Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Іосіф, унук Якуба

Жыццёвым прыкладам для Іосіфа Кавалеўскага заўсёды быў яго дзядуля – Якуб. Сапраўдны гаспадар і майстар на ўсе рукі. На той даўні час меў да ста дрэў у садзе, трымаў моцную гаспадарку, сваімі рукамі майстраваў прыгожыя шафы і іншую тагачасную мэблю для сялянскай хаты, слыў у акрузе ўмельцам рабіць незаменную для вясковых майстрых рэч – калаўроты…

– Як я цяпер разумею, сапраўдны быў гаспадар, моцны, – разважае сёння ўнук, вядомы на Вілейшчыне і не толькі фермер Іосіф Кавалеўскі. – Часта ўзгадваю дзядулю. Выеду поле араць на трактары, а ў вачах – ён вядзе баразёнку, пакрыкваючы на коніка. Альбо еду на аўталаўцы да вяскоўцаў, вязу прадукты і зноў міжволі думаю: а некалі ж дзед па гэтай дарозе вёз на кані ў Ілью прадаваць калаўрот ці шафу…
Відаць, на генным узроўні адчувае Іосіф Сцяпанавіч тую нябачную сувязь са сваім гаспадарлівым продкам і ўсведамляе правільнасць дзеянняў свайго дзядулі-майстра. Да яго жыццёвай навукі прыйшоў праз многа гадоў і ён, унук.
– Працаваў з дзяцінства, яшчэ падлеткам сам гадаваў бычка, каб купіць сабе матацыкл «Усход», – прыгадвае мінулае Іосіф Сцяпанавіч. – Сялянскай працы не баяўся ніколі.
Пасля службы ў арміі яму давялося папрацаваць і на хлебазаводзе, і на дарозе (яго брыгада абслугоўвала ўчастак ад Мядзела да Лукаўца, і тэрыторыя тая была заўсёды ва ўзорным парадку).
– Працаваў, стараўся, а вось сапраўднай задаволенасці неяк не было, – расказваў далей мой суразмоўца. – Адчуваў, што не сваёй справай заняты – душа прасілася да зямлі… І аднойчы я зрабіў свой выбар. Сабраў за сталом сваіх самых блізкіх – маму Аліну Эдуардаўну і жонку Святлану – і сказаў, што хачу стаць фермерам, узяць зямлю. Мяне зразумелі і падтрымалі. І я рызыкнуў – узяў трыццаць гектараў зямлі. Тэхніка такая-сякая ўжо тады была, з часам яе абнаўляў. Сеяў збожжавыя, бульбу, узяўся гадаваць кароў, свіней. Калі ёсць жаданне працаваць, дапамога і падтрымка блізкіх, дык усё атрымаецца – у гэтым я ўпэўнены.
І па сёння побач з сынам яго першая дарадца – мама, якая яшчэ і дапаможа нешта па гаспадарцы, і падкажа, як і што рабіць. Бачыць яна, што сын заняты справай, якую любіць і ведае з маленства, і радуецца за яго. І жонка фермера, Святлана Іванаўна, – і дапамога, і падтрымка, і стымул для яго.
– Памятаю, прыйшоў у водпуск з арміі, – прыгадаў былое Іосіф Сцяпанавіч, – а ў вёсцы – маладзенькая дзяўчына з Рэчыцы ў аптэцы працуе. Прыслалі пасля вучобы адпрацаваць. Прыгожая! Закахаўся адразу. Але ж, бачу, хлопцы каля яе ўвіваюцца. Я тады, вяртаючыся на службу, узяў на памяць яе заколку і сказаў, каб чакала мяне… Прыйшоў з арміі і ўжо нікога не падпусціў да прыгажуні. А праз два гады вяселле згулялі. Жылі трошкі ў маіх бацькоў, затым вырашылі будавацца. Купілі ў людзей добрую хату, перавезлі сюды. Жонка з маленькім сынам дома, а мне, маладому гаспадару, хоць ты плач з гэтай будоўляй. Але дапамаглі сябры, вяскоўцы – талакой усё зрабілі. Тут і выраслі нашы дзеткі – Аляксандр і Таццяна, знайшлі свае жыццёвыя дарогі (сын – міліцыянер, дачка – настаўніца). Абое ўжо стварылі свае сем’і, падарылі нам чатырох унукаў, якія ўлетку любяць бавіць у нас час.
А два гады назад Іосіфу Сцяпанавічу прыйшла ідэя адкрыць у Даўгінаве свой магазін. Якраз і будынак гандлёвай кропкі райспажыўкааперацыі пуставаў. Пасля даволі доўгіх паходаў па кабінетах магазін яму ўсё ж дазволілі адкрыць. І назваў яго проста і даходліва – «У Юзіка», бо менавіта так завуць яго аднавяскоўцы. Сёння ў гэтай краме ёсць усё неабходнае для людзей – ад прадуктаў харчавання да бытавой хіміі. Сюды, дарэчы, сцякаюцца пакупнікі не толькі з Даўгінава, але і з навакольных вёсак.
У дзень майго прыезду за прылаўкам прыветна сустракала ўсіх, хто заходзіў у краму, загадчык Таццяна Савіцкая. Вопытны гандлёвы работнік і неабыякавая жанчына, яна ўмее працаваць з людзьмі, ведае запатрабаванні кожнага.
– Ды і сам я асвоіў гандлёвую справу, – падзяліўся Іосіф Сцяпанавіч. – Купіў аўталаўку і важу зараз тавары па бліжэйшых вёсках. Чакаюць людзі заўсёды з нецярпеннем, як блізкага чалавека. А я з імі яшчэ і пагутару, пра навіны раскажу. Немаладым людзям так патрэбна ўвага…
Мудрымі былі нашы продкі, заўсёды ведалі, што гаварылі. Працавітага чалавека, які не здрадзіў справе бацькоў і роднай зямельцы, звычайна характарызавалі так: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Яскравае пацвярджэнне гэтаму – лёс даўгінаўца Іосіфа Кавалеўскага.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries