Даўгінаўская школа славіцца сваімі добрымі традыцыямі. Адной з іх ужо шмат гадоў запар стала правядзенне прадметных тыдняў, дзякуючы якім вучні збіраюцца разам, каб спасцігнуць новыя таямніцы такіх блізкіх і ў той жа час нязведаных вучэбных прадметаў.
З 16 па 21 лістапада ў нас адбыўся тыдзень навук прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. Кожны дзень быў прысвечаны адной з навук і ўключаў у сябе цікавыя праекты і мерапрыемствы.
Так, у панядзелак прыхільнікаў біялогіі і геаграфіі сабраў міжнародны экалагічны ўрок “Захавальнікі вады”, праведзены настаўніцай Шышла Т.В. па ініцыятыве вядомай кампаніі “PepsiCo” . У аўторак старшакласнікі спасцігалі таямніцы эканомікі з дапамогай усімі намі любімай інфарматыкі і настаўніцы Ільіч А.У.
Для нас, вучняў 5-7 класаў, у сераду настаўніца матэматыкі і наш класны кіраўнік Ляшковіч В. Я. правяла ўсімі любімую гульню “Поле цудаў”. Ігракі круцілі сапраўдны барабан, перадавалі прывітанні родным і сябрам, даведаліся шмат новых тэрмінаў, звязаных з матэматыкай, атрымоўвалі “матэматычныя прызы”… А ў супергульні быў разыграны сертыфікат на дзясятку па матэматыцы! Яго шчаслівым уладальнікам стала вучаніца 7 класа Цюцюннік Вольга.
У чацвер настаўнік Малашэвіч У.Л. разам з вучнямі профільнага 10 класа арганізаваў турнір юных фізікаў. У пятніцу ў школе ўладарыла царыца Хімія. А хімічны брэйн-рынг, праведзены настаўніцай Хасяневіч М.І. для вучняў 8-11 класаў, не пакінуў раўнадушным нікога, бо там кіпелі нежартоўныя “хімічныя страсці”.
І вось нарэшце – школьная субота. У гэты дзень у школу прыйшлі тыя, хто з’яўляецца сапраўдным фанатам прыродазнаўча-матэматычных навук, каб прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Самыя разумныя” па ўсіх названых прадметах. Якіх пытанняў там толькі ні было! І – хвалюючы момант… Тытул “Самыя разумныя” па праву атрымоўваюць вучні 7 класа!
Як хутка праляцелі гэтыя восеньскія дні! Але ўспаміны аб яркіх момантах прадметнага тыдня яшчэ доўга будуць жыць у памяці вучняў і педагогаў нашай школы!
Дзіяна СЕДАЯ, вучаніца 6 класа Даўгінаўскай сярэдняй школы.
Фота прадастаўлена аўтарам



