Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Зваротная сувязь

Дзякуй. Такое кароценькае і такое звыклае слова. А ў ім — глыбокі сэнс, шчырае пачуццё аднаго чалавека да другога. І няхай сабе не дзеля падзякі робяць людзі добрыя справы, а ўсё ж прыемна пачуць гэта самае кароценькае «дзякуй»…

З вёскі Валоські Касцяневіцкага сельскага Савета прыйшоў ліст ад пастаяннай чытачкі раёнкі Валянціны Станіславаўны Пінчук. Жанчына цёпла піша пра старшыню сельвыканкама Наталлю Шавялёву. «Яна нядаўна заняла гэты пост, хоць ведаем яе даўно як сакратара гэтай установы. За гэты кароткі час Наталля Леанідаўна паспела многа зрабіць для людзей. У нашай невялікай вёсачцы падсыпалі вуліцу, адрамантавалі платы, зрэзалі аварыйныя дрэвы (з-за іх мы многа гадоў звярталіся ў розныя інстанцыі і нам задавалі пытанне: «А грошы на гэта ў вас ёсць?»). А Наталля Леанідаўна змагла вырашыць пытанне. І наогул, з якой праблемай да яе ні звярнуўся б, яна ветліва ўсё растлумачыць і дапаможа». Валянціна Станіславаўна ад імя ўсіх пенсіянераў вёскі падзякавалі старшыні, пажадала ўсяго найлепшага і закончыла словамі: «Мы верым у Вас». Прыемна і ганарова, думаецца, ведаць гэта Наталлі Шавялёвай. Але ж і да многага абавязвае гэтае людское «верым».
З Гомеля ў рэдакцыю патэлефанаваў Уладзімір Зубаў. Вось пра што ён расказаў. Яго васьмідзесяцігадовы сваяк жыве ў вёсцы Клоўсі Рабунскага сельсавета. Адпрацаваў дзядуля ўсё жыццё ў мясцовай гаспадарцы, заслужыў чалавек да сябе ўвагі. Непадалёк ад дома дзядулі стаяў вялізны дуб, які мог бы нарабіць бяды, калі б упаў. Звярнуўся пенсіянер з просьбай зрэзаць дрэва. І так атрымалася, што зрабілі гэта супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі на чале з майстрам Сяргеем Будзько якраз у дзень нараджэння пенсіянера. Так што своеасаблівы падарунак уручылі. Шчыра дзякуе дзядуля за гэту паслугу і жадае ўсім, хто яму дапамог, усяго найлепшага.
Даўно прайшоў Дзень пажылых людзей, а пра яго яшчэ пішуць у рэдакцыю. Вось і на днях прыйшоў ліст ад пенсіянераў вёскі Малявічы. Яны расказалі, як хораша іх павіншавалі супрацоўнікі ДУ «ВТЦСАН». Былі віншаванні, музычныя падарункі, прызы. Асабліва цёпла пенсіянеры напісалі пра загадчыцу аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Дануту Раманоўскую. А завяршылася мерапрыемства, напісана ў лісце, добрым канцэртам, які падрыхтавалі артысты карпавіцкага клуба.
Тры наступныя пытанні, якія паступілі ў рэдакцыю, — з праблемамі. Жанчына, якая патэлефанавала з Ільі, наракала на дрэнныя вокны ў дзіцячым садзіку, маўляў, трэба было б іх памяняць падчас рамонту ў дзіцячай установе. Як растлумачыла загадчыца дзіцячага садка , вокны даведзены да ладу — уцеплены, заменены штапікі. Сістэма ацяплення прамыта, дзеткам цёпла і ўтульна. Замена акон запланавана на бліжэйшую перспектыву.
У рэдакцыю прыйшоў ліст за подпісам жыхароў завулка Гідрабудаўнікоў, д. 16, 16а, 16б, 2б, 2в, 2г, 2д. У пісьме — аб праблемах жыхароў гэтых дамоў з вадой. «У дзённы час вада пастаянна адключаецца… Вечарам, пасля яе падачы, яна брудная, ржавая і не прыдатная да ўжывання». Кіраўнік МПМК-186 Аляксандр Бутэр, да якога я звярнулася з вышэйназваным пытаннем, адзначыў, што, здарылася, ціск вады ў трубах падаў з-за работы раствора-бетоннага вузла. Цяпер жа праведзена прафілактыка воданапорнай вежы, становішча павінна палепшыцца. Аляксандр Віктаравіч адзначыў, што ў апошні час скаргаў на ваду не паступала. З кожным зваротам, які будзе, сказаў ён, абавязкова будзем разбірацца.
Па тэлефоне ў рэдакцыю звярнулася віляйчанка Валянціна Іванова. Жанчыну цікавіць наступнае: ці не плануюць на старых могілках, што на Першамайскай, убраць цэнтральную алею — на ёй ўжо з’явілася некалькі магіл.
— Алея застанецца, — запэўніла майстар ГУП «Вілейская ЖКГ» Людміла Мікляева. — Ніякіх магіл на ёй не будзе. Некалькі гадоў назад з дазволу райвыканкама там было пахаванне, гэта, напэўна і мае на ўвазе жанчына, якая звярнулася ў рэдакцыю.
Такімі былі звароты нашых чытачоў.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries