У рамках маштабнай рэспубліканскай акцыі «Твае першыя фінансы» ўжо другі год запар да пачатку новага навучальнага года супрацоўнікі разлікова-касавага цэнтра № 39 у Вілейцы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» – Мінскае абласное ўпраўленне праводзяць урокі фінансавай пісьменнасці для вучняў 5-х класаў школ Вілейшчыны.
На сустрэчы ў СШ №1 для пяцікласнікаў правялі ўрок фінансавай пісьменнасці Сяргей Абрамаў і яго калега Ала Пракаева. Падчас занятку прадстаўнікі банка павіншавалі школьнікаў з пачаткам навучальнага года, падарылі памятныя і, галоўнае, карысныя падарункі. Таксама, дзякуючы прэзентацыі, дзеці даведаліся, што такое банкаўскі ўклад, чаму грошы захоўваюцца ў банку, навошта патрэбен абмен валют, што такое пластыкавая картка і чаму ёй зручна, выгадна і прэстыжна карыстацца. Дзецям распавялі і паказалі тое, што яны ўжо павінны ведаць: якія бываюць банкі і для чаго яны існуюць? Як правільна распарадзіцца грашыма, якія бываюць уклады і крэдыты, якія яны, дзіцячыя пластыкавыя карткі, і многае іншае.
– Рэспубліканская акцыя «Твае першыя фінансы» сёлета набыла яшчэ большы маштаб. Дзякуючы падтрымцы нашага банка, кнігі па фінансавай граматнасці «Твае першыя фінансы» атрымаюць каля 88 тысяч вучняў 5-х класаў па ўсёй Беларусі! У сённяшнім свеце дзецям вельмі важна добра вучыцца, многа чытаць і правільна лічыць, і, вядома, вырасці адукаванымі і пісьменнымі людзьмі. А каб быць яшчэ і паспяховымі ў жыцці, не менш важна ўжо з ранніх гадоў разумець, якую карысць могуць прынесці чалавеку веды ў галіне фінансаў. Кніга «Твае першыя фінансы», якую мы дорым усім вучням 5-х класаў, у займальнай форме раскажа ім пра тое, што такое грашовыя сродкі, банкаўская плацёжная картка, што такое банк, уклад, крэдыт, як правільна распараджацца грашыма, каб не толькі зберагчы іх, але і памножыць, – расказаў начальнік разлікова-касавага цэнтра № 39 у Вілейцы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» – Мінскае абласное ўпраўленне Сяргей Абрамаў.
Расказы пра банкаўскі крэдыт, працэнты, перавод грошай па тэрыторыі Беларусі і за яе межы школьнікамі былі ўспрынятыя досыць сур’ёзна. Затое ў абмеркаванні дзіцячых банкаўскіх пластыкавых картак, у пошуку адрозненняў і падабенстваў банкамата і інфакіёску, у асаблівасцях і тонкасцях працы з сістэмай інтэрнэт-банкінгу рабяты разбіраліся ўжо ўсе дружна і з цікавасцю. І, што не дзіўна, паказалі дастаткова добрыя веды ў гэтых пытаннях.
– Фінансавая адукаванасць дзяцей – гэта ўклад у іх будучыню, і надаваць гэтаму дастатковую ўвагу проста неабходна. Мы спадзяёмся, што вынікам гэтай працы па павышэнню фінансавай адукацыі маладога пакалення стане яшчэ адным крокам на шляху стварэння шчаслівай будучыні нашых дзяцей, а значыць і нашай з вамі, – выказаў упэўненасць Сяргей Уладзіміравіч.
Кацярына КАРПІК. Фота аўтара










