Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абласны конкурс

Менавіта такую пявучую назву носіць конкурс, які неаднаразова збірае ў Мар`інай Горцы ўзорныя калектывы вобласці. Тут – радзіма Ігара Лучанка, які ўзначальваў журы і з падачы якога гэты конкурс пачаў сваё існаванне.У сёлетнім, дзевятым па ліку, прымалі ўдзел нашы землякі – узорны ансамбль народных інструментаў Вязынскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Як адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Паўлоўскі, названы калектыў быў адноўлены ў новай якасці. З даўніх часоў вядомы як цымбальны аркестр, ён пераўтварыўся ва ўзорны ансамбль, але ганаровага статусу свайго не страціў. У конкурсе «Сымон-музыка», што праходзіў раней у Стоўбцах, вілейскія цымбалісты занялі 2-ое месца. І нездарма ансамбль быў дапушчаны да ўдзелу ў конкурсе «Напеў зямлі маёй», бо ўдзел у ім – таксама своеасаблівы «знак якасці». Па словах Сяргея Фёдаравіча, усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 26 калектываў з адзнакай «узорны». Да ўвагі прысутных былі прадстаўлены самыя разнастайныя жанры – як вакальныя, так і музычныя. З «дастаўкай» такога тонкага і далікатнага інструменту як цымбалы (як і саміх цымбалістаў) да месца правядзення конкурсу дапамог аддзел адукацыі, які выдзеліў аўтобус. Былі пашыты і новыя касцюмы канкурсантам.
– Гран-пры дастаўся прадстаўнікам Капыльшчыны, – падагульняе Сяргей Фёдаравіч, – але хачу адзначыць нашых цымбалістаў, якія вельмі дастойна і, не пабаюся гэтага слова, прафесійна прадставілі нашу Вілейшчыну на вобласці, даказаўшы, што заслугоўваюць свайго звання.
Каб пачуць уражанні, як кажуць, з першых вуснаў, я накіравалася да Людмілы Багіян, што ўдыхнула ў ансамбль новае жыццё (менавіта так характарызаваў яе Сяргей Паўлоўскі). Адразу відаць, што эмоцыі ад мерапрыемства, якое адбылося напярэдадні Дня работнікаў культуры – 9 кастрычніка – у Людмілы Валер`еўны не астылі, і прашу яе падзяліцца ўражаннямі.
– Пачатак мерапрыемству паклала адкрыццё Горада майстроў на пляцоўцы перад Домам культуры. Дарэчы, усіх гасцей сустракаў калектыў Вілейскага Палаца культуры «Суквецце». Далей усе перамясціліся ва ўтульную залу Мар`інагорскага Дома культуры, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё конкурсу «Напеў зямлі маёй». Усіх вітаў міністр культуры Павел Латушка. Таксама ва ўрачыстай частцы прайшло ўзнагароджанне граматамі і падзякамі. Падзяку з рук міністра атрымала і дырэктар Людвіноўскага СДК Лілія Пратасава.
Сам конкурс праходзіў надзвычай дынамічна, і тое, што ўдзельнікі выходзілі згодна сцэнарыю, было толькі на руку і працавала на рэзультат, бо кожны папярэдні калектыў дапаўняў наступны, – і наадварот. Уражанне такое, што ўсё адбывалася ў рэжыме «нон-стоп», і да 15.00 час праляцеў непрыкметна. Пакуль члены журы абмяркоўвалі вартасці ўдзельнікаў, ім ўзнагародай стаў канцэрт, што доўжыўся паўтары гадзіны. Па словах нашых цымбалістаў, ён стаў ім сапраўдным падарункам. Удзельнікі ансамбля мелі магчымасць назіраць канцэрт з залы, падпявалі, танцавалі. І, канечне ж, узялі нешта карыснае для сябе з вопыту іншых.
– Як трымаліся нашы на сцэне? Ведаю, што журы было досыць сур`ёзным, і разгубіцца маглі нават спрактыкаваныя артысты…
– Ніякім чынам не паказалі свайго хвалявання нашы выканаўцы. Тым больш, што на сцэне падчас выступлення разам з імі была непасрэдны кіраўнік ансамбля – Святлана Грыгор`ева. А на суд прысутных і журы імі быў прадстаўлены «Іспанскі танец» Яна Бэла.
Дарэчы, як заўважыла Людміла Багіян, перад самым конкурсам праграма неаднаразова ўскладнялася – аднак усё атрымалася. Сваю «хвіліну славы» і апладысменты цымбалісты атрымалі заслужана. Па словах Святланы Грыгор`евай, для ансамблю гэты конкурс – значная прыступка на шляху яго далейшага станаўлення і развіцця.
Акрамя мікрахвалевай печы нашы цымбалісты везлі дадому добры настрой і новыя ўражанні. І вельмі ж яны прасілі, каб і надалей іх запрашалі на мерапрыемствы такога кшталту, а яны будуць старацца не падвесці. Няхай іх творчы патэнцыял раскрыецца, бо для гэтага патрэбны не толькі спрыяльныя ўмовы, але і жаданне (якое, безумоўна, відавочнае) – астатняе, як кажуць, прыкладзецца.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота прадстаўлена Сяргеем Паўлоўскім

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries