Многа прафесійных святаў пазначана каляндаром. Толькі адзін з іх мы смела можам назваць усенародным. Гэта дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У вёсцы – карані большасці з нас, бацькоўскія хаты. Там маленькія зярняты ствараюць вялікі лёс вёскі і ўсёй краіны. Яны ўвабралі ў сябе прыродны патэнцыял зямлі, памножаны на людскую працу. Так дзеецца, што існасць некаторых матэрыяльных рэчаў вымяраецца іх унутраным зместам. Хлеб – адна з такіх. Спакон вякоў продкі шанавалі яго як самую дарагую рэліквію, сімвал сялянскага побыту. Загорнуты ў ручнік, пад абразамі, захоўваўся ў хаце свежавыпечаны бохан. І быў неабходнай атрыбутыкай вясковага жыцця, сімвалам людскога дабрабыту і духоўнага здароўя чалавека.
Нездарма тэма вёскі ў розных яе ракурсах нязменна прысутнічае на старонках раёнкі. Яна вымушае нас, журналістаў, крочыць упоравень з тымі, хто стварае набытак вілейскай нівы. Хто радуецца яму так сціпла і непрыкметна, як гэта здольна рабіць адданае працы чалавечае сэрца, успрымае яго ў рэальным зямным кантэксце нават тады, калі звяртаецца да Неба са словамі галоўнай хрысціянскай малітвы: Хлеб наш надзённы дай нам сёння… І адпусці нам правіны нашы».
Сёння зернем той самай ісціны прарастаюць справы чалавечыя, годна здзейсненыя на гэтай зямлі. Аб іх – нашы журналісцкія разважанні, наша імкненне да пасціжэння сэнсу быцця цераз вынік сялянскай працы.
Вось ужо 10 год наша раённая газета рэалізуе спецпраект «Вілейская ніва». Яго першапачатковая задача – асвятленне ходу выканання дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. У полі зроку журналістаў – складанае яе жыццё, з усімі сацыяльнымі, кадравымі, гаспадарчымі праблемамі. Але, дзякуючы ініцыятывам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вёска сёння мае рэальную перспектыву будучага. У выпусках спецпраекта мы адлюстроўваем гэты працэс яе адраджэння з усімі яго станоўчымі і негатыўнымі момантамі. Журналісты раёнкі імкнуцца абуджаць і падтрымліваюць у душах сваіх чытачоў цікавасць да праблем малой радзімы. Да яе ніколі не позна вярнуцца і, страціўшы, можна знайсці зноў.
У межах рэалізацыі праекта газетай устаноўлены прыз «За адданасць полю». Згодна ўмовам, яго атрымоўвае хлебароб, які не абавязкова павінен мець асабістую рэкордную напрацоўку, галоўнае, каб і ў нязвыклых, экстрэмальных прыродных умовах ён праявіў высокую адказнасць за лёс зямлі, каб з году ў год захоўваў ёй вернасць і не разменьваўся на мімаходныя і летуценныя поклічы часу.
Сёлета ўладальнікам прыза «За адданасць полю» стаў механізатар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандр Саўчыц. Гэта ўжо адзінаццаты па ліку наш прызёр.
Адметны і непаўторны каларыт вілейскай нівы. Ён нясе на сябе бачны след перамен, створаных аратымі, сейбітамі, меліяратарамі, корманарыхтоўшчыкамі, працаўнікамі жывёлагадоўчых комплексаў – усімі, хто стварае эканамічны дабрабыт вёскі. Іх справы – невычэрпная тэма для сённяшніх і будучых публікацый раёнкі.
Марыя КУЗАЎКІНА








