Тэматычная інтэлектуальная гульня «Брэйн-рынг» пад агульнай назвай «Складнікі здароўя» сабрала разумнікаў у мінулы аўторак у актавай зале Вілейскага дзяржаўнага каледжа. Мерапрыемства прайшло ў рамках штогадовай акцыі «Галасы маладых» і было прымеркавана да Дня барацьбы са СНІДам у рамках прафілактычнай работы па папярэджванні п’янства, табакакурэння, наркаманіі, таксікаманіі, ВІЧ/СНІД сярод моладзі.
Заразіцца ВІЧ-інфекцыяй зараз можа любы чалавек. Для гэтай хваробы абсалютна не прынцыпіяльныя пол, нацыянальнасць, сацыяльны статус, сэксуальная арыентацыя. Але гэта зусім не азначае, што няма спосабу абараніць сябе і сваіх блізкіх ад яе. Заўсёды важна памятаць, што менавіта валоданне дакладнай інфармацыяй, уменне выкарыстоўваць яе правільна патрэбна для таго, каб выжыць, паменшыць рызыку заражэння і распаўсюджвання захворвання. Пераацаніць актуальнасць гэтай тэмы немагчыма, асабліва ў маладзёжным асяроддзі.
Арганізатарамі спаборніцтваў на эрудыцыю і кемлівасць сталі Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, рэдакцыя газеты «Шлях перамогі», Вілейскі дзяржаўны каледж і раёная арганізацыя Мінскай абласной арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Удзельнічалі ў спаборніцтве па веданні пытанняў наконт наркотыкаў, алаголю і СНІДу навучэнцы каледжа, якія аб’ядналіся ў тры каманды: «Імпульс» (капітан Вераніка Філон), «Сіла» (Андрэй Кеда) і «Энэргія» (Ангеліна Шыманская).
Перад пачаткам гульні было прызначана кампетэнтнае журы, у складзе якога выступілі прадстаўнікі з ліку арганізатараў «Брэйн-рынгу».
Інтэлектуальнае спаборніцтва складалася з пяці тураў. Першыя тры прадстаўлялі сабою пытанні камандам на веданне фактаў пра алкаголь, наркотыкі і СНІД. Які арыгінальны спосаб барацьбы з п’янствам прыдумаў Пётр I? Які камень, па перакананню старажытных грэкаў, ахоўвае чалавека ад ап’янення? Тром камандам на гэтым этапе прыйшлося нялёгка. Чацверты тур – конкурс капітанаў. Знаўцаў трох каманд чакаў раунд пытанняў, на якія патрэбна было адказваць “так” альбо “не”. Пяты тур – на лепшы слоган «Прыдумай дэвіз – прызыў да ЗЛЖ». Дарэчы ў апошнім журы ацэньвала творчы падыход. Камандам патрэбна было крэатыўна падысці да задання і прыдумаць слоганы: верш альбо празаічнае выказванне пра здаровы лад жыцця. У выніку менатвіта пяты тур і дапамог расставіць кропкі над «і» і вызначыць лідара. Не засталіся без заахвочвання і самыя актыўныя гледачы: для іх арганізатары правялі тэматычную віктарыну, за правільныя адказы ў якой самыя актыўныя былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі.
Па выніках гульні пераможцам стала каманда «Імпульс», якая набрала 11 балаў і тым самым апярэдзіла сваіх канкурэнтаў. Каманда «Сіла» – 10 балаў, «Энэргія» – 6. Усе каманды атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.
Паводле слоў псіхолага Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра і па сумяшчальніцтву вядучай «Брэйн-рынгу» Наталлі Хмарэнка, гульня паказала, што навучэнцы каледжа ведаюць аб такім смяротна-небяспечным захворванні як СНІД досыць шмат. Тым не менш, арганізатары пастараліся падчас гульні дапамагчы ўсвядоміць юнакам і дзяўчатам, наколькі важна не толькі добра арыентавацца ў тэарэтычнай інфармацыі, але і заўсёды і ўсюды на практыцы выкарыстоўваць парады па папярэджанні.
– Самая галоўная абарона – гэта бяспечныя, адказныя паводзіны, – кажа спецыяліст. – Таму мы правялі інтэлектуальную гульню ў такой форме, каб хлопцы і дзяўчаты маглі вызначыць, што небяспечна ў іх паводзінах, а што – не. Што можа спрыяць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі. Падлетак павінен свядома зрабіць правільны выбар – за бяспечныя паводзіны!
Дарэчы, у час мерапрыемствам дэманстраваліся відэаролікі і прэзентацыі па праблеме ВІЧ інфекцыі і СНІДу. Навучэнцам і работнікам каледжа на адзенне мацавалася пяцелька, зробленая з чырвонай стужкі, – міжнародны сімвал барацьбы са СНІДам, які ўвасабляе спачуванне, падтрымку і надзею на будучыню без СНІДу. Удзельнікамі акцыі таксама ў гэты дзень раздаваліся буклеты, якія змяшчалі інфармацыю пра адрасы і кантактыя нумары тэлефонаў, куды можна звярнуцца для ананімнага абследавання на ВІЧ, атрымаць кансультацыі спецыялістаў.
Кацярына КАРПІК
Фота аўтара















