Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дваццаць гадоў льецца песня

Для Вілейшчыны Год роднай зямлі стаў багатым на юбілейныя падзеі. Напрыканцы кастрычніка народны хор ветэранаў урачыста адзначыў 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. “Песні ў выкананні гэтага калектыву сталі візітнай карткай нашага горада, – заўважыў у віншавальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, – а сам хор з’яўляецца жаданым госцем на ўсіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах”.

Разам з шаноўнымі гасцямі павіншаваць калектыў прыйшлі яго даўнія прыхільнікі, сябры, калегі і юныя таленты. Падчас юбілею ў святочна аформленай зале Палаца культуры былі прадстаўлены стэнды з фотаздымкамі з адлюстраваннем шматлікіх выступленняў калектыву ў розныя гады і на розных пляцоўках. Знайшлося месца для храналагічнай стужкі аб гісторыі стварэння, станаўлення майстэрства народнага хору ветэранаў.
Усё пачыналася у 80-ыя гады, калі ўзнікла неабходнасць стварыць у нашым горадзе мастацкі калектыў, які б аб’яднаў аднадумцаў, улюблёных у мастацтва харавога спеву, а таксама быў бы захавальнікам народнай даўніны і злучаў пакаленні. Тое, што такі калектыў быў створаны, вялікая заслуга Аляксандра Махнача – надзвычай таленавітага чалавека, які змог запаліць сваім энтузіязмам творчых людзей. На працягу дваццаці гадоў ён заставаўся нязменным кіраўніком хору ветэранаў.
У 1990 годзе калектыву было прысвоена званне “народны”. З гэтым статусам і па сённяшні дзень ён неаднаразова станавіўся лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”, дыпламантам Другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, дыпламантам абласнога фестывалю харавога майстэрства “Пеўчае поле”, лаўрэатам Другога Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”. За гэты час артысты паспелі заваяваць вядомасць і любоў гледачоў, як у раёне, так і за яго межамі. Рэпертуар хору шырокі і разнастайны: ён складае больш за 80 твораў. З вялікім натхненнем выконваюцца народныя, лірычныя і патрыятычныя песні. Адметнай асаблівасцю калектыву з’яўляецца тое, што многія творы, якія гучалі са сцэны, напісаны мясцовымі аўтарамі.IMGA0497
І без перабольшвання можна сказаць – хор дзейнічае, захоўваючы назапашаны матэрыял і радуючы багатым рэпертуарам гледачоў, дзякуючы прафесіяналізму, мэтанакіраванасці і духоўнаму патэнцыялу свайго стваральніка і кіраўніка – Аляксандра Махнача. На жаль, яго ўжо няма сярод нас, але памяць аб ім жыве ў песнях, творчай дзейнасці калектыву. І гэты юбілейны кастрычніцкі вечар быў прысвечаны яму.
З усёй адказнасцю падышла да працы новы кіраўнік Зоя Наўрось. А паспяховаму выступленню дапамагае віртуознае валоданне інструментам новага акампаніятара Уладзіміра Науменкава.
За шматлікімі канцэртамі, сустрэчамі і рэпетыцыямі прайшло ўжо 20 год. Рэдка якому з калектываў удаецца на працягу столькіх год жыць так насычана. Вядучай на гэтым мерапрыемстве, роўна як і 20 год таму, на першым канцэрце Народнага хору ветэранаў, была Таццяна Захарыч – дырэктар Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў. З гэтым калектывам яе злучае цеснае сяброўства, любоў і адданасць народнай песні.
Шчыра выканаць народную песню можа толькі чалавек, маючы багаты жыццёвы досвед. А ў калектыве народнага хору ветэранаў сёння спяваюць 25 артыстаў.
IMGA0504Нягледзячы на салідны ўзрост, спяваюць не старэючыя душой ветэраны, нязменныя салісткі: уладальніцы чароўных галасоў Генрыетта Буткевіч, Ірына Ваўковіч і Алена Конанава. Песнямі і артыстызмам вабіць гледачоў Віктар Дубовік. Зоя Наўрось і Лілія Максімава склалі выдатны дуэт, выразна і гарманічна гучыць квартэт (Людміла Кузьміна, Раіса Кіргет, Таіса Таразевіч, Зоя Наўрось). Свой яскравы гумар удала чытае са сцэны выканаўца баек і гумарэсак Аляксей Данільчык. Выступленні любімца публікі Усевалада Шкадзінскага кожны раз выклікаюць шквал апладысментаў. А вядучая ўсіх канцэртных праграм Галіна Капцюг змагла б скласці вартую канкурэнцыю прафесіяналам. Кожны чалавек цікавы ў гэтым калектыве па-свойму. Усе харысты выходзяць на сцэну з добрым настроем, заўсёды прыгожыя, статныя. За творчымі поспехамі бачна адказная праца яго ўдзельнікаў і кіраўнікоў.
Запомніўся гэты юбілейны вечар і віншавальнай эстафетай. Крэатыўныя і неардынарныя падарункі атрымалі ветэраны ад калектываў Вілейскага Палаца культуры: фолк-медыя гурт “Спас” і яго кіраўнік Алеся Супрановіч юбілярам падаравалі сімвалічную зорку, якая стала першая ў распачатай традыцыі стварэння “Вілейскай алеі зорак”, і музычны нумар. Намеснік дырэктара Палаца культуры Алена Холадава, разам з Народным калектывам “Суквецце”, парадавалі ўсіх аптымістычным прадстаўленнем, а песня “Музыка” ў выкананні дзіцячай ўзорнай студыяй “Экспромт” стала прызнаннем хору ў любові. Не абыйшоўся вечар і без Народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія”, які падараваў прэм’еру песні беларускага паэта Васіля Жуковіча “Для Вас”. Прагучалі віншаванні ад шаноўных гасцей – кампазітара і фалькларыста Зінаіды Крупскай, музыканта Уладзіміра Старадуба, галоўнага спецыяліста аддзела культуры Жаны Петух. Свае словы павагі выказалі дырэктар метадычнага цэнтра Тэрэса Закрэўская, дырэктар музея Сяргей Ганчар, былая загадчыца аддзела культуры Крысціна Шымакоўская. Мы таксама далучаемся да віншаванняў, і жадаем кожнаму удзельніку доўгіх гадоў шчаслівага жыцця.
Вольга ШЛЯПО, загадчык аўтаклуба аддзела культуры
Фота Анатоля ЗАНКАВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 183 queries