыўна ад тэмы радзімы. Барыс Флоравіч любіць восень, зіму, захапляецца вясной і летам. Асабліва ён добра сябе адчувае ў лесе, які здымае стому, надзяляе сваім лясным багаццем.
Неяк мінорна гучаць вершы, у якіх чытаецца сцвярджэнне, што чалавек на зямлі не вечны і ён у гэтым ланцужку не выключэнне, некалі прыйдзецца пакінуць гэтую зямную прыгажосць. У вершы «Апошні шлях» прызнаецца:
Я апошні свой шлях адбрукоўваю,
Павялічваю крок за крокам,
Каб нашчадкі, дарогаю роўнаю
Ідучы, не збіваліся з тропу.
І тут жа з гонарам заяўляе, што людзі яго пакалення – аптымісты, таму і ён,нягледзячы на хваробы, непрыемнасці, беды, жыве, любіць жыццё і перад нашчадкамі не сорамна за пражытыя гады («Не здамся!», «Не сорамна дні дажываць», «Змагацца буду да канца», «Цаню рэальнае жыццё»).
Закрываю апошнюю старонку кнігі, а перад вачыма бясконцы фільм жыцця паэта. Дарэмна Барыс Флоравіч пачынае сваю кнігу самакрытычным вершам:
Я вечна пачынаючы паэт,
Далёкі ад прафесіянала.
Ніводнай кніжкі выдаць не паспеў,
Хоць мне гадоў ужо нямала.
Таму прашу і гэта ўлічыць,
Мае сябры – панове-ягамосці,
Калі ўжо будзеце судзіць,
То памяркоўна, без усякай злосці.
Мы даўно ведаем Барыса Манцэвіча як выдатнага журналіста, члена Беларускага саюза журналістаў. А вось з паэтам знаёмімся ўпершыню. Першая кніга «Эстафета» – гэта выдатны зборнік, ён не пакіне абыякавым чытача любога ўзросту. Чытаеш вершы і пераконваешся «жыццё пражыць – не поле перайсці».
Дзякуй Вам, Барыс Флоравіч, за выдатную кнігу, творчага натхнення і поспеху.
Антаніна ГАРЧАКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 169 queries